Стыпендыя ад Шарапавай

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

Нашы карэспандэнты наведалі цырымонію ўручэння стыпендый Фонду Марыі Шарапавай, якія прызначаны тром беларускім студэнтам на пяцігадовы курс навучання. Стыпендыятамі сталі першакурсніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Юлія Супічэнка (мастацкі факультэт) і Ірына Леванчукова (факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва), а таксама першакурсніца з БДУ Святлана Вараб’ёва (гуманітарны факультэт). Будучыя творцы ў галіне мастацтваў — выхадцы з раёнаў Беларусі, што пацярпелі ад наступстваў аварыі на ЧАЭС.

 

/i/content/pi/cult/236/3323/6-1.jpgВядомая тэнісістка Марыя Шарапава нарадзілася ў 1987 годзе ў Сібіры, куды яе бацькі пераехалі з Гомеля, ратуючыся ад чарнобыльскай бяды. Раней фонд Марыі Шарапавай ужо ўнёс уклад у памеры 100 тысяч долараў у сем праектаў Праграмы развіцця ААН, скіраваных на дапамогу моладзі з рэгіёнаў Беларусі, Украіны і Расіі, пацярпелых ад чарнобыльскай навалы. Праграма стыпендый была адкрыта ў верасні 2008 года як сумесная ініцыятыва Фонду Марыі Шарапавай і Праграмы развіцця ААН, з якой тэнісістка супрацоўнічае ў якасці пасла добрай волі... Як паведаміў "К" каардынатар інфармацыйнай дзейнасці Праграмы развіцця ААН у Беларусі Уладзіслаў Хількевіч, беларускія стыпендыяты былі абраны Фондам Марыі Шарапавай з ліку прэтэндэнтаў са спіса, падрыхтаванага прадстаўнікамі ВНУ сумесна з Праграмай развіцця ААН і Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Беларусі (каардынатарам рэалізацыі чарнобыльскіх праграм). Пры гэтым, натуральна, браліся пад увагу і такія крытэрыі, як дасягненні ў навучанні і творчыя перспектывы студэнтаў.

Марыя Шарапава вырашыла падтрымліваць адукацыю ў галіне мастацтваў, бо лічыць, што яна цяпер патрабуе асаблівай дапамогі. Як падкрэсліў Уладзіслаў Хількевіч, цягам чатырох гадоў стыпендыі будуць прызначацца штогод тром новым студэнтам. Імя стыпендыяткі з БДУ было агучана ва ўрачыстай універсітэцкай абстаноўцы 17 лістапада - у народны Дзень студэнтаў, а назаўтра вызначыліся і ўладальнікі стыпендыі з Акадэміі мастацтваў. Цырымонія ўручэння стыпендыі адбылася ў Малой зале БДАМ. Юлія Супічэнка і Ірына Леванчукова пасля ўрачыстасцей у адзін голас прызналіся: "Настрой сёння - выключна святочны, але і адказнасць - высокая. Пастараемся апраўдаць тыя надзеі, што ўскладзены на нас у далейшай творчай дзейнасці!" Дарэчы, "К" пісала сёлета пра Юлію Супічэнка - выпускніцу Гомельскага мастацкага вучылішча - пад рубрыкай "Максіма маладых" якраз напярэдадні яе першай персанальнай выстаўкі ў сталіцы. Тады Юлія адзначыла: - Больш за ўсё я хвалююся за тое, што акажуся сам-насам з гледачом... Зрэшты, у 19 гадоў рабіць выстаўку ў любым выпадку няпроста. Спадзяюся, яна стане, па-першае, паказчыкам таго, што я ўмею, а падругое, таго, што яшчэ змагу. Такія вось творчыя пажаданні самой сабе... Дадамо: пажаданні, якія паступова пачынаюць спраўджвацца.

 

На здымку: Ірына Леванчукова і Юлія Супічэнка (чацвёртая і пятая злева) пасля ўрачыстасцей.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"