Знайсці свой стыль, або Першая — як аванс

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

Любы творца і мастацтвазнаўца згодзіцца, што персанальная выстаўка — тым больш, калі для мастака яна першая — гэта своеасаблівы “атэстат”, прызнанне ўзроўню творцы, вылучэнне яго з шэрагу іншых. Экспазіцыя, прысвечаная толькі ўласным работам (тут варта адкінуць сарамлівасць і прызнацца шчыра), — мара любога жывапісца. Ператварыць мару ў рэальнасць маладым дапамагае Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. “Знаёмства творчай грамадскасці з новымі імёнамі беларускага выяўленчага мастацтва — адзін з прыярытэтных накірункаў працы нашай галерэі, — кажа загадчык аддзела выставак установы Надзея Зелянко. — Вельмі важна даваць такі аванс мастаку, які знаходзіцца толькі на пачатку творчага шляху. У кожнага творцы павінен быць пэўны стымул”.

 

/i/content/pi/cult/236/3328/8-2.jpgВось і сёння музей адкрывае гледачам новае імя: Аляксандр Камянец. У выстаўках у краіне і за мяжой жывапісец удзельнічае з 1998 года, але займець у скарбонку творчых заваёў персанальную выстаўку яму даводзіцца ўпершыню. Па словах арганізатараў экспазіцыі, рашэнне аб прадастаўленні мастаку залы было аднадушным, таму што аўтар - сапраўды высокапрафесійны мастак, не проста таленавіты, але і сур'ёзны, адказны творца і добры каларыст. Здзіўляе тое, наколькі ўпэўнена і ўсвядомлена жывапісец у свае 28 гадоў прытрымліваецца абранага стылю, у якім ён удала спалучае элементы рэалізму і сімвалізму, часам звяртаючыся і да фармальнай умоўнасці. Усё гэта дазваляе казаць пра Камянца як пра мастака, здольнага да самаразвіцця, да няспыннага пошуку ўласнага творчага "Я".

/i/content/pi/cult/236/3328/8-4.jpgАдметна таксама і тое, што ў наш час, калі новае пакаленне творцаў робіць аблічча мастацтва ўсё больш экспрэсіўным, эпатажным і правакацыйным, Камянец не забываецца і на традыцыі, надаючы вялікае значэнне вопыту класічнай жывапіснай школы. На думку самога Аляксандра, у наш час лічбавых тэхналогій, калі амаль кожны з дапамогай камп'ютэра можа стварыць тую ці іншую работу, каштоўнасць традыцыйнага мастацтва, прытрымліванне жывапісных канонаў і прафесіяналізму ўсведамляюцца асабліва яскрава.