Кіно, а не тэлебачанне
- Нашы стужкі адметныя не тэхнікай, з дапамогай якой яны ствараюцца,- упэўнена галоўны рэдактар РУП "Белвідэацэнтр" Вера Ганчарова, - а сваім мастацкім узроўнем. Мы падыходзім да кожнай стужкі як да асобнага мастацкага твора. Спачатку склікаем мастацкі савет, абмяркоўваем будучую работу, калі трэба- дапамагаем аўтарам. На жаль, сучасныя тэлевізійныя стандарты амаль не пакідаюць прасторы для творчасці. Тыя "дакументальныя" стужкі, што акупіравалі эфір тэлеканалаў, цяжка назваць кінематографам. Яны ствараюцца па журналісцкіх законах, галоўным для іх аўтараў становіцца інфармацыйнае насычэнне кадра. Рэжысёры, аператары "Белвідэацэнтра" намагаюцца рабіць свае творы зусім па іншым прынцыпе, са стварэннем глыбокіх візуальных вобразаў, што прыдатна найперш для вялікага экрана. Гэтым, дарэчы, і адрозніваецца дакументальнае кінамастацтва ад той жа тэлежурналістыкі. Сапраўды, большасць з амаль 600 стужак і відэаролікаў, зробленых на "Белвідэацэнтры" за час яго існавання, маюць высокі мастацкі ўзровень і культурную каштоўнасць. Пацвярджэннем гэтаму - каля 130 прызоў міжнародных фестываляў, з якіх 90 - замежныя. Прадпрыемства тройчы ўганароўвалася спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за высокія дасягненні ў галіне кіно і тэлебачання. Сярод прадукцыі "Белвідэацэнтра" ёсць сапраўды унікальныя рэчы - кшталту стужак рэжысёра-натураліста Ігара Бышнёва, якія, апроч мастацкай якасці, з'яўляюцца яшчэ і каштоўнымі навуковымі дапаможнікамі. "20 год. Афган. Трафеі", "Канстытуцыя маёй краіны", "Лісты з той вайны", "Васіль Корж. Урокі жыцця" - гэта назвы сёлетніх стужак студыі. Жанры - розныя, падыход - адзін: сур'ёзны, глыбокі, прафесійны. Як і людзі, якія над імі працуюць: большасць - выпускнікі ВГИКа, іншых творчых і тэхнічных навучальных устаноў. - "Белвідэацэнтр" займае сваю нішу,- упэўнена кандыдат мастацтвазнаўства, кіназнаўца Антаніна Карпілава, загадчык аддзела кіна-, відэамастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук РэспублікіБеларусь. - Створаныя тут стужкі адрозніваюцца вялікім спектрам тэм і накірункаў. Менавіта на "Белвідэацэнтры" апошнім часам зроблены самыя цікавыя творы пра духоўную і матэрыяльную культуру рэспублікі.
