Кастынг на ролю… Нэмэна

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

Напрыканцы лістапада гледачы тэлеканала “Лад” убачаць новы дакументальны фільм — “Дзіўны свет” (аўтары сцэнарыя — Вера Савіна і Аляксандр Нілаў, рэжысёр — Валерый Гаравой), які прысвечаны нашаму знакамітаму земляку, польскаму музыканту Чэславу Нэмэну.

 

/i/content/pi/cult/236/3317/14-3.jpgВера Юр'еўна - журналіст, трыццаць сем гадоў аддала прафесіі, а з 1990-га піша кінасцэнарыі, па якіх пастаўлена 25 карцін. Дарэчы, толькі сёлета выйшлі дзве яе работы, прысвечаныя рускаму паэту Аляксандру Пушкіну і народнай артыстцы СССР Галіне Макаравай.

 - Усе свае карціны я здымаю таму, што люблю. А тут - асаблівы ракурс. Усё, што звязана з гэтым чалавекам у маім жыцці, - не выпадкова. У 1976-м, на золку сваёй творчай дзейнасці, я была на канцэрце Нэмэна ў мінскім Палацы спорту, пасля брала ў яго інтэрв'ю. Яно, дарэчы, так і не пабачыла свет, аднак сустрэча тая перавярнула маю свядомасць! Я навучылася разумець і цаніць, як і многія іншыя прадстаўнікі майго пакалення, добрую музыку і паэзію. Цяпер жа, наведаўшы яго радзіму - Старыя Васілішкі, што на Шчучыншчыне, - зразумела: фільм - атрымаўся. Шчырая вера ў Бога і любоў да роднага кута - крыніца, якая жывіла ўсё ягонае жыццё...

Стужка апавядае пра гады дзяцінства і сталення Чэслава Выджыцкага, таму творчая група новай студыі дакументальнага кіно Белтэлерадыёкампаніі працавала ў Старых Васілішках. Як кажа Валерый Гаравой, здымаць было няпроста, а манціраваць матэрыял у фармат 26хвіліннага фільма - яшчэ больш складана. Імкнучыся ўзнавіць сцэны з дзяцінства Нэмэна, члены творчай групы дадалі працы і кансультанту стужкі - старшыні Васілішкаўскага сельскага савета Уладзіміру Сянюту:

- Трэба было знайсці хлопчыка, які сыграе Чэслава ў дзяцінстве. Для гэтага правялі сапраўдны кастынг на стадыёне. У выніку на ролю музыканта ў дзяцінстве быў выбраны Дзіма Вашчыла, а Саша Ашмянчук - уладальнік цудоўнага голасу - пагадзіўся спяваць за кадрам. Паколькі Чэслаў любіў "з ветрыкам" пракаціцца на матацыкле, мне давялося, - прыгадвае Уладзімір Сянюта, - аб'ездзіць усе ваколіцы, каб знайсці стары матацыкл "Мінск". І нават старую лодку, на якой ён ездзіў па рацэ, знайшлі...

У фільме прагучаць і ўспаміны васілішкаўцаў, Соф'і Мухляда, Яніны Паўловіч, Веранікі Маркевіч ды іншых, якія асабіста ведалі музыканта.

 Ала БІБІКАВА Гродна

На здымку: Вера Савіна бярэ інтэрв'ю ў Чэслава Нэмэна пасля канцэрта ў Мінску. 1976 г.