Скрыпка тчэ “ручнік”

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

Скрыпка, “Жытніца” і ліра… Тры гэтыя словы — як дамінанты творчага жыцця Уладзіміра Вааксы. За кожным — і пошук сябе, і яркі творчы здабытак. А ўсё разам — мастацкая прастора дырэктара Арэхаўскай дзіцячай школы мастацтваў Клічаўскага раёна, адной з лепшых на Магілёўшчыне. І ў прасторы гэтай Уладзімір Ваакса пачувае сябе як гарманіст на вяселлі.

 

/i/content/pi/cult/234/3275/12-5.jpg
/i/content/pi/cult/234/3275/12-6.jpg
Уся музыка свету Скрыпка - дарагая. Прыдбала яе для ДШМ мясцовае сельгаспрадпрыемства. Бярэ Ваакса смык у рукі (насамрэч, не гарманіст ён, а скрыпач) - і гучыць уся музыка свету, але найперш - беларуская, з якой "тчэ" музыкант, аранжыроўшчык і кампазітар бясконцы святочны "ручнік". І танцуе смык-чаўнок... А жонка Уладзіміра Вааксы - Алена - дырыжор хору, сын Арцём - таксама скрыпач. Музыкант - і маленькі сын Георгій. А ўсе Вааксы ды плюс выкладчыкі ДШМ - народны ансамбль народнай песні і музыкі "Жытніца". Заўжды багаты ўраджай Песень ды мелодый у рэпертуары "Жытніцы" - што зерня ў засеку. І штогод расце "ўраджай". Стварылі Вааксы ансамбль у 1991-м і з таго часу ладзяць этнаграфічныя экспедыцыі па Магілёўшчыне, шукаюць абрады ды напевы. А потымдаўніна інтэрпрэтуецца, інструментоўка ярчэе, а шматгалоссе набывае непаўторны каларыт. І пачынаюцца гастролі па родным Клічаўскім раёне, вобласці, Расіі, Латвіі, Эстоніі, Малдове, Аўстрыі. На сценцы ў кабінеце дырэктара ДШМ няма ўжо месца ад дыпломаў і грамат. "Прыручаны" гук Уладзімір Ваакса - не толькі "Паганіні", але і "Страдзівары": час ад часу закасвае рукавы, а сталярны інструмент - напагатове. У выніку такіх "адпачынкаў" нараджаецца інструмент музычны: колавая ліра, дудка ці сурна... Хтосьці запытаецца: навошта? Маўляў, ці ж з пальцамі скрыпача кранаць рамесніцкі рыштунак? Але хто зразумее музыканта, які ўсё жыццё імкнецца "прыручыць" гук? Напэўна, толькі музыкант

 На здымках: дырэктар Арэхаўскай ДШМ Уладзімір Ваакса з уласнаручна зробленай лірай; народны ансамбль народнай песні і музыкі "Жытніца".

Фота аўтара

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"