Ёсць на што падзівіцца дый чаму здзівіцца…

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

Штуршком для гэтай маёй журналісцкай паездкі на Кобрынскае Палессе стала запрашэнне на справаздачны канцэрт з нагоды 20-годдзя народнага клуба аматараў фальклору “Магдаліна” Магдалінскага сельскага дома культуры. Уласна кажучы, мясціна гэтая вабіла мяне з таго дня, як дзіцячы калектыў “Магдалінка” у складзе клуба аматараў фальклору заваяваў Гран-пры такога складанага і скіраванага выключна на авалодванне аўтэнтычнай народнай культурай рэспубліканскага фестывалю, як “Берагіня”.

 /i/content/pi/cult/115/328/Kultasvet3.jpg
Збіралася прыехаць у Кобрынскі раён, каб падрабязна напісаць пра “Магдалінку” яшчэ пад Новы год. Ды
нечакана сутыкнулася з дзіўным пытаннем:

— Чаму вам, журналістам, менавіта “Магдалінка” патрэбна? Чаму не хтосьці іншы? У нашым раёне столькі цікавых людзей і калектываў! — даказвала па тэлефоне начальнік раённага аддзела культуры Надзея Жук.

— Дык гэта ж натуральна! Да таго, хто перамог на рэспубліканскім ці міжнародным конкурсе, фестывалі, заўсёды бывае ўсплёск цікавасці. А ўжо што мясцовую культурную спадчыну “Магдалінка” прадставіла на “Берагіні” проста цудоўна, я сама бачыла. Ды што я? У складзе фестывальнага журы былі лепшыя ў краіне спецыялісты.

Вышэйзгаданае — толькі маленькі фрагмент тэлефонных размоў, якія тады даводзілася весці. Мой выезд у камандзіроўку па розных прычынах задоўжыўся. Так што трапіла я ў Магдалін з другой спробы і пасля таго, як паездзіла па раёне.

Забягаючы наперад, скажу: імпрэза з нагоды 20-годдзя фальклорнага клуба “Магдаліна” сталася, бадай, самым яркім момантам камандзіроўкі.

Хаця, як недарэмна зазначыў падчас нашай сустрэчы намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валерый Іванюк, у раёне ўвогуле ёсць на што паглядзець. Гэта і годныя культустановы, і помнікі, і унікальная этнаграфія.

Там-сям па вёсках яшчэ дагэтуль захаваліся старадаўнія песні і карагоды, вышываныя дробненькім крыжыкам адмысловыя льняныя кашулі і фартушкі, традыцыйныя андаракі. Жанчыны-доўгажыхаркі яшчэ не развучыліся апранаць-”завіваць” галаўныя ўборы наміткі, якія тут называюць платамі. А дзяды яшчэ не забыліся, што чым больш пражыта гадоў і здзейснена спраў, тым шырэйшым павінен быць традыцыйны тканы пояс. Прытым, ледзь не ў кожнай вёсцы свае адметнасці. І, як гаворыцца, “шчо сальцэ, то словцэ”.

Наша размова з намеснікам старшыні райвыканкама В.Іванюком была найперш пра рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла і пра падмурак гэтай праграмы — аграгарадкі.

— Тры з іх, — гаварыў Валерый Пятровіч, — у вёсках Хідры, Стрыгава і Астромічы — ужо адкрыты. На сёлетні год запланаваны чатыры — у Песках, Кісялёўцах, Осе і Буховічах. А ўсяго за час рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы на Кобрыншчыне павінна з’явіцца 15 аграгарадкоў.

