Як павінны выглядаць рэжысёры?

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

Сярод гасцей сёлетняга “Лістапада” — вядомы польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі. На Беларусь ён прыедзе ўжо далёка не ўпершыню. Больш за тое: творца, які нядаўна адсвяткаваў сваё 70-годдзе, ахвотна запрашае да сябе нашых суайчыннікаў — маладых рэжысёраў. Некалькі гадоў таму ў гасцях у мэтра пабываў і малады кінарэжысёр студыі “Летапіс” Юрый Цімафееў.

/i/content/pi/cult/235/3292/5-1.jpg- Мы пазнаёміліся на фестывалі "Залаты Віцязь", дзе я прадстаўляў адну са сваіх першых работ. Кшыштаф Занусі прапанаваў мне прыехаць да яго ў Варшаву на свайго кшталту індывідуальны майстар-клас. Вядома ж, я пагадзіўся. Перад вачыма мэтра я паўстаў, што называецца, пры парадзе: белыя нагавіцы, гладка паголены, "прылізаная" фрызура...

- Ведаеце, рэжысёры павінны выглядаць іначай, - гэтак ён ацаніў мае старанні. Сёння я, як бачыце, у пацёртых джынсах і швэдры. І таму, спадзяюся, мой выгляд болей адпавядае абранай прафесіі. Яшчэ ў цягніку на Варшаву я меў трохі іншае ўяўленне пра майстар-класы для рэжысёраў: камера, здымачная пляцоўка, парады, які ракурс выбраць... Нічога падобнага мяне ў бліжэйшыя пару тыдняў не чакала. Як выявілася, праграма навучання пана Занусі зусім іншая. Рэжысёр пасяліў мяне на сваёй загараднай віле. Шторанак я прыязджаў да яго ў кабінет, каб заспець самы пачатак рабочага дня. Пан Кшыштаф даставаў з шуфляды свой штодзённік і ўважліва вывучаў расклад. Чытаючы "кюрык'юлам віта" Кшыштафа Занусі, заўсёды задаваўся пытаннем: як яму ўдаецца паўсюль паспяваць? Адказ аказаўся даволі простым. Час у яго дакладна распланаваны... ну, прынамсі, на месяц, а можа, нават і на паўгода. Дзелавыя сустрэчы ў штодзённіку пазначаны жоўтым маркерам, гаспадарчыя справы - чырвоным... Паўсюль, дзе толькі гэта было магчыма, пан Занусі прапаноўваў мне скласці яму кампанію. Мы пабывалі на імшы ў касцёле, на дыпламатычным прыёме, на сустрэчы з міністрам культуры Польшчы, на дэгустацыі вінаў, якія вырабляе зяць пана Кшыштафа... Праграма была насычанай. Калі гаспадар упершыню запрасіў мяне сесці ў сваю машыну, я заняў месца на заднім сядзенні па дыяганалі ад кіроўцы. Але пан Занусі тут жа патлумачыў мне, што, паводле этыкету, гэтае месца прызначана для гаспадара, а госць мусіць заняць крэсла непасрэдна за кіроўцам.

