Філіял FIPRESCI

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

У кулуарах журы кінапрэсы называюць “беларускім філіялам FIPRESCI” — Міжнароднай федэрацыі кінематаграфіі прэсы. Насамрэч, айчыннаму фестывалю ёсць чым ганарыцца: далёка не на ўсіх, нават міжнародных, кінафорумах працуе такая структура. Сёлета яе старшынёй, ужо шосты раз, стала Людміла Перагудава, галоўны рэдактар часопіса “На экранах” — старэйшага ў Беларусі спецыялізаванага выдання па кіно.

"Лістапад-2009" багаты на рэформы і наватарствы: сёлета з'явяцца так званыя прэс-паказы, якія завяршаюцца сеансам у 15.30. Таму пасля ў журы будзе дастаткова часу, каб абмеркаваць адгледжанае. Апошні ж сеанс пачынаецца а 21-й, і ў мінулыя гады журы кінапрэсы мусіла хадзіць на гэтыя познія прагляды і прафесійнае абмеркаванне зацягвалася да глыбокай ночы. У склад журы кінапрэсы ўвайшлі 8 чалавек. Сярод іх - Ірына Свірко ("Рэспубліка"), Сяргей Маліноўскі ("Антэна"), Ірына Завадская ("СБ. Беларусь сегодня")? Антон Сідарэнка ("Культура"), кінааналітык Ігар Сукманаў, які, у якасці арганізатара паказаў арт-хауснага кіно ў межах праекта "Каннаманія", па меркаванні Людмілы Перагудавай, павінен прыўнесці ў працу журы крыху арт-хауснага светапогляду. "Дэбютантка" ў журы - Ларыса Цімошык ("Звязда"). Навуковы падыход прадставяць кандыдат мастацтвазнаўства, загадчык аддзела кінаі тэлемастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі Антаніна Карпілава. Журы кінапрэсы за 16 гадоў стала своеасаблівай школай кінажурналістыкі і кінакрытыкі. Некалі тут дэбютаваўшы, многія журналісты станавіліся вядомымі. Шмат выпускнікоў сённяшняга Інстытута журналістыкі БДУ працавалі ў журы кінапрэсы, натхнёныя і навучаныя пачынальніцай беларускай кінакрытыкі, доктарам філалагічных навук, прафесарам, заслужаным дзеячам навукі Беларусі Ефрасінняй Бондаравай.
Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