Прытым, — тлумачыў намеснік старшыні райвыканкама, — за год цалкам “давесці” аграгарадок не заўсёды рэальна. Таму інфраструктуру аграгарадкоў, што будуць здавацца ў наступным годзе, рыхтуем ужо зараз. Работы трэба выканаць немаленькія. У Песках, да прыкладу, будуць адрамантаваны Дом культуры, амбулаторыя агульнай практыкі, запрацуюць і комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання, і аддзяленне “Беларусбанка”. Не ведаю, ці прымяркоўвала да Дзяржаўнай праграмы сваю будоўлю Праваслаўная Царква, але і царква ў Песках узводзіцца таксама. У Буховічах мы лічым прарывам здачу сярэдняй школы, яна да таго была доўгабудам. За выключэннем спартыўнай залы, якая будзе завершана да здачы ў Буховічах аграгарадка, школа ўжо працуе. Рамонт школ, дарэчы, запланаваны і ў Песках, і ў Осе.

Гарадзец.
Культурніцкі досвед у асобна ўзятым сельсавеце

Заўсёды прыемна сустрэцца падчас журналісцкай вандроўкі з чалавекам не толькі глыбока кампетэнтным, але і няўрымслівым, адданым сваёй справе.
Мне думаецца, менавіта такі чалавек — старшыня Гарадзецкага сельсавета і член райвыканкама Марыя Здановіч. Каля дваццаці гадоў працуе яна ў Гарадзецкім сельсавеце: напачатку была сакратаром і вось ужо пятнаццаць гадоў яго ўзначальвае. За гэты час, зразумела, назапашаны немаленькі досвед. І, пэўна, ніхто так, як Марыя Ігнацьеўна, не ведае ўсіх тутэйшых асаблівасцей, дасягненняў і праблем.
Ужо на пачатку размовы з ёй стала зразумела, што старшыня сельсавета вялікае значэнне надае і культуры ўвогуле, і мясцовай культуры як частцы агульнага цэлага.
— У нас у кожнай вясковай школе, — распавядала Марыя Ігнацьеўна, — музей народнай творчасці: у Грушаўскай школе-садку, у Акцябрскай школе, вялікі музей з некалькімі заламі — у Гарадзецкай сярэдняй школе.
Ёсць свае музеі ў Каменскай сельскай бібліятэцы, на першы дзень Вялікадня адкрыўся музей і ў Кустовіцкім сельскім Доме культуры. Сабрана шмат цікавых гістарычных і этнаграфічных экспанатаў. У Кустовіцкім ДК і Каменскай бібліятэцы ўстаноўлены нават кросны. Ёсць майстрыхі, здольныя перадаць сваё ўменне, і мы ўжо пакрысе пачынаем вучыць працы на тых кроснах дзяцей.
Са школьным музеем у Гарадцы, які прапанавала наведаць Марыя Ігнацьеўна, пазнаёмілі дырэктар школы Раіса Рак і дырэктар музея, настаўніца гісторыі Галіна Чыжэўская.
Да вайны на гэтым месцы быў касцёл. Адразу пасля яе — дзіцячы дом.
Сучасная школа займае ўжо, зразумела, плошчы значна пашыраныя. Але размяшчэнне школьнага музея ў старых мурах уяўляецца цалкам лагічным.
Па выніках 2003 — 2005 гадоў музей, дарэчы, стаў пераможцам конкурсу Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі на лепшую даследчыцкую работу. Шкада, што не было магчымасці паглядзець музей больш падрабязна, бо экспанатаў там шмат, яны самыя разнастайныя. Ёсць рэшткі старадаўняга чоўна, археалагічныя знаходкі, кнігі, прадметы побыту, традыцыйнае адзенне.
