— У апошнія гады, — растлумачыў задуму мастацкі кіраўнік фестывалю і Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, народны артыст краіны, прафесар Міхаіл Фінберг, — наша духавое выканальніцтва зрабіла значны крок наперад, асабліва музыканты на драўляных духавых інструментах. Сярод выхаванцаў заслужанага артыста рэспублікі, доктара мастацтвазнаўства, прафесара Барыса Нічкова і заслужанага дзеяча мастацтваў, доктара культуралогіі, прафесара Уладзіміра Скараходава, якія з’яўляюцца навукова-творчымі кіраўнікамі асамблеі, што ні вучань — то лаўрэат таго ці іншага конкурсу, уключаючы самыя прэстыжныя міжнародныя форумы. Таму ўзнікла ідэя падсумаваць нашы здабыткі ў гэтай галіне, запрасіўшы лепшых маладых музыкантаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Асамблея будзе ўключаць навуковыя даклады, прысвечаныя музычнай культуры Беларусі і гісторыі айчыннага духавога выканальніцтва (яны ў пэўнай меры заменяць традыцыйную навуковую канферэнцыю, што звычайна ладзілася ў Нясвіжы), а таксама канцэртныя выступленні.— Акрамя Ансамбля салістаў на драўляных духавых інструментах, — дадаў Б.Нічкоў, — на асамблеі выступяць лаўрэаты міжнародных конкурсаў, сярод якіх — Таццяна Кармазінава, Яўген Шымановіч, Іван Філіпаў, Дзмітрый Ярацэвіч, Аляксандр Карабаеў, Аляксандр Пулянкоў і іншыя.
У выкананні камерных калектываў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі будзе гучаць музыка пяці апошніх стагоддзяў.
Асобны канцэрт будзе прысвечаны беларускай музычнай класіцы ХХ стагоддзя. Завяршэннем свята стане канцэрт “Класіка і джаз — лепшае” з удзелам Біг-бэнда і Дзяржаўнага камернага хору Беларусі на чале з Наталляй Міхайлавай.
Адкрые ж фестываль, паводле традыцыі, Мельпамена: нясвіжцы ўбачаць спектакль Мінскага абласнога драматычнага тэатра “На другі дзень Сёмухі” паводле купалаўскіх “Прымакоў”.
Н.Б.