Са знешнасцю кінагероя

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

У кампазітара Уладзіміра КАНДРУСЕВІЧА— нават знешнасць кінаартыста. Што ўжо казаць пра яго музыку для кіно! Тым больш, яна вольна пачувае сябе як “за кадрам”, так і на філарманічнай сцэне: у яго ёсць, дарэчы, сімфонія “Плач перапёлкі”, напісаная “па матывах” не толькі аднайменнага рамана Івана Чыгрынава, але і тэлефільма (вядома, з ягонай жа музыкай). Ды ўсё ж, на мой погляд, у кіно кампазітару бліжэй не эпіка-трагічныя палотны, а мульцяшныя казкі, гуллівыя стужкі “з прыгодамі”. Бо ён — з тых шчаслівых творцаў, якія і ў свае шэсцьдзесят не страчваюць кранальна-дзіцячай усмешкі, падлеткавай іроніі, юначага запалу.

 

/i/content/pi/cult/235/3298/11-2.jpg- Раз на тыдзень маці давала мне 10 капеек "на кіно": акурат столькі па тых часах каштаваў білет на дзіцячы фільм. Ажыятаж быў - неверагодны. Што б ні паказвалі- аншлаг, білетаў не хапала. Але мы з хлопцамі заўсёды былі "ў першых радах". Паказвалі кіно ў Доме афіцэраў, і месцы на білетах не пазначаліся: хто як "прарваўся". А ў мяне было сваё "любімае", і я імкнуўся неяк праслізнуць на яго. Там ззаду была калона, ніхто не "дыхаў у спіну", і можна было падняць сядзенне крэсла і ўладкавацца зверху. Я быў маленькі, і так сапраўды было зручней: усё бачна, бы "на троне", асабліва пасля "атакі" касы і даўкі на ўваходзе.

 - А самі марылі ў кіно здымацца?

- Не, гэта было штосьці вельмі далёкае і неверагоднае. Але пазней, калі ўжо вучыўся ў дзіцячай музычнай школе, убачыў дакументальную стужку пра майго аднакласніка, адоранага скрыпача. І гэта мяне так уразіла, што я доўга не мог апамятацца.

- Кіно аказалася побач з рэальнасцю...

- Дый яно і ўспрымалася як сапраўдная рэальнасць. Калі ў Гродне на чыгунцы здымалі "Міколку-паравоза", дык, здавалася, увесь горад бегаў глядзець. Там была адна сцэна, калі выбіваюць дзверы, а зверху выліваецца бочка вады. Вядома, рабілася шмат дубляў - удалых, няўдалых. І на кожным мы вельмі хваляваліся: а ці дакоціцца тая бочка, ці выльецца вада?.. Бо для нас гэта было не кіно "з артыстамі", а рэальнасць. Мы лічылі, што перад намі- ворагі!

 - Затое цяпер у кіно і тэатры вы - абсалютна "свой" чалавек. Ды яшчэ і чараўнік!

 - Дзіцячых фільмаў і мульцікаў сапраўды было болей. Сярод асабліва памятных для мяне асабіста - тая ж "Казкі-небыліцы для дзеда Ягора". Зараз працую над фільмам-казкай Алены Туравай "Рыжык": там будзе некалькі песень і шмат інструментальнай музыкі. А галоўнае - спалучэнне розных эпох. Дзяўчынка любіць катацца на ролікавых каньках, а яе маці працуе ў бібліятэцы. Бібліятэка- гэта ўжо чараўніцтва! Без зачараванай Каралевы і Прынцэсы тут не абысціся. І без камп'ютэрнай графікі - таксама. Дарэчы, мне ў свой час пашчасціла працаваць над фільмам для дзяцей "Падзенне ўверх" Алены Трафіменка, дзе ледзь не ўпершыню ў нас былі выкарыстаны камп'ютэрныя эфекты: там і веласіпед сам, без кіроўцы, лавіраваў між машынамі, і мяч лётаў без усялякага "прымусу" - гэткі "сюррэалізм".

- Я б узгадала і каля дзесятка вашых кароткаметражак "пра Кешку", што здымаліся на пачатку 1990-х: "серыял", складзены з асобных сюжэтаў, з'яднаных адным персанажам - смешным падлеткам, які ўвесь час трапляе ў якія-небудзь прыгоды. А ці "даедзе да кіно" ваш нядаўні мюзікл "Байкер"?

- Плануем зняць яго на "Беларусьфільме". Але гэта, зразумела, будзе не перанос тэатральнага спектакля, а цалкам самастойны варыянт. Бо кожны від мастацтва мае свае законы.

- Музыка для тэатра і кіно - розныя рэчы?

 - У гэтых жанрах патрабуецца рознае кампазітарскае мысленне. У кіно музыка звычайна накладаецца на гатовы відэарад. Таму важна адчуць яго ўнутраны рытм і дакладна "патрапіць" з хронаметражам. Каб відовішча не здавалася ні "зацягнутым", ні "недатрыманым". Каб музыка не "абрывалася" ці не "кадэнсавала" да бясконцасці, а пачыналася і завяршалася натуральна, як уздых і выдых. У тэатры ж можна дазволіць сабе куды больш імправізацыйнасці. Увогуле, усё патрабуе індывідуальнага падыходу. Часам нават здаецца: для розных акцёрскіх складаў пісаў бы розную музыку...

Фота Юрыя ІВАНОВА   

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"