У фармаце “круглага стала”

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

19 лістапада адбылося пасяджэнне “круглага стала” “Прэмія Саюзнай дзяржавы як сімвал духоўнага адзінства народаў Беларусі і Расіі”.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намінанты на прэмію Саюзнай дзяржавы народны мастак Беларусі, скульптар Леў Гумілеўскі і ягоны сын - мастак, скульптар Сяргей Гумілеўскі, народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў, прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, члены Экспертнага савета па прэміях Саюзнай дзяржавы, пісьменнікі Беларусі і Расіі, творчая інтэлігенцыя дзвюх краін. У сустрэчы прыняў удзел і лаўрэат прэміі за 2005 - 2006 гг., сустаршыня Саюза пісьменнікаў Расіі Станіслаў Куняеў. Як вядома, яшчэ 28 кастрычніка бягучага года Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы адобрыў прапановы Экспертнага савета па прысуджэнні прэмій Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2009 - 2010 гады. Канчатковае рашэнне аб прысуджэнні прэміі будзе прынята Вышэйшым дзяржаўным саветам Саюзнай дзяржавы.
Сімвалічна і тое, што прэмія будзе ўручацца ў 10-годдзе з часу падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. А цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў адбудзецца на XIX Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, старшыні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.