“Што кіно данясе да сэрца?”

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

Сёлета міжнароднае журы кінематаграфістаў “Лістапада” ўзначальвае кінарэжысёр, народны артыст Расіі Павел ЧУХРАЙ. Фільмы яго неаднойчы станавіліся фаварытамі мінскага кінафоруму — дастаткова прыгадаць перадапошнюю карціну майстра — “Вадзіцель для Веры”, якая стала пераможцай “Лістапада-2004”. Гэтым разам расійскі кінамастак прыязджае да нас у ролі “галоўнага суддзі”. У якой якасці рэжысёр на фестывалі пачувае сабе больш камфортна: удзельніка конкурснай праграмы ці ганаровага старшыні журы? Пра гэта карэспандэнт “К” найперш пацікавіўся ў вядомага расійскага кінематаграфіста.

 

/i/content/pi/cult/235/3291/4-1.jpg Павел ЧУХРАЙ, кінарэжысёр, народны артыст Расіі, старшыня міжнароднага журы кінематаграфістаў конкурсу ігравога кіно:

- Вядома, што мая прафесія - рэжысёр, - адказаў Павел Рыгоравіч, - і, натуральна, мне больш цікава ўдзельнічацьу фестывалях, як і кожнаму мастаку, у якасці канкурсанта. Але мая сённяшняя роля дазваляе, з іншага боку, паглядзець вялікую колькасць карцін - і гэта, так бы мовіць, перавага старшыні журы. Ацэнка публікі - гэта вельмі важны складнік нашай прафесіі: меркаванні калег, гледача з'яўляюцца заўжды істотнымі. Не веру, быццам мастак можа быць абыякавы да таго, што пра яго твор кажуць людзі. Мы мусім знаходзіцца ў дыялогу з грамадствам: рэжысёр працуе дзеля яго, і ацэнка людзей - важнае звяно ў ланцужку творчасці. Я, са свайго боку, буду імкнуцца быць аб'ектыўным і патрабавальным суддзёй.

 - Што для вас галоўнае ў кіно? Якая рыса, на вашу думку, вызначае добрую карціну?

 - Эмацыйны складнік. Якія разумныя думкі ні былі б закладзены ў кіно, калі няма эмоцыі - усё гэта бессэнсоўна. Усе мудрыя думкі - простыя па сваёй сутнасці, галоўнае - як рэжысёр даносіць іх да чалавечага сэрца. Лічу, што эмацыйны шэраг - гэта самае галоўнае ў кіно. Менавіта на гэта я звяртаю ўвагу.

- Павел Рыгоравіч, звычайна мы, журналісты, пытаемся ў гасцей фестывалю, з якім настроем яны едуць на Мінскі кінафорум, але менавіта зараз мне хочацца задаць вам пытанне "наадварот": цікава, ад якіх праектаў адцягвае вашу ўвагу наш любімы "Лістапад"?

 - Цяпер я працую над кінапраектам вялікай гістарычнай карціны аб пасляпятроўскіх часах, калі больш дакладна - аб часах графа Меншыкава. Яшчэ праца кіпіць над двума сцэнарыямі. Мяркую, на час "Лістапада" я прыпыню сцэнарную дзейнасць, а вось у дачыненні да праекта, мяркую, перамовы, па магчымасці, будуць працягвацца, тым больш, што на фестывалі я сустрэну многіх сваіх калег.

 - Чаму вы выбралі менавіта гэты - пасляпятроўскі - перыяд для стварэння карціны?

 - Мне падаецца, што ён шмат у чым падобны да нашага часу. Пасля смерці Пятра І грамадства мусіла ацэньваць тыя рэформы, што адбыліся: вызначаць, наколькі яны былі неабходныя, якія вынікі мелі, колькі людзей сталі ахвярамі тых рэформ... Кожны народ павінен ацэньваць падобныя працэсы. І калі параўнаць той час і сённяшні, то можам знайсці шмат агульнага: у дачыненні да сусветнай гісторыі - гэта перыяд крызісу, у дачыненні да сучаснага расійскага летапісу- перыяд "перабудовы". Эпіграфам да маёй карціны я ўзяў такія словы: "У Расіі кожныя 20 гадоў усё змяняецца, але кожныя 200 - усё застаецца па-ранейшаму".

- Не магу не ўтрымацца ад заўвагі, што цяпер у расійскім кіно назіраецца вялікая цікавасць да гісторыі...