Кадры для кадраў
Але быць цалкам задаволенымі супрацоўнікам "Белвідэацэнтра" не даводзіцца. - Пад уплывам тэлестандартаў поле для высокамастацкай дакументалістыкі ўвесь час памяншаецца, - лічыць галоўны рэжысёр студыі, кіраўнік мастацкага савета "Белвідэацэнтра" Аляксандр Карпаў. - Цяпер вельмі цяжка знайсці спецыялістаў, якія цалкам разумеюць, як трэба здымаць для вялікага экрана. Нават вопытныя рэжысёры, папрацаваўшы на тэлебачанні, прыходзяць да нас са старонкамі гатовага тэксту, спадзеючыся падагнаць пад апошні візуальны рад. Што казаць пра моладзь! Калі рэжысёраў для пастановак знайсці яшчэ можна, то з якасна падрыхтаванымі аператарамі, гукааператарамі значна цяжэй. Зусім кепска са сцэнарыстамі: іх у нашай краіне проста не рыхтуюць. Пытанне з кадрамі для "Белвідэацэнтра" ці не самае балючае яшчэ і таму, што сваіх штатных творцаў тут няма: аўтарскі калектыў набіраецца спецыяльна амаль для кожнай карціны. У апошні час дэфіцыт спецыялістаў набыў такія маштабы, што "Белвідэацэнтр" гатовы прымаць людзей "з вуліцы", - канешне, пры ўмове, што тыя прыйдуць з цікавымі, незвычайнымі ідэямі. - Адсутнасць штатных аўтараў, разам з тым, мае і свае перавагі, - мяркуе намеснік дырэктара РУП "Белвідэацэнтр" Вольга Кумыкова. - Кожны асобны праект затое мае сваё ўласнае аблічча, стыль, які яму надае запрошаны рэжысёр або сцэнарыст. А для нашай арганізацыі, што працуе па вялікай колькасці тэматычных напрамкаў і арганізавана па сучасным прынцыпе прадзюсерскага цэнтра, такая стылёвая разнастайнасць - абавязковая ўмова існавання. Адсутнасць пастаяннага штату садзейнічае і сабекошту прадукцыі. Эканамічная эфектыўнасць - умова выжывання ў складаных рынкавых адносінах. На жаль, з апошнім у галіны дакументалістыкі - праблемы. Каб выглядаць годна, трэба ісці ў нагу з тэхнічным прагрэсам, увесь час абнаўляць здымачную і мантажную апаратуру.
Дакументальная эканоміка
Асноўны рынак для дакументалістаў на сённяшні дзень - тэлебачанне. Але айчынныя каналы не могуць прапанаваць вытворцам больш-менш значныя грошы. Што да замежных кампаній, то іх умовы вельмі жорсткія. - Для расійскіх тэлеканалаў, якія маглі б быць нашымі патэнцыйнымі пакупнікамі, беларуская тэматыка амаль не цікавая. У іх - свае стандарты, што патрабуюць абавязковай "сенсацыйнасці", нейкіх "смажаных" фактаў - адным словам, хваравітай "жоўтай" журналістыкі, а не кіно, - лічыць Вольга Кумыкова. - Самае плённае супрацоўніцтва ў нас было ў свой час з расійскім каналам "Культура". У нас ёсць шматлікія кантакты з еўрапейскімі вяшчальнымі структурамі, у тым ліку такімі ўплывовымі, як ВВС, цяпер прапрацоўваем магчымасць сумеснага праекта з франка-нямецкім каналам. Толькі значных вынікаў ад гэтых кантактаў адразу чакаць не трэба: у замежнікаў - свае правілы. Напрыклад, супрацоўніцтва з вядомым каналам "Discоvery" так і не адбылося, бо гэтая вялікая кампанія карыстаецца сваёй тэхнікай, здымачнай групай і г. д. Адзінае, што мы можам зрабіць пры такіх умовах, - дапамагчы з арганізацыяй саміх здымак. Яшчэ адзін рынак для прадукцыі "Белвідэацэнтра" - кінапракатныя ўстановы. І тут гэтая студыя - безумоўны лідэр дакументальных праграм у кінатэатрах нашай краіны: яе прадукцыя - 80% адпаведнага рэпертуару. А што да так званых "кінаперасовак", якія на сённяшні дзень практычна цалкам перайшлі на відэапраектары, то тут альтэрнатывы "Белвідэацэнтру" наогул няма. Вялікую цікавасць да