“І вечны бой…”

№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г

У мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” адкрылася выстаўка “І вечны бой…”, прысвечаная памяці заслужанага дзеяча мастацтваў БССР мастака Пятра Дурчына.

Даўняя марапрывесці ў парадак і адрэстаўраваць закінутыя памяшканні казарм ля Холмскіх варот і зрабіць там выставачную залу ў рэшце рэшт ажыццявілася, — адзначыў дырэктар мемарыяльнага комплексу Валерый Губарэнка. — Наша задача заключалася ў тым, каб узнавіць абстаноўку майстэрні Пятра Сідаравіча, які сваёй нястомнай працай і талентам увекавечыў імёны абаронцаў Брэсцкай крэпасці”.

У экспазіцыі — 170 экспанатаў: асабістыя рэчы Дурчына, якія ён завяшчаў музею, — фарбы, пэндзлі, фотаздымкіі 29 жывапісных палотнаў: руіны крапасных казарм, якія захавалі жахлівы подых вайны, замалёўкі гарнізоннай царквы, эцюды, эскізы. Усё прадстаўленае дае ўяўленне аб творчай асобе мастака. Сярод яго работ ёсць серыя партрэтаў, абяднаных тэмай подзвігу салдат і афіцэраў Брэсцкага гарнізона. Сярод іхП.Гаўрылаў, Ф.Жураўлёў, В.Бытко, Н.Сакалоў, А.Натанаў, Р.Абакумава

Цэлая галерэя вобразаў, над якімі мастак працаваў больш за 30 гадоў і стварыў 200 работ. Яму, прайшоўшаму нялёгкімі дарогамі Вялікай Айчыннай, цяжка параненаму ў адным з баёў, вельмі блізкім было ўсё, што звязана з гадамі выпрабавання вайной. Сваю мэту Пётр Дурчын бачыў у тым, каб данесці да нашчадкаў праўду аб тых, хто і не думаў пакідаць свае імёны гісторыі, — проста сумленна выконваў свой воінскі абавязак. Мастак добра ведаў герояў сваіх работ. Падоўгу з імі гутарыў, ездзіў да іх за сотні і тысячы кіламетраў па асабістай ініцыятыве і за ўласны кошт. Невыпадкова яго называлі “крапасным мастаком” і ўкладвалі ў гэтае паняцце дваякі сэнс. Сапраўды, Пётр Сідаравіч, не шкадуючы сіл, маляваў крэпасць і яе абаронцаў удзень і ўноч, як апантаны.
Па ўспамінах Пятра Паўлавіча Кацельнікава, які сустрэў вайну на першым рубяжы Айчыны, у Брэсце, Пётр Дурчын быў надзвычай сціплым і бескарыслівым чалавекам. Сябраваў з пісьменнікам Сяргеем Смірновым. Першым у Беларусі разам са скульптарам Фёдарам Зільбертам у 1957 годзе зрабіў у музеі маштабную дыяраму “Абарона Брэсцкай крэпасці”… На жаль, на цяперашні час засталіся толькі яе фрагменты. Але і тое, што ён пакінуў, па словах заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Пятра Данеліі, уражвае высокім майстэрствам.
Работы Пятра Дурчына дэманстраваліся ў больш чым 20 краінах свету. За графічны цыкл партрэтаў і пейзажаў мастак удастоены срэбранага медаля імя М.Грэкава. 

Алена КАПАЧОВА

Брэст