Інфармацыйны старт конкурсу

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

20 лістапада ў рэдакцыі газеты “Культура” ўрачыста адкрыўся прэс-цэнтр Рэспубліканскага конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю”. Прэзентацыю наведалі члены арганізацыйнага камітэта і прадстаўнікі арганізатараў. Мерапрыемства выклікала вялікую цікавасць сярод рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі. Яго наведалі журналісты электронных і друкаваных СМІ, карэспандэнт Беларускага тэлеграфнага агенцтва.

 

/i/content/pi/cult/235/3309/espres.jpg З прывітальнымі словамі ў адрас прысутных і ўдзельнікаў Конкурсу, а таксама асноўнай інфармацыяй аб правядзенні конкурсу "Зорка ўзышла над Беларуссю"  выступілі намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш, першы сакратар цэнтральнага камітэту ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" Юрый Крывадубскі. Начальнік упраўлення электронных СМІ Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Генадзь Курбека і начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі краіны Ірэна Дыль растлумачылі прадстаўнікам СМІ, якім чынам гэтыя ўладныя інстытуты садзейнічаюць правядзенню конкурсу. Рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Рычард Смольскі і дэкан факультэта музычнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Вячаслаў Бартноўскі распавялі пра той пазітыўны ўплыў, які акажа, на іх думку, конкурс на творчую моладзь краіны. Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Руслан Сафонаў і намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Святлана Баранок праінфармавалі прысутных аб ходзе правядзення першага этапу конкурсу ў сталіцы і сталічным рэгіёне. Да  размовы далучыліся намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" Павел Каранеўскі і дырэктар Дырэкцыі музычных і забаўляльных праграм Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Дзяніс Шпітальнікаў, якія паведамілі, як тэлевізійныя каналы  маюць намер асвятляць усе конкурсныя этапы.

На прэс-канферэнцыі з гэтай нагоды былі прадэманстраваны тэлевізійны рэкламны ролік і ўзоры друкаванай прадукцыі з эмблемай фестывалю. Завяршылася прэс-канферэнцыя адказамі на пытанні журналістаў рэспубліканскіх СМІ. Падрабязны рэпартаж пра гэтае мерапрыемства чытайце ў нумары газеты "Культура".

Рады паведаміць чытачам і пра тое, што на інтэрнет-сайце РВУ "Культура і мастацтва" (www.kimpress.by) на спецыяльнай старонцы можна знайсці ўсю самую апошнюю інфармацыю пра ход правядзення конкурсу, запампаваць заяўку ўдзельніка, а таксама скарыстацца іншымі афіцыйнымі дакументамі і інфармацыйнымі паведамленнямі.