Асобная экспазіцыя прысвечана часам Вялікай Айчыннай вайны, землякам-ветэранам, расказваецца і пра аднавяскоўца, які загінуў у Афганістане, увогуле пра цікавых тутэйшых людзей.
Што мяне найбольш уразіла, дык гэта “Беларуская хатка”. Этнаграфічныя куточкі цяпер — і гэта вельмі добра — можна сустрэць ці не ў кожнай установе культуры і адукацыі. Але ў Гарадцы ён зроблены куды больш грунтоўна: гэта і сапраўды цэлая хата ўнутры адной з музейных залаў. Прытым, звонку можна пабачыць, як выглядаў калісьці крыты чаротам дах. А ўнутры прадстаўлены інтэр’ер некалькіх пакояў вясковага дома 50-ых гадоў мінулага стагоддзя.
Прыемнае ўражанне пакінуў Гарадзецкі дзіцячы садок, што знаходзіцца тут жа, побач са школай, і ў які мы з Марыяй Здановіч таксама зазірнулі.
Потым у двары школы старшыня сельсавета паказала векавы дуб, які рос некалі яшчэ каля касцёла і якому, па некаторых меркаваннях, гадоў пад 400.
Цікава было даведацца і пра шматлікія мерапрыемствы, што ладзяць тутэйшыя работнікі культуры. Летась, да прыкладу, у Каменскім СДК праходзіў раённы семінар па сямейнай абраднасці. Грушаўскі дом культуры дэманстраваў на ім адроджаны перадвясельны абрад “Вяночкі”, а Акцябрскі — усё, што звязана з вясельным караваем. ЗАГС з удзелам культработнікаў праводзіў ганаровую рэгістрацыю дваццаці пяці гадоў сумеснага жыцця сям’і і пяцідзесяцігадоў сумеснага жыцця.
Важна і тое, што ўшаноўваюцца 70-80-гадовыя юбіляры. Летась у сельсавеце адзначалі нават 100-гадовы юбілей — жыхаркі вёскі Малы Рудзец Настассі Кулік.
Аграгарадка ў Гарадзецкім сельсавеце пакуль няма. Але ў наступным годзе ён павінен адкрыцца. І літаральна перад маім прыездам закончылася пасяджэнне выканкама сельсавета, на якім абмяркоўвалася падрыхтоўка да здачы гарадка з прыстаўкай “агра-”. У згаданых школе і дзіцячым садку плануецца замяніць дахі, дзверы, устанавіць шклопакеты. Новы ДК вырашылі не будаваць. Ёсць дамоўленасць з раённым аддзелам культуры аб набыцці і ператварэнні ў Дом культуры будынка былой гаспадарчай крамы. Застанецца за ім і цяперашні невялікі будынак, у якім размесцяцца гурткі. Намечаны вялікія работы па добраўпарадкаванні, па афарбоўцы будынкаў, у тым ліку і прыватных дамоў, у крамах павінны з’явіцца новыя інтэр’еры. У Гарадцы ёсць праваслаўная Свята-Узвіжанская царква. У наступным годзе, як мяркуецца, у гэтай вялікай вёсцы з’явіцца яшчэ адна праваслаўная царква. Яна будуецца на спонсарскія сродкі аднаго з землякоў, які жыве ў Падмаскоўі.
... І хоць аграгарадка ў Гарадзецкім сельсавеце яшчэ няма, слова гэтае трывала ўваходзіць ва ўжытак. Шэраг новых дамоў для працаўнікоў сяла, пабудаваных не так даўно ў суседнім Грушаве, вяскоўцы назвалі па-свойму — “аграгарадок”. А ўсяго за час рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на тэрыторыі сельсавета пабудавана 47 прэзідэнцкіх дамоў.


