Вечарам у музеі

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

Прайшоў амаль месяц як у сталічных музеях па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь стартавала акцыя “Вечар у музеі”. Творчы эксперымент быў аб’яўлены ў кастрычніку— лістападзе. У гэты перыяд адзін раз у тыдзень (па графіку) музеі прадоўжылі рабочы дзень да 21-й гадзіны. За першы месяц установы ў вячэрні час наведалі каля 700 чалавек.

Вячэрняя праграма істотна адрознівалася ад дзённай. Наведвальнікам прапанавалася шмат спецыяльных праграм, сярод якіх - канцэрты беларускіх песень і танцы перыяду Сярэднявечча - у Нацыянальным гістарычным музеі, майстар-класы фольк-, рок-гуртоў, бардаў і музейныя заняткі для моладзі паводле лірыкі Янкі Купалы "Эстэтыка кахання" - у Літаратурным музеі паэта, оперныя спевы і сустрэчы з музыкантамі- у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Да гэтага ж часу прымеркавана адкрыццё новых выставак, такіх, як запамінальная экспазіцыя "Паміж небам і зямлёй" Андрэя Вераб'ёва з элементамі перформанса ў Нацыянальным мастацкім музеі, сумесныя з кінолагамі спецыяльныя праграмы "На службе Айчыне" ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Безумоўна, музеі рупліва рыхтуюцца, каб цікавай была праграма і ў лістападзе. Наведаць сталічныя музеі запрашае Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
* * *
 Асабліва рэзультатыўна прайшла акцыя ў Нацыянальным гістарычным музеі. Тут яна распачалася 14 кастрычніка, а завершыцца 14 снежня. Старшы навуковы супрацоўнік Алена Дражына паведаміла, што творчыя вечары з канцэртамі танцавальных і музычных калектываў мелі даволі вялікі поспех у моладзі. Рэклама ў Інтэрнеце, розных СМІ дазволіла праінфармаваць усіх зацікаўленых у такім спосабе адпачынку. "Калі граматна запоўніць час, то падоўжаны працоўны дзень і для супрацоўнікаў, і для наведвальнікаў праходзіць прадуктыўна і цікава". Дзяржаўны літаратурны мемарыяльны музей Янкі Купалы таксама скіраваў сваю працу, у асноўным, на маладых людзей. Загадчык аддзела культурна-адукацыйнай работы ўстановы Ала Дражына ўпэўнена, што акцыя дазволіла людзям больш часу аддаць на такі адпачынак. А вось у Гасцёўні Уладзіслава Галубка і Музеі гісторыі беларускага кіно, філіялах Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, падоўжаны працоўны дзень - два разы на тыдзень - ужо на працягу двух гадоў. У першай установе людзі цікавяцца лекцыямі пра асобу, у гонар якой яна названа. Другая мае пастаянных наведвальнікаў, што захоплены рэтраспектыўнымі стужкамі, якія нельга ўбачыць у кінатэатрах. Па словах дырэктара Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Зінаіды Кучар, усе значныя падзеі, што праходзяць у гэтай выставачнай зале, адбываюцца ў сераду.