У сінематаграфічным ключы

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

Уладзіслава АРЦЮКОЎСКАЯ, рэжысёр цырымоніі адкрыцця XVI Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, у тонкай навуцы “стварэння шоу” чалавек невыпадковы: менавіта яна была рэжысёрам конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Славянскага базару ў Віцебску”, пастаноўшчыкам Рэспубліканскага балю выпускнікоў з удзелам Кіраўніка дзяржавы, Навагодняга балю… Таму адказнасць за стварэнне самага “кінематаграфічнага” відовішча Уладзіслава прыняла спакойна, з веданнем справы. “Кожнае мерапрыемства, — раскрыла яна карэспандэнту “К” сваё прафесійнае крэда, — мусіць рабіцца не з паветра, а пры наяўнасці пэўнай ідэі, базы. Для “Лістапада” такая база — беларускае кіно”.

- Сёлета беларускаму кіно спаўняецца 85 гадоў, - кажа рэжысёр. - Гэта добрая нагода паказаць і расказаць удзельнікам ды гасцям фестывалю пра беларускіх артыстаў, рэжысёраў, нашы выдатныя кінематаграфічныя творы. Цырымонію адкрыцця фэсту мне падалося дарэчным зрабіць не ў эстрадным ключы, а менавіта ў, так бы мовіць, "сінематаграфічным". Адпаведным чынам будзе аформлена сцэна: у цэнтры ўвагі - экран, але ў атачэнні своеасаблівага тэатра ценяў. Мы ўбачым у ім і райскі сад, і мора, і джазавы аркестр... Сцэнаграфія Вольгі Грыцаевай, мяркую, адразу ўвядзе гледачоў "у курс справы", запэўніць, што яны знаходзяцца менавіта на адкрыцці кінафоруму, а не якойсьці іншай імпрэзы. Уладальнік спецыяльнага прыза Прэзідэнта краіны "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве" Генадзь Гарбук выступіць на адкрыцці з вялікім і прыгожым нумарам: пад акампанемент аркестра выканае "Салдацкі вальс".
Музычныя творы прагучаць і ў выкананні гасцей "Лістапада": расійскіх артыстаў Анастасіі Макеевай, Андрэя Анкудзінава, Аляксея Цюніна, Яўгенія Лявонава-Гладышава, Сяргея Кашоніна... А Таццяна Дароніна, як мяркуецца, выступіць з тэатральна-паэтычнай кампазіцыяй. Сярод нумароў цырымоніі - выступленне беларускага гурта "Naka", салісткай якога з'яўляецца актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя М.Горкага Настасся Шпакоўская. Мяркую, запомніцца гледачам шоу італьянскага музыкі Марыа Стэфана Петрадарке, які ў суправаджэнні камернага аркестра сыграе на унікальным музычным інструменце - бандэніёне. Вядучымі шоу адкрыцця стануць артысты і тэлевядучыя Вера Палякова і Аляксандр Паўлаў. Ды ўсё ж, нягледзячы на н а в а ц ы і , - адзначыла Уладзіслава Арцюкоўская, - цырымонія адкрыцця не можа абысціся без праходу гасцей кінафестывалю і знакамітага рытуалу: калі старшыня "Лістапада" Расціслаў Іванавіч Янкоўскі разбівае "шчаслівую" талерку з подпісамі ўдзельнікаў фэсту мінулага года.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"