Акцябр.
“Каралеўскія завітаначкі”


Больш непасрэдна работу па адраджэнні традыцыйнай культуры на тэрыторыі сельсавета я пабачыла ў вёсцы Акцябр, дзе дырэктар СДК Ала Шаўчук пазнаёміла з вельмі адметным мастацкім калектывам.
Створаны ён год таму, але ў пэўным сэнсе мае глыбокія карані.

Адначасова я атрымала магчымасць пазнаёміцца з вельмі цікавай асобай — Марыяй Кірылюк, яна ж — самадзейная паэтэса, стараста вёскі і пераможца абласнога конкурсу каравайніц на фестывалі “Палескі карагод”. Марыя Кірылюк працавала дырэктарам Акцябрскай 8-гадовай школы. Даўно ўжо збірае Марыя Андрэеўна традыцыйнае адзенне, даследуе мясцовыя абрады. Таму і недзіўна, што калі ўзнікла ідэя стварыць у Доме культуры калектыў, які б займаўся адраджэннем народных абрадаў і песень, кіраваць гэтым калектывам прапанавалі ёй.

— Сядзець на пенсіі, — кажа Марыя Кірылюк, — няма калі. Зрэшты, з Домам культуры звязана ўсё жыццё яе сям’і. Муж Васіль Іванавіч больш за 40 гадоў адпрацаваў дырэктарам гэтага ДК. Сёння тут жа мастацкім кіраўніком працуе іх сын Віктар. Дачка Іна скончыла Гродзенскае культасветвучылішча. У ДК пакуль няма вакансіі, таму працуе ў школе выкладчыцай музыкі і кіруе дзіцячым вакальным калектывам. Ды разам з маці на грамадскіх пачатках падымае “Каралеўскія завітаначкі”.

Адкуль, дарэчы, такая незвычайная назва? Аказваецца, да 1939 года вёска гэтая называлася Шляхецкі камень. І сапраўды, ёсць у яе наваколлі камень — вялікі і адметны. Суседняя вёска называлася Каралеўскі камень. А недалёка адсюль і Каралеўскі канал — па ім некалі, кажуць, праплыў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Шляхецкі камень за савецкім часам перайменавалі ў Акцябр. Але сельгаскааператыў на месцы былога калгаса ці то як напамін аб гісторыі, ці проста дзеля адметнага брэнда ў сваю чаргу назваўся “Каралеўскі”. Такім чынам, першае слова ў назве калектыву — ад назвы гаспадаркі. А другое? Наконт яго ў Марыі Андрэеўны наступнае тлумачэнне.

— Апранаючы народныя строі, — кажа яна, — мы завіваем (падобнае па гучанні слова) традыцыйныя платы. Улічыце і тое, што мы завітваем у глыбокія пласты гісторыі, каб данесці да сучаснай моладзі звычаі і мастацтва продкаў. Ды ўвогуле гатовы завітаць са сваёй праграмай туды, куды запросяць.

Апроч сваёй “разыначкі” — каравайнага абраду, “Каралеўскія завітаначкі” ладзяць “Вяночкі”, “Калядкі”, “Масленку”, “Дажынкі”, вярнулі ў побыт вёскі “Зажынкі”.

— У музыцы,— лічыць Марыя Андрэеўна, — кіраўнік калектыву ўжо хутчэй дачка Іна. У яе — веды, спецыяльная адукацыя.

У школе з дзецьмі Іна — прозвішча яе зараз — Сахарчук — увогуле глыбока працуе — вучыць іх аўтэнтычным народным спевам.

— Пачыналі мы, — узгадвае яна, — як, мусіць, усе — з сучасных рытмаў. Калі ж пачалі паглыбляцца ў традыцыйную культуру, дык увесь гэты караочна-блочна-эстрадны накірунак адышоў на другі план. Менавіта ў народнай культуры — і прыгажосць, і мастацтва, і маральнасць, і досвед пакаленняў. Школа ў нас рускамоўная, таму ў сем’ях ужо часцей размаўляюць па-руску. Дзяцей даводзілася вучыць мясцовай гаворцы амаль што наноў. Напачатку яны саромеліся. Але калі пабачылі, што маюць поспех, усё змянілася. Дзве удзельніцы майго дзіцячага калектыву нават выступалі на абласным фестывалі “Радавод”.

… Знаёмства з мясцовымі вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў этнаграфічным пакоі. Фотаздымак Марыі Кірылюк у гэтым цудоўным атачэнні і народным строі з выпечаным яе ўласнымі рукамі караваем. На заканчэнне “Каралеўскія завітаначкі” паказалі, калі можна так сказаць, папуры са свайго рэпертуару — песні і апрацаваныя народныя, і аўтарскія, і абрадавыя.