 - Нічога, такую самую памылку я калісьці таксама зрабіў - на прыёме ў англійскай каралевы, - супакоіў ён мяне, пабачыўшы, што я сумеўся. Нярэдка мне здавалася, быццам мэтр свядома ставіць мяне ў нейкія нязвыклыя сітуацыі, чакаючы маёй рэакцыі. Часам кампанію нам складаў хтосьці з "малодшых сяброў" пана Кшыштафа: ён мае шэсць лабрадораў і раз-пораз бярэ іх з сабою. Філасофію гэтых майстар-класаў пан Занусі патлумачыў ужо напрыканцы майго прабывання ў Варшаве. Вучыць рэжысёра здымаць - няма сэнсу. Можна проста адкрыць для яго новыя далягляды, пашырыць кола кантактаў... - Рэжысёр мусіць валодаць, прынамсі, трыма рэчамі: карыстацца камп'ютэрам, ведаць англійскую мову і ўмець вадзіць машыну,- казаў ён.- Усё астатняе спасцігаецца пад час працы. У апошні дзень майго візіту ў Варшаву пан Кшыштаф зрабіў наша супольнае фота і змясціў яго ў адмысловы альбом. Кампанія там была даволі паважная: Занусі і Ян Павал ІІ, Занусі і Таркоўскі... На працягу ўсяго гэтага дзіўнага майстар-класа я задаваў сабе адно заканамернае пытанне: навошта ён патрэбны для знакамітага рэжысёра? Можа, ён ставіць своеасаблівы псіхалагічны эксперымент, назапашваючы матэрыял для наступных фільмаў? Або Кшыштаф Занусі памятае час, калі ён сам быў пачаткоўцам, і тое, з якімі праблемамі непазбежна мае сутыкнуцца малады рэжысёр?

 "Адзін з яркіх брэндаў"

/i/content/pi/cult/235/3292/5-5.jpg Яўгеній ЛЯВОНАЎ-ГЛАДЫШАЎ, народны артыст Расіі:

- Не першы раз прыязджаю на "Лістапад", уважліва сачу за эвалюцыяй гэтага прэстыжнага міжнароднага кінафоруму. Таму сцвярджаць магу з упэўненасцю: "Лістапад" - адзін з самых яркіх культурных брэндаў Беларусі. І тлумачыцца гэта, на мой погляд, досыць проста: фестываль робяць цудоўныя людзі. Асабліва прыемна тое, што нязменным старшынёй "Лістапада" з'яўляецца народны артыст СССР Расціслаў Янкоўскі. Хоць і няпроста яму сёння з прычыны смерці брата Алега, але, тым не менш, артыст заўсёды застаецца артыстам. Не магу не сказаць і пра тое, што Расціслаў Іванавіч перад кожным "Лістападам" абавязкова звязваецца з Гільдыяй акцёраў Санкт-Пецярбурга і запрашае нас у заўжды гасцінны Мінск... Сёння, праўда, наша дэлегацыя з-за фінансавага крызісу не такая прадстаўнічая, як раней: на "Лістапад" са мной прыехаў толькі заслужаны артыст Расіі Сяргей Кашонін, вядомы гледачу па серыяле "Забойная сіла"... "Лістапад" - добрая магчымасць пазнаёміцца з кінематаграфічнымі навінкамі свету, з новым беларускім кіно, лёс якога для мяне не абыякавы, бо за савецкім часам шмат здымаўся на "Беларусьфільме". Але не толькі з гэтым звязаны прыемныя ўспаміны аб Мінскім фестывалі. Поруч з праглядам конкурсных праграм мы маем магчымасць сустрэцца з заўжды ўдзячным беларускім гледачом. І гэта не фармальныя мерапрыемствы, а- сапраўдныя творчыя вечары, якія мы заўжды імкнёмся насыціць эстраднай эстэтыкай. Карацей, чарговы "Лістапад" - гэта чарговае свята творчых стасункаў.  

"Беларусьфільм" для нас кшталу Галівуда"

/i/content/pi/cult/235/3292/5-3.jpgЛеанід ЯРМОЛЬНІК, народны артыст Расіі:

 - Так, "Беларусьфільм" для расійскіх кінематаграфістаў - кшталту Галівуда. Маю на ўвазе і сумесную нашу дзейнасць, і арэнду вытворчых магчымасцей беларускай кінастудыі. Тут не толькі сучаснае абсталяванне, тут - цудоўныя людзі, прафесіяналы вышэйшага гатунку: артысты, мантажоры, асвятляльнікі, касцюмеры, дэкаратары... Таму "Лістапад" для мяне - зусім не шараговы кінафестываль. Найперш ён вабіць сваімі, сталымі ўжо, традыцыямі. На ўласныя вочы пераконваюся, што з года ў год гэты прэстыжны Мінскі міжнародны кінафэст упэўнена пашырае сферу свайго творчага ўплыву. Добра заўважна, што "Лістапад" усебакова падтрымлівае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. І гэта цудоўна, што кінамастацтва ў краіне развіваецца пад пільнай дзяржаўнай увагай. "Лістапад" - гэта тыдзень сяброўскіх стасункаў. І з сябрам Расціславам Янкоўскім - старшынёй кінафестывалю, і з кінематаграфістамі іншых краін свету, колькасць якіх у фестывальным прадстаўніцтве штогод павялічваецца. Натуральна, "Лістапад" - і цудоўная нагода для сустрэч з беларускімі гледачамі. Ведаю, што цягам фестывальных дзён запланаваны мой майстар-клас у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Як заўжды, буду ладзіць гэты майстар-клас у фармаце "пытанне-адказ".

"Кіно - гэта жарсць"

/i/content/pi/cult/235/3292/5-2.jpgКіра МУРАТАВА, кінарэжысёр, народная артыстка Украіны:

 Кіра МУРАТАВА прыязджае да нас на "Лістапад" літаральна праз некалькі дзён святкавання свайго юбілею: 5 лістапада рэжысёру, без чыіх фільмаў кінасвет не набыў бы унікальную фарбу, таемную, незабыўную мелодыю, споўнілася 75 гадоў. Шчыра віншуем шаноўную Кіру Георгіеўну! Карэспандэнту "К" удалося звязацца з народнай артысткай Украіны напярэдадні візіту ў Мінск.

- Кіра Георгіеўна, вельмі чакаем вас у Мінску! Ваш прыезд на фестываль для нас - вялікі падарунак. З якімі спадзяваннямі едзеце на Мінскі кінафорум? У ваш мінулы візіт, памятаю, Мінск падаўся вам горадам, поўным "ціхай замілаванасці"...

 - Менавіта так. Горад падаўся мне ціхім, чыстым ува многіх сэнсах, у тым ліку і маральным. Такое было маё ўражанне... Але тут заўжды мае значную ролю асвятленне, пэўны ракурс, усё можа быць больш празаічна, але мне аблічча вашага горада прыйшлося даспадобы, і хочацца пабываць у ім яшчэ. З якім настроем еду? Проста хочацца змяніць абстаноўку, адпачыць у іншым месцы, прыехаць на поўнач, а не на поўдзень.

- Але ж вы наведаеце нас не толькі з мужам - мастаком-пастаноўшчыкам Яўгенам Галубенкам, але і з вашай карцінай - "Мелодыя для катрынкі", якая прымае ўдзел у конкурсе фестывалю...

- Так, абяцаў прыехаць і прадзюсер нашай карціны - Алег Кохан. Так чамусьці павялося, што рэжысёр мусіць падарожнічаць разам са сваім фільмам. Хоць мне падаецца, што гэта няправільна: нібыта карціны самой не дастаткова, каб яе прымаў глядач. Але публіка прызвычаілася да гэтай практыкі. Удзельнічаць у конкурсе - гэта ідэя нашага прадзюсера. Я таксама паспрабавала б разгледзець, арганізаваць іншую форму паказу - у фармаце, да прыкладу, асобнага паказу, але прадзюсер настаяў на ўдзеле ў конкурсе.

- Кіра Муратава баіцца канкурэнтаў?

- Калі пагаджаешся на конкурс, то мімаволі ўцягваешся. Конкурс - гэта такая гульня. Усе чакаюць, хвалююцца, як дзеці на ёлцы, калі вынясуць падарункі, зайграе барабан, запаляцца агеньчыкі... У гэты чарадзейны палон трапляеш незаўважна. Але, натуральна, разумееш, што конкурс - справа вельмі адносная, чаго ж тады баяцца?

- Кіра Георгіеўна, пытанне амаль метафізічнае: вы верыце, што кінамастацтва можа змяніць свет?