пэўнай прадукцыі студыі (збольшага сацыяльнай накіраванасці) выказваюць і расійскія кінапракатныя ўстановы. Але ім патрэбны фільмакопіі на плёнцы, а прадукцыя "Белвідэацэнтра" знаходзіць спажыўца, у асноўным, праз DVD-дыскі. Дарэчы, пра дыскі. Адчуваецца, што ўстанова ўсур'ёз ўзялася за іх распаўсюджванне: цяпер іх можна ўбачыць і ў адпаведных крамах, і ў кніжных аддзелах, і ў дробных гандляроў. Можна купіць DVD і непасрэдна ў будынку самой арганізацыі, прычым у гледача ёсць магчымасць запісаць некалькі стужак, напрыклад, адпаведнай тэматыкі, на адзін дыск, але за тую ж цану. Дарэчы, вельмі дэмакратычную, якая нават ніжэйшая за кошт "пірацкіх" дыскаў з галівудскімі стужкамі. (На "Беларусьфільме" паслуга запісу на дыскі складае астранамічную ў параўнанні з гэтым суму.) Не дзіва, што дыскі "Белвідэацэнтра" сапраўды карыстаюцца попытам, іх набываюць як арганізацыі, напрыклад, раённыя аддзелы культуры, бібліятэкі, так і прыватныя асобы. За свой кошт у якасці вучэбных дапаможнікаў купляюць стужкі "Белвідэацэнтра" настаўнікі. На жаль, цэнтралізаваных закупак з боку ўстаноў адукацыі пакуль не вядзецца. Але попыт расце: толькі за восем месяцаў бягучага года студыя прадала каля 16 тысяч копій сваёй прадукцыі агульным коштам 121 млн. рублёў, а за ўвесь мінулы год было атрымана каля 75 млн.
Дзве студыі - добра, а канкурэнцыя - яшчэ лепш
- Канцэпцыя развіцця айчыннага кіно да 2014 года, адобраная Кіраўніком дзяржавы, прадугледжвае стварэнне высокаканкурэнтнага асяродка для вытворцаў кіна-, відэапрадукцыі, - упэўнены намеснік дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Андрэй Бычкоў, нядаўні кінапракатчык і колішні кіраўнік "Белвідэацэнтра". - Гэтай мэце "Белвідэацэнтр" адпавядае цалкам. Установа мае перавагі над больш буйнымі студыямі праз сваю мабільнасць, невялікія памеры, якія садзейнічаюць меншаму сабекошту прадукцыі. Вельмі важна і тое, што ў "Белвідэацэнтра" ёсць вопыт выканання важных заказаў у межах дзяржаўных праграм. На сённяшні дзень менавіта гэтая студыя займаецца стварэннем візуальнага летапісу культурнага жыцця нашай краіны. Можна быць упэўненым, што ўстанова выканае дзяржаўнае заданне вялікай ступені складанасці. Напрыклад, відэарад для беларускіх павільёнаў на розных міжнародных мерапрыемствах, у тым ліку для Сусветнай выстаўкі ў Шанхаі, стварае "Белвідэацэнтр". Жорсткія рынкавыя ўмовы існавання прымушаюць выходзіць да канчатковага спажыўца наўпрост, выпускаць прадукцыю той формы, якая можа карыстацца попытам. Сярод тэм стужак, што ўбачаць свет у наступным годзе, ці не галоўная - культурная. Сумесна з вядучымі музейнымі ўстановамі краіны "Белвідэацэнтр" рыхтуецца да вытворчасці прэзентацыйных стужак, якія можна будзе выкарыстаць, у тым ліку, і ў якасці турыстычных даведнікаў. У першых шэрагах - музейныя ўстановы сталіцы, а потым, абяцаюць на студыі, прыйдзе чарга і рэгіянальных. Працягваецца праца над стужкамі пра гістарычных славутасцей, знакавыя мясціны. У планах- шэраг фільмаў-партрэтаў дзеячаў айчыннай культуры і мастацтва, унікальнай абяцае стаць дзіцячая відэаэнцыклапедыя жывёльнага і расліннага свету нашай краіны. Аднак імгненнага эканамічнага эфекту чакаць не даводзіцца: сабекошт якаснай відэавытворчасці застаецца ўсё роўна высокім. З іншага боку, хто ведае, колькі будуць гатовы заплаціць нашы нашчадкі, каб на свае вочы пабачыць, як выглядала Беларусь на пачатку ХХІ стагоддзя?