Калі ж унучка Марыі Андрэеўны Юля Сахарчук праспявала ў аўтэнтычнай манеры ўрывак з традыцыйнай кобрынскай “Вяснянкі” — з непаўторным тутэйшым адценнем гучання і пачуцця, — дык я не вытрымала, папрасіла праспяваць гэтую песню яшчэ раз і на прыродзе. А пакуль мы вярталіся да Дома культуры, я ў захапленні разглядала вытанчана вышытыя кашулю і фартушок — лічы, музейныя экспанаты, — у якія была апранута дзяўчына.

— За выключэннем галаўнога ўбору, на мне — вясельны строй маёй прабабкі, — заўважыўшы мой погляд, патлумачыла Юля.   

Якая ж вёска без школы мастацтваў?

 

У Гарадзецкі сельсавет я яшчэ вярнуся ў сваім расповедзе з камандзіроўкі па Кобрыншчыне. Пакуль раскажу пра ўбачанае ва ўжо ўведзеным аграгарадку ў недалёкіх ад Акцябра Астромічах. У гэтай вёсцы мы ўвечары таго ж дня пабывалі разам з начальнікам раённага аддзела культуры Надзеяй Жук.

У Астромічах пабачыла два аб’екты — Цэнтр культуры і баўлення вольнага часу і школу мастацтваў. У Цэнтры, дзе размяшчаецца і бібліятэка, найбольш уразіў рамонт, зроблены, як кажуць, у еўрастылі, з прымяненнем сучасных матэрыялаў.

— Радуе тое, — гаварыла дырэктар Цэнтра Тамара Сінкавец, — што да нашай культустановы, і да яе аднаўлення стаўленне ў вёсцы самае зацікаўленае. Не пакідае нас па-за ўвагай старшыня гаспадаркі Уладзімір Псышчаніца. А моладзь увогуле працавала тут падчас рамонту побач з будаўнікамі.

У дзень нашага прыезду у Астроміцкім цэнтры культуры і баўлення вольнага часу праходзіў справаздачны канцэрт школы мастацтваў, падчас якога можна было ўбачыць увесь спектр таго, чаму тут вучаць. У школе займаецца амаль 100 дзяцей. Мае Яна тры аддзяленні — баян-акардэон, фартэпіяна, харэаграфія — і тры філіялы — у вёсках Запруды, Стрыгава, Лука. Тое, з якой адказнасцю і любоўю ставяцца дзеці да заняткаў, можна было заўважыць і падчас выступленняў, і па тым, колькі фотаздымкаў рабілі вучні школы на памяць. Асабліва ж уразілі ігра на фартэпіяна таленавітай навучэнкі выпускнога 7-га класа Насці Мельнікавай і выступленне юнага баяніста Валодзі Гушчы, які ўжо і сам піша музыку. У 8 гадоў Валодзя ўдзельнічаў у фестывалі-конкурсе “Пралескі” ў Брэсце, у 9 — стаў лаўрэатам ІІІ ступені Рэспубліканскага агляду-конкурсу імя І.Жыновіча .

А што да школы мастацтваў увогуле, дык 2 гады таму яна адзначыла сваё 20-годдзе. Як мне расказалі, у свой час гэта была адзіная ў краіне музычная школа, што фінансавалася за кошт калгаса.

— Ды проста не можа быць сучаснай вёскі без такой установы, як музычная школа ці школа мастацтваў! — патлумачыў мне гэтае сваё рашэнне колішні старшыня гаспадаркі Мікалай Сядзюк. — Я зразумеў гэта раней за іншых яшчэ таму, што маю і другую, рэжысёрскую адукацыю.

Да здачы Астромічаў у якасці аграгарадка часткова адноўлены і інтэр’еры ў школе мастацтваў. А ўсяго, як паведаміла Надзея Жук, у рамонт дзвюх устаноў культуры ў Астромічах укладзена 317 мільёнаў рублёў.

 (Працяг тэмы —у наступным нумары “К”.) 

Наталля РУСАК,
наш спецкар.
Мінск — Кобрынскі раён — Мінск
Фота аўтара