Дык хто ж маляваў Завоссе?

№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г

У “Культуры” № 13 была з наўмыснай памылкай надрукавана нататка “Якое Завоссе бачыў Адам Міцкевіч?”, прысвечаная таленавітаму жывапісцу Іосіфу Пешку, з дзвюма ілюстрацыямі, першая з якіх належала Напалеону Ордзе.

Амаль усе, хто даслаў мне лісты, шукалі памылку ў змесце тэксту, а не ў аўтарстве другога малюнка. Яны не прааналізавалі наступныя радкі пра Іосіфа Пешку: “Жыццяпіс мастака сведчыць, што з 1793 па 1812 гады (як бачна, самая плённая для яго пара) Іосіф Пешка жыў у губернскіх гарадах Гродне і Мінску, адкуль час ад часу выязджаў і ствараў свае малюнкі ў Віцебску, Магілёве, Нясвіжы, Смілавічах, Дукоры ды іншых слаўных мясцінах”. Назіральны чытач-аналітык адразу ж адзначыў бы, што ў тыя часы імя Адама Міцкевіча не было вядома, таму І.Пешка, канешне, не маляваў Завосеўскай сядзібы. Найбольш поўна на пытанне першакрасавіцкай нататкі адказала па тэлефоне Браніслава Лапкоўская, унучатая пляменніца славутага паэта Алеся Гаруна, якая сёлета адзначыла 70-гадовы юбілей, сама аўтарка двух зборнікаў вершаў і маці чатырох сыноў і дачкі. Браніслава Міхайлаўна з прыемнасцю ўспомніла нашу паездку ў 1977 г. на IV Карэліцкія чытанні, калі па дарозе я расказваў ёй і яе мужу пра мастака Эдварда Паўловіча, і звярнула маю ўвагу на ўсе неадпаведнасці ў публікацыі. На Вялікдзень яна атрымала заслужаны прыз — кнігу вершаў, беларускі ручнік, шматфункцыянальны калькулятар-гадзіннік. 
У сузор’і беларускіх мастакоў ХІХ стагоддзя, прыхільнікаў краязнаўчай тэмы, побач з Напалеонам Ордам, Іосіфам Пешкам, Васілём Гразновым ярка зіхаціць імя Эдварда Баніфацыя Паўловіча (7.06.1825 — 10.02.1909). Ён выканаў бліскучы малюнак Свята-Траецкага касцёла ў Ішкальдзі, які можна параўнаць з такім жа творам Н.Орды. А яшчэ напісаў пра беларускага паэта Ф.Савіча, даў жыццё шмат якім кнігам, сярод іх — “Успаміны з-над Віліі і Нёмана”, “Успаміны: Наваградак — турма — выгнанне”, “Двое памятных сутак у Мінску”. На жаль, усе яны мала вядомыя для нас, напісаныя на польскай мове.
 
Сярод дасланых па пошце адказаў мы вылучылі ўсяго два правільныя — гэта напісаны каліграфічным почыркам ліст пастаяннага чытача “К” Алега Раманоўскага з Івянца і чальца Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Марыі Кулецкай з Пружан.
Вось што піша М.Кулецкая: “Я займаюся роспісам па шкле. Гэта вельмі цікава, адраджаю амаль забытае. Вучу дзетак”. Паважаная чытачка дакладна напісала, што малюнак Завосся зрабіў Эдвард Паўловіч у 1842 годзе.
Некалькі слоў і пра Алега Раманоўскага: ён дырэктар Івянецкага музея традыцыйнай культуры. Акрамя асноўнай працы, займаецца жывапісам, графікай, керамікай і крыху (так ён піша) краязнаўствам. А.Раманоўскі паведаміў нам, у дадатак, і псеўданімы Э.Паўловіча: Эдвард з-над Свіцязі і Ясенчык. М.Кулецкай і А.Раманоўскаму дасланы ў якасці прызоў мае кнігі: “М.Горкі. Песня пра Сокала і Вужа” (у перакладзе), “Слуцкая брама. Ты ў сэрцы маім”, “Павел Іосіфавіч Багрым (Паўлюк Багрым). Легенды, праўда, загадкі”, “Марыянна Ева Верашчака-Путкамер (Марыля Верашчака). Рознае”, паштоўкі.
 
Мы віншуем пераможцаў конкурсу “Культуры” і зычым ім новых і вялікіх здзяйсненняў, кахання, шчасця, здароўя!
А ўсе астатнія, хто даслаў нам лісты, але не змог правільна адказаць, атрымалі суцяшальныя прызы.
 

Міхась МАЛІНОЎСКІ
Баранавічы