- Так, і ў гэтым няма нічога дрэннага. Адны творы застануцца, іншыя - сыдуць. Але, у цэлым, - гэта добры знак. Вялікія правалы ў нашай гістарычнай памяці мусяць аднаўляцца. Звяртацца да гісторыі, да яе драматычных старонак, да трагедый - гэта, на маю думку, павінен рабіць кожны: проста дзеля таго, каб разабрацца ў самім сабе. Таму тэндэнцыя да звяртання да сваёй гісторыі падаецца мне цалкам слушнай.

- У сувязі з эканамічным крызісам у расійскім кіно таксама надзённымі становяцца і пытанні фінансавага кшталту. Нядаўна глядзела рэпартаж аб спробах Саюза кінематаграфістаў Расіі здзейсніць, так бы мовіць, эканамічную аптымізацыю кінаіндустрыі: шляхам актуалізацыі прадзюсерскага кіно, абмежавання дзяржаўнага фінансавання кінастужак. Як вы да гэтага ставіцеся?

- Станоўча. Проста сядзець і глядзець - так мы ні да чога не прыйдзем. З іншага боку, зрабіўшы рэформу ў асобным таксапарку, агульнай карціны не зменіш. Справа выратавання кіно - не справа асобных аўтараў: гэта індустрыя, якая наўпрост залежыць ад эканамічнага клімату. Без паляпшэнняў у эканамічнай сферы мы не здолеем зрабіць кіно больш канкурэнтаздольным. Гэта мая асабістая думка.

- Але вы верыце ў расійскае кіно?

- Так. Я спадзяюся на станоўчыя змены. Сярод тых твораў, што сёння робяць маладыя людзі, ёсць тузін добрых. Калі будуць створаны ўмовы, мяркую, маладыя аўтары здолеюць праявіць сабе. Ад "Лістапада" ў гэтым кантэксце я чакаю кінаадкрыццяў, якія падтрымаюць маю надзею. І, калі ўсё ж такі адказаць на ваша пытанне наконт настрою, магу зазначыць: я - у чаканні сустрэчы з добрым кіно.

  "У новы фільм запрашу беларуску"

/i/content/pi/cult/235/3291/4-4-ann.jpgЙован МАРКАВІЧ, рэжысёр-дакументаліст, прадзюсер, віцэ-прэзідэнт Міжнароднага кінафестывалю "Залаты Віцязь" (Сербія):

 - Я бачу ў дакументальным кіно такую ж магію, як і ў тэатры. Жыццё на экране, эмоцыі, гісторыя вельмі важныя сёння. Тэлебачанне, прагляд фільмаў на камп'ютэры ніколі не заменяць гэтую атмасферу суперажывання, еднасці. У Мінску такая атмасфера - асаблівая, адчуваецца, што гледачы разам сумуюць, разам смяюцца, кіно для іх - цікавае, - не тое што ў некаторых еўрапейскіх гарадах, дзе шмат абыякавых да дзейства на экране. Асабліва гэта прыемна бачыць, калі ты сам зрабіў карціну, і публіка ацэньвае яе ад усёй душы, шчыра. Я разумею, што дакументальнае кіно вельмі складана здымаць. Добры фільм не атрымаецца, калі проста паставіш камеру і будзеш адлюстроўваць жыццёвыя падзеі. Патрэбна праз прыватнае, асобнае выяўляць універсальнае. Кожны герой, кожная з'ява, якія яркія і своеасаблівыя яны б ні былі, павінны паказваць важнае для ўсіх, тое, што тычыцца народа, менавіта гэты аспект я буду шукаць у фестывальных фільмах. Дарэчы, беларускае кіно я ведаю па лепшых яго прыкладах. Вельмі падабаюцца работы майго сябра Міхаіла Пташука. Магу сказаць, што своеасаблівыя рысы ў іх ёсць, з іх я шмат даведаўся пра менталітэт вашага народа: адкрытасць, дабрыня, спакойны, але моцны характар і шмат што іншае. Якія ў мяне творчыя далягляды? Завяршаецца падрыхтоўка да новага фільма "Калыханка", вось-вось пачнуцца здымкі. У стужцы будзе ісці размова пра геніяльнага хлопчыка, якога выхоўваюць маладыя бацькі. Кіно гэтае - крышку сумнае, нервовае. Дарэчы, галоўную гераіню я яшчэ не знайшоў - магчыма, ёй стане беларуска (усміхаецца), бо яна, паводле сюжэта, - жанчына родам з рускамоўнай краіны.

