“Брыгада…” — гэта пра сяброў

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

Багатую палітру дакументальных фільмаў ужо трэці год запар прадстаўляе “Лістапад” у межах спецыяльнай конкурснай праграмы. На XVI кінафестывалі такія стужкі будуць дэманстравацца ў залах “Цэнтр-відэа”, шмат цікавых айчынных і замежных карцін можна будзе пабачыць і па-за спаборніцтвам у Музеі кіно, кінатэатры “Цэнтральны” ды іншых месцах. З беларускіх стужак у конкурсе будуць удзельнічаць два фільмы, шэсць — па-за ім.

Мэтазгоднасць існавання асобнага конкурсу дакументальных фільмаў ужо даказана. Дырэктар праграм дакументальнага кіно "Лістапада" Ірына Дзям'янава сцвярджае, што ў іх ужо існуе свой глядач і такія стужкі - запатрабаваныя: - Паказ дакументалістыкі - гэта буйная культурная акцыя, якая патрэбна і звычайным гледачам, і тым, хто пачынае або працягвае работу ў кінематаграфіі, і людзям, што цікавяцца пытаннямі культуры ды гісторыі. Дакументальнае кіно сёння мала дзе дэманструецца, і фестываль робіць свой унёсак у своеасаблівае "акультурванне" гараджан. Вельмі добра, што любы ахвотны можа паглядзець знакамітыя работы, якія заваявалі высокія ўзнагароды на іншых фестывалях. Хацелася б, каб большая колькасць людзей магла іх пабачыць, каб іншыя залы таксама знаёмілі публіку з дакументальным кіно.

Пачаць жа разумець яго не так проста... Што да геаграфіі праграмы, то яна надзвычай шырокая. У ёй - акрамя айчынных, 25 фільмаў з Германіі, Індыі, Пакістана, Расіі, Сербіі, Арменіі, Венгрыі, Філіпінаў, Бельгіі, Францыі, Украіны, Нідэрландаў, Ізраіля, Кітая, Фінляндыі, Польшчы, ЗША, Літвы, Харватыі ды іншых дзяржаў. Удзельнічаць у конкурсе дакументальных фільмаў аб Беларусі будуць стужкі Міхаіла Жданоўскага "Вечнае вяртанне" і Сяргея Кацьера "Брыгада, або За чыстую пятніцу". Першая апавядае пра невялікую царкву ў вёсцы Сынкавічы і яе святара. Другая ж звяртае ўвагу на важнасць добрых сяброўскіх адносін паміж людзьмі, падтрымку адно аднаго. Ацэньваць фільмы будзе прафесійнае журы на чале з заслужаным дзеячам мастацтваў Расіі Аляксеем Паграбным, вядомым рэжысёрам-дакументалістам, уладальнікам вялікай колькасці ўзнагарод. Ён прыедзе на кінафестываль упершыню. У складзе журы - старшыняГільдыі кінарэжысёраў Азербайджана Гусейн Мехдзіеў, віцэ-прэзідэнт кінафестывалю "Залаты Віцязь", сербскі кінадраматург Йован Маркавіч, вядомы кінакрытык з Санкт-Пецярбурга Аляксандра Тучынская.