З чаго будуюць гарады?

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

Што такое 50 гадоў? Для чалавека гэта — росквіт яго жыцця, для горада — толькі перыяд станаўлення. У другой палове мінулага стагоддзя ў нашай краіне ўзнік шэраг буйных населеных пунктаў — своеасаблівых цэнтраў індустрыялізацыі. Багаты на падзеі летапіс аднаго з такіх гарадоў можна ўбачыць у Музеі гісторыі і культуры Наваполацка, створаным летась.

 

Галоўнай ідэяй экспазіцыі музея сталі радкі: "Будуем горад - будуем сябе і свой лёс". Гэтая думка адлюстравана з першых крокаў па музеі, з крылатай фразы аднаго з першабудаўнікоў Рамана Осіпава: "Я ведаю тры матэрыялы, з якіх у такі кароткі тэрмін будуюцца гарады: гэта метал, бетон і сяброўства". Наваполацк мае дакладную дату нараджэння - 7 чэрвеня 1958 г., калі на Усесаюзную ўдарную камсамольскую будоўлю прыбыў першы атрад маладых рабочых, каб узвесці адзін з найбуйнейшых у Еўропе нафтаперапрацоўчых заводаў. Не выпадкова асноўны вобраз экспазіцыі музея - выява чалавека-працаўніка, дзякуючы якому на багністай мясцовасці ў рэкордна кароткія тэрміны былі пабудаваны горад і завод. У прыватнасці, у музейнай зале, што адлюстроўвае першыя гады будаўніцтва, прадстаўлены рарытэтны прадмет - асабісты дзённік рабочага Мікалая Кускова, радкі якога кранаюць сэрцы гасцей музея: "Я не ведаю, якім ты будзеш, мой горад, праз 10, 20 ці 50 гадоў, але я пачынаю пісаць пра цябе з пакрытых мохам балот..." Трэба зазначыць, што на будоўлі працавалі прадстаўнікі звыш 50-ці нацыянальнасцей.

У першай зале прадстаўлены матэрыялы, сабраныя карпатлівай працай навуковых супрацоўнікаў музея, - унікальныя фотадакументы, з якіх пазнаюцца твары экскаватаршчыкаў, бульдазерыстаў, працоўных будаўнічых брыгад. Некаторым з іх пазней было прысвоена высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы. Вынік працы першабудаўнікоў яскрава бачны на першым маштабным макеце горада, у якім гараджане пазнаюць не толькі свае дамы, але нават і пад'езды. Заключная частка экспазіцыі - зала "Наваполацк сёння", дзе паказана развіццё гарадскіх структур у часе, дасягненні горада ў галіне культуры,аховы здароўя, сістэмы адукацыі, сацыяльнай сферы. Там жа прадстаўлена і галерэя партрэтаў ганаровых грамадзян горада. У адпаведнасцямі з найноўшымі музейнымі стандартамі, у кожнай з чатырох залаў знаходзяцца плазменныя экраны з праектарамі, якія дэманструюць кароткія відэастужкі са значнымі і знакавымі падзеямі гісторыі горада, сабраныя навуковымі супрацоўнікамі музея.

Дзіяна БАРОЎСКАЯ, дырэктар, Вольга АБРАМАВА, старшы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі і культуры Наваполацка

 На здымку: дзённік М.Кускова.