Драматург патрэбен, каб “запусціцца”?

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

Своеасаблівая “вось” кінапрацэсу ў яго творчым вымярэнні — гэта стасункі паміж рэжысёрам і аўтарам сцэнарыя. Прыадкрыць “заслону” на кінематаграфічнай “кухні” мы папрасілі, бадай, самага запатрабаванага беларускага кінадраматурга некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў — Аляксея ДУДАРАВА. Рэакцыя мэтра на закранутую карэспандэнтам “К” тэму была нечакана эмацыйнай.

 

/i/content/pi/cult/235/3299/11-1.jpg- Цягам свайго доўгага і плённага творчага жыцця вам даводзілася працаваць з рэжысёрамі розных пакаленняў. Ці адчуваеце розніцу?

- На жаль, адчуваю, і не абы-якую. Дагэтуль з прыемнасцю згадваю моманты нашай працы з Ігарам Дабралюбавым. Мы былі паўнацэннымі сааўтарамі фільма. Што да сённяшніх рэжысёраў... Складаецца ўражанне, нібы аўтар сцэнарыя ім патрэбны адно для праформы, дзеля таго, каб "запусціцца". Сучасны рэжысёр стаў надта пыхлівым, упэўненым ва ўласнай самадастатковасці. Ён лічыць сябе паўнапраўным аўтарам фільма. І няўцям яму, што фільм - гэта твор калектыўны, што пачынаецца ён менавіта з гісторыі: з сюжэта, з характараў...

- Як вы лічыце, гэты канфлікт мае вытокі ў самой кінаіндустрыі, або тут сказваецца ўсё ж чыста "чалавечы фактар"?

- Памятаю, адзін хлопец сказаў мне: я не маю патрэбы ў драматургіі, бо магу паставіць нават тэлефонны даведнік. Ці ж ёсць сумненні? Але што атрымаецца ў выніку? Той самы тэлефонны даведнік. І тут даецца ў знакі яшчэ адзін аспект закранутай вамі праблемы: заніжаная патрабавальнасць гледача. Для многіх кінавытворцаў творчым крэдам сталі словы "піпл хавае". Раней кінаглядач "галасаваў" за той або іншы фільм так, як і за тэатральны спектакль - нагамі. І гэта была папраўдзе шчырая, непасрэдная рэакцыя. Сёння чалавек "спажывае" кіно, седзячы перад тэлевізарам. І спажывае тое, што яму даюць.

- Як мне здаецца, тое, што двум аўтарам няпроста ўжыцца ў адным фільме - гэта вытлумачальна. Бо, пагадзіцеся, кожны творца - чалавек з амбіцыямі...

- Ды прычым тут, наогул, амбіцыі? Для мяне галоўнае - не прозвішча ў цітрах. Галоўнае - каб фільм адбыўся, каб ён быў запатрабаваны, каб ён грэў душы людзей, даючы ім любоў, веру і надзею. Вы лічыце, што ў "Белых Росах" мы не справіліся з гэтай задачай? Калі ты адчуваеш, што фільм сапраўды атрымаўся, пра славу і поспех нават не задумваешся.

- У той самы час, рэжысёры ці не ў адзін голас скардзяцца: няма чаго здымаць, не хапае новых цікавых сцэнарыяў...

 - Абматаўшы шыю багемным шалікам і закінуўшы нагу за нагу, сучасны рэжысёр штораз пагардліва фыркае: "Гэта не тое!.." (Апошнія словы былі вымаўлены з непадробнай акцёрскай інтанацыяй. - І.С.). Маўляў, няма тут новай кінамовы... А, між тым, існуе толькі адна мова - мова мастацтва. Яна адлюстроўвае тыя арыенціры, якія выпрацаваны чалавецтвам цягам тысячагоддзяў, і за гэты час прынцыпова не змяніліся. Што да вашага пытання... Прывяду адзін прыклад, хай сабе і нясціплы. Спектакль "Чорная панна Нясвіжа" ў Купалаўскім тэатры вытрымаў ужо болей за 300 паказаў, і амаль усе прайшлі з аншлагам. Няўжо тэатральны глядач менш патрабавальны за кінагледача? Вы думаеце, я меў прапановы стварыць на аснове п'есы кінасцэнарый? Ды не, такіх прапаноў не было. Чаму? Пытанне не да мяне.

Фота Юрыя ІВАНОВА