Прэс-старт для конкурсу

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

20 лістапада ў памяшканні рэдакцыі газеты “Культура” ўрачыста адкрыўся прэс-цэнтр Рэспубліканскага конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю”. На яго прэзентацыю былі запрошаны члены арганізацыйнага камітэта конкурсу і прадстаўнікі арганізатараў спаборніцтва, журналісты цэнтральных перыядычных выданняў, TV-каналаў і радыёстанцый.

У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш, прадстаўнікі міністэрстваў інфармацыі і адукацыі краіны, кіраўніцтва Мінскага абласнога і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, цэнтральнага камітэта БРСМ, ВНУ і тэлекампаній. На прэс-канферэнцыі з гэтай нагоды былі прадэманстраваны тэлевізійны рэкламны ролік і ўзоры друкаванай прадукцыі з эмблемай конкурсу, з якой мы сёння знаёмім і чытачоў - маладая частка якіх з'яўляецца патэнцыйнымі ўдзельнікамі творчага спаборніцтва. Падрабязны рэпартаж пра гэтае мерапрыемства чытайце ў наступным нумары нашай газеты. Рады паведаміць чытачам і пра тое, што на інтэрнет-сайце РВУ "Культура і мастацтва" (www.kimpress.by) на спецыяльнай старонцы можна знайсці ўсю самую апошнюю інфармацыю пра ход правядзення конкурсу, запампаваць заяўку ўдзельніка, а таксама скарыстацца іншымі афіцыйнымі дакументамі і інфармацыйнымі паведамленнямі.