- Не.Калі мастацтва магло б гэта зрабіць, Леў Талстой даўно змяніў бы свет. У маёй карціне "Астэнічны сіндром" ёсць такая сцэна на пачатку фільма: нямоглыя бабулькі стаяць і гучна крычаць: "У дзяцінстве, у юнацтве я верыла, што калі б усе прачыталі Льва Талстога, сталі б добрымі і разумнымі, добрымі і разумнымі!.." Можа быць, мастацтва здольнае змяніць свет, чалавека, - толькі на пэўнае імгненне, момант, час, але не назаўсёды. Так, гэта песімістычны погляд, але такая прырода чалавека. Яна змяняе толькі формы, але не існасць. Аднак мне вельмі імпануюць тыя людзі, якія вераць у сілу мастацтва.

- Але тады што для вас кіно?

- Гэта жарсць, прафесія, занятак. Гэта справа, якая паглынае, захоплівае, знурае, вымотвае... Гэта такая гульня. Але гэта зусім іншае.

- Сёння, у часіны крызісу, усе шукаюць выйсця: як знайсці сродкі на кінаіндустрыю, кінатворы... Кіра Георгіеўна, а якім вам бачыцца вырашэнне?

 - Ведаеце, гэта пытанне не да мяне. Я ніколі не здымала дарагія карціны, ніколі не працавала з вялікімі бюджэтамі. Таму ў мяне проста няма меркавання на гэты конт. Яшчэ ў савецкія часы тая акалічнасць, што на мае карціны не патрабавалася шмат сродкаў, працавала для мяне накшталт самаабароны: маўляў, я не прашу вялікіх грошай. І гэты аргумент дзейнічаў: фільмы запускалі. Але на ваша пытанне, паўтаруся, адказаць не магу, бо не ведаю ні пра крызіс, пра мільёны, ды, прызнацца, усё ведаць немагчыма і- шкодна. Але я з задавальненнем прыеду на "Лістапад" - пазнаёміцца з добрым кіно.

 "Нашто "залачоная рама"?"

/i/content/pi/cult/235/3292/5-4.jpg Аляксандр АДАБАШ'ЯН, заслужаны мастак Расіі, кінадраматург, рэжысёр, акцёр:

- Ці з'яўляецца Мінск кінематаграфічным горадам? Безумоўна. Умовы для кіназдымак на "Беларусьфільме" вартыя самай высокай ацэнкі. Пра супрацоўнікаў другога, тэхнічнага, звяна ведаюць далёка за межамі Беларусі, нават чэргі да іх выстройваюцца з Масквы і Санкт-Пецярбурга! Ёсць тэндэнцыя і да прафесійнага росту творчых супрацоўнікаў Нацыянальнай кінастудыі. Не надта часта бяру ўдзел у рабоце "Лістапада". Але цвёрда перакананы, што прэстыжнасць любога кінафестывалю вызначаецца колькасцю добрых карцін, прадстаўленых на ім. Усё астатняе - антураж, "залачоная рама". А праблем з фільмавытворчасцю на постсавецкай прасторы хапае: няма цікавых сцэнарыяў, няма добрых гісторый... У "пагоні за гледачом" усе кінуліся рабіць стужкі - паводле не самых лепшых узораў амерыканскага кіно серыі "Б". І выкарыстоўваюцца пры гэтым дамарослыя сродкі. А які сэнс рабіць у нас з дрэва "Крайслер", калі ў Амерыцы ён ужо ёсць - жалезны? Мяне цікавіць, якім будзе сёлетні "Лістапад", якая будучыня чакае беларускіх кінематаграфістаў. Хаця б з той нагоды, што і сам збіраюся супрацоўнічаць з "Беларусьфільмам". Справа ў тым, што адна з маіх былых студэнтак- мінчанка Наталля Паўлава напісала сцэнарый (я ёй у гэтым дапамагаў), які разглядаўся на мастацкім савеце "Беларусьфільма". Што далей - пабачым.