"Арыенціры з часоў "Корціка"

/i/content/pi/cult/235/3291/4-5.jpg Міхаіл ГАЛУБОВІЧ, народны артыст Украіны, мастацкі кіраўнік Украінскага музычна-драматычнага акадэмічнага тэатра, старшыня журы фестывалю дзіцячых і юнацкіх фільмаў "Лістападзік":

- Я прыеду на "Лістапад" упершыню, і думаю, што ўбачу фільмы, поўныя дабрыні, пачуццяў, якім трэба сёння вучыцца. Пачэсная роля старшыні журы конкурсу ігравых дзіцячых фільмаў для мяне вельмі адказная. Ведаеце, чаго я чакаю ад стужак для дзяцей? Каб яны не перашкаджалі малечам заставацца цудоўнымі. Сёння мала такіх карцін: гэтую традыцыю страцілі ў 90-я многія славянскія краіны. Узнікла мода на фільмы, у якіх дзейнічаюць асобныя "брыгады", што не атаясамліваюць сябе з астатнім грамадствам. Да мяне падыходзяць часам сталыя людзі, якія прайшлі доўгі шлях, і кажуць: "Вось ты іграўу "Корціку", а мы ж вучыліся па ім жыць! Гэтая стужка была для нас арыенцірам". Сёння такіх арыенціраў, якія вучаць годнасці, патрыятызму, няшмат. Калі мы хочам бачыць гуманнае грамадства ў будучыні, кінематаграфісты, стваральнікі любога іншага мастацтва павінны як мага больш разумнага і прыгожага ўкладваць у свае работы. Я люблю Беларусь, Мінск - адкрыты горад з шырокімі праспектамі, і ўпэўнены, што і фестываль такі ж шчыры, па-славянску добразычлівы, вялікую ўвагу звяртае на агульнаграмадскія каштоўнасці. Калісьці я ўзначальваў Упраўленне культуры і мастацтваў Луганскай вобласці, і мне даводзілася часта бываць на Беларусі. Мне падаецца, у культуры нашых краін шмат агульнага, што пастаянна падмацоўваецца сяброўскімі сувязямі народаў.

"Самае галоўнае..."

/i/content/pi/cult/235/3291/4-2.jpg Таццяна ДАРОНІНА, народная артыстка СССР:

Упершыню на фестываль "Лістапад" прыедзе Таццяна Дароніна. Народная артыстка СССР, мастацкі кіраўнік МХАТ імя М.Горкага, узнагароджаная ў 2001 г. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь ордэнам Францыска Скарыны, выступіць перад гледачамі на цырымоніі адкрыцця кінафоруму.

"Самае галоўнае для мяне, - прызналася ў адным з інтэрв'ю Таццяна Васільеўна, патлумачыўшы сілу свайго прамога і адкрытага характару,- мая прафесія. Калі страціць шчырасць і даверлівасць, нягледзячы на набітыя шышкі, тады будзе цяжка выходзіць на сцэну і іграць на поўную моц. Я імкнуся захаваць гэтую якасць у сабе, не зважаючы на гады, якія ідуць хутка-хутка, нягледзячы на ўсе цяжкія сітуацыі". Беларуская публіка рада вітаць знакамітую актрысу!   

"Каб планы здзейсніліся!"

/i/content/pi/cult/235/3291/4-3.jpg Багдан СТУПКА, народны артыст СССР, народны артыст Украіны:

- Заўжды любіў Мінск, Беларусь і беларускую мову. Гэта мова сяброў. У Купалаўскім тэатры працуе мой даўні паплечнік, народны артыст Рэспублікі Беларусь Арнольд Памазан, разам з якім у свой час вучыўся ў Львоўскай тэатральнай студыі... Удзел у "Лістападзе" - не толькі знакавая падзея, але і магчымасць стасункаў з прафесіяналамі кіно. У тым, што яны ёсць на "Беларусьфільме", пераканаўся чарговы раз, калі здымаўся ў фільме Рэнаты Грыцковай "Інсайт". Не надта часта даводзілася працаваць з жанчынамі-рэжысёрамі. Першай была Кіра Муратава, другой - Рэната Грыцкова. Больш за тое: і аператарам на "Інсайце" была жанчына - Таццяна Логінава... Дык вось, на здымках "Інсайта" ўсё было высокапрафесійна, таму і здымацца было вельмі цікава... Гэта проста цудоўна, калі ўсё атрымліваецца ў творчасці, асабліва - у кіно. "Лістапад" як міжнародны форум на вачах набірае вагу, павялічвае свае маштабы. Істотныя змены заўважны і на "Беларусьфільме". Адраджэнне кінамастацтва - працэс больш чым ухвальны. Правільна, здымаць трэба шмат і рознае. Тады колькасць абавязкова пяройдзе ў якасць. А нацыянальнае кіно, неаспрэчна, - высокамастацкае кіно. І на Беларусі робіцца многае, каб такое кіно было. Бачыў праект рэканструкцыі "Беларусьфільма". Вельмі хачу, каб усё запланаванае здзейснілася.