Зрэз святла ды ценю

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

Акрамя конкурсных паказаў фільмаў, на XVI Міжнародным кінафестывалі “Лістапад” запланаваны і шэраг іншых мерапрыемстваў.

 

/i/content/pi/cult/235/3308/13-4.jpgУ Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пройдуць пазаконкурсныя паказы кінафільмаў і мультфільмаў фестывалю. А 15 лістапада а 18-й тут адбудзецца і Вечар памяці Васілія Шукшына, прысвечаны 80годдзю з дня нараджэння вядомага артыста, пісьменніка і рэжысёра. У вечарыне чакаецца ўдзел народнай артысткі Расіі Лідзіі Федасеевай-Шукшыной. У сталічным Доме кіно з 15 па 20 лістапада ў рамках конкурснай праграмы будуць паказаны 17 ігравых фільмаў. А 21 лістапада, тут жа, будзе дэманстравацца і фільм-пераможца. Як распавёў "К" галоўны рэжысёр Дома кіно Аляксандр Богдан, перад паказам конкурсных фільмаў мяркуюцца сустрэчы з іх аўтарамі: рэжысёрамі, прадзюсерамі або выканаўцамі галоўных роляў. А 15 лістапада а 16-й гадзіне ў Доме кіно ўрачыста адкрыецца выстаўка вядомага фатографа, загадчыка аддзела фотаілюстрацый газеты "Культура" Юрыя Іванова пад назвай "Сярод святла і цемры тонкай лініяй жыццё ("Паміж белым і чорным")". Тут будуць прадстаўлены 14 фатаграфічных "вітражоў" памерам 3 на 1,5 метра, на якіх адной прасторай аб'яднаны дзесяткі работ рознай тэматыкі, у тым ліку і адзін па тэме беларускага кіно. Будні і вытворчая база студыі "Беларусьфільм", беларускія акцёры ў працэсе здымак - усё гэта можна будзе пабачыць у Доме кіно. - Мы палічылі, што гэтая выстаўка будзе годна прадстаўляць гасцям "Лістапада" нашу краіну,- кажа Аляксандр Богдан, - бо на ёй паказаны своеасаблівы зрэз беларускага жыцця. 

Адзін з"кінавітражоў" з выстаўкі Юрыя ІВАНОВА.  

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"