“Выхад у горад” на “Інсайт”

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

Апошнія стужкі, “Беларусьфільма” і, у прыватнасці, фільм Рэнаты ГРЫЦКОВАЙ “Інсайт”, — сапраўды могуць прэтэндаваць на сур’ёзную ўвагу як з боку гледачоў, так і прафесіяналаў. Апошняя работа, знятая класікам беларускай аператарскай школы Таццянай Логінавай, паспела атрымаць з часу першага паказу шмат водгукаў. Рэжысёр паразважала з нашым карэспандэнтам не толькі пра сваё кіно.

 

/i/content/pi/cult/235/3300/11-3.jpg- Раней вы здымалі пераважна стужкі для дзяцей. Першы крок у кіно "для дарослых" атрымаўся вельмі сур'ёзным. Чаму вы абралі менавіта жанр псіхалагічнай драмы?

 - Хацелася зрабіць нешта новае, незвычайнае для сябе. "Экшн" сам па сабе мяне не цікавіць, магчыма, - толькі як фон для нейкіх падзей. Цікавіць тое, што адбываецца ўнутры чалавека, а не адны толькі знешнія абставіны. Таму драма абавязкова прысутнічае ў кіно.

 - Існуе меркаванне, што кіно, асабліва- у часы эканамічных цяжкасцей, павінна быць, у асноўным, лёгкім, забаўляльным...

- У ідэале, у арсенале "Беларусьфільма" павінны быць прадстаўлены ўсе жанры. Дарэчы, тэхнічнае пераўзбраенне студыі заканчваецца, і ўсе ўмовы для шырокай палітры, фактычна, створаны. Што да рознабаковасці твораў, то павінна быць і "камерцыйнае" кіно, разлічанае, у першую чаргу, на касавы поспех, максімальную колькасць гледачоў, і нешта камернае. Безумоўна, у Беларусі павінназдымацца кіно на ваенную тэму, бо ў нашых спецыялістаў ёсць вялікі вопыт. Цяпер вельмі запатрабаваны меладрамы - іх трэба абавязкова рабіць, - камедыі, серыялы... Патрэбна ўсё!

- У "Інсайце" вы ўпершыню працавалі з вядомымі акцёрамі. Ці проста было з Багданам Ступкам і Ірынай Разанавай? Вядома, што замежныя акцёры па зразумелых прычынах праводзяць на здымачнай пляцоўцы ў Мінску няшмат часу.

- Працаваць з імі было вельмі адказна і спачатку нават боязна. Але мегазоркі аказаліся мегапрафесіяналамі, што вельмі цэняць і свой, і чужы працоўны час і не капрызяць, не ставяць нейкія невыканальныя ўмовы. Мне вельмі спадабалася быць побач з такімі асобамі, як Ступка і Разанава! Тэрытарыяльна Беларусь - не такая вялікая краіна, і патрэбных акцёраў на гэтыя ролі проста не атрымалася знайсці. Але ў выніку мы стварылі нейкі "ўсходнеславянскі кангламерат", чым вельмі задаволены. Сапраўды, часу заглыбіцца ў ролю, стварыць репетыцыйную аснову ў нас было няшмат. Але мы стараліся выкарыстоўваць кожную хвіліну: гарталі сцэнарый паралельна з падборам касцюмаў, мадэліравалі сітуацыі. Здымкі, як гэта і бывае, праходзілі не ў храналагічным парадку, што стварала дадатковыя складанасці. Але якімі падрыхтаванымі з'яўляліся Разанава і Ступка на пляцоўцы! Было відаць, як яны перад здымкамі прапрацоўвалі характары сваіх герояў.

- Сучасныя наведвальнікі кінатэатраў - переважна моладзь, якой не даспадобы "ціхія", "камерныя" гісторыі, а больш сталая аўдыторыя аддае перавагу экрану малому, тэлевізійнаму... На якога гледача разлічана ваша стужка?

- На таго, хто мае пэўны жыццёвы вопыт і можа ацаніць псіхалагічныя абставіны, у якіх апынуліся нашы героі. Шырокага кінапракату пакуль не было, "Інсайт" паказвалі толькі на фестывалях. Але праблема аўдыторыі існуе, і тычыцца яна не толькі нас, стваральнікаў і кінапракатчыкаў, але і прэсы - усіх тых, хто займаецца кінематографам. Калі людзі выходзяць з залы, яны гавораць пра "Інсайт" толькі самае добрае. На фестывалі ў Бярдзянску паказ некалькі разоў спыняўся, стужку так і не паказалі да канца: да мяне падыходзілі людзі, пыталіся, ці можна здабыць дыск, даглядзець... Цікаўнасць з'яўляецца, калі глядач ужо ў зале, але каб ён туды трапіў, трэба нашмат больш рэкламы і намаганняў пракатчыкаў. Упэўнена: пракатны патэнцыял у "Інсайта" ёсць! Здымалася карціна на кінаплёнку, таму трэба змагацца за тое, каб яе ўбачылі ў кінатэатрах. Дарэчы, на "Інсайце" працавалі цудоўны кампазітар Віктар Капыцько і гукааператар Яўген Рагозін. А іхнюю работу магчыма ацаніць толькі ў адпаведных умовах гуку "долбі".

- Тэхналогіі не стаяць на месцы, у тым ліку ў кіно. Шмат хто кажа, што кінамастацтва ў класічным выглядзе ўжо не існуе, бо сучаснік часцей глядзіць стужкі дома паасобку, а не разам у вялікай зале. Можа, такія драмы, як "Інсайт", і трэба перажываць сам-насам са сваімі ўражаннямі?

- Кіно не абавязкова глядзець у вялікіх аўдыторыях: дастаткова невялічкай залы сучаснага мультыплексу на некалькі дзесяткаў чалавек. Але абавязкова павінен быць нейкі "выхад у горад". Прагляд павінен быць падзеяй, яму нішто не павінна перашкаджаць. І, як можна заўважыць, глядач у кінатэатры вяртаецца...

 - І яшчэ адно пытанне: цікава, як, на вашу думку, беларускі нацыянальны характар можна найлепшым чынам паказаць на экране?

 - Лепшы прыклад тут - драматургія Аляксея Дударава, "Радавыя", "Белыя Росы". Гэты творца абраў верны шлях: дакладны, інтуітыўны, генетычны, гістарычны. У гэтым - моц нашай драматургіі ў раскрыцці нацыянальнага характару...

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА