Керамічны карабель

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

“Кераміка: пластычна і актуальна” — пад такой назвай на базе Кіраўскай бібліятэкі адбылося пасяджэнне членаў клуба маральна-эстэтычнага выхавання “Светлячок”.

 

А напярэдадні гэтага мерапрыемства была арганізавана аднайменная выстаўка керамічных вырабаў з фонду Віцебскага раённага цэнтра народных мастацкіх рамёстваў "Адраджэнне". Майстар Алеся Сарбаш пазнаёміла "светлячкоў" з тэхналогіяй нарыхтоўкі і апрацоўкі гліны, метадамі працы з пластычным прыродным матэрыялам. І пазнаёміла не на словах, а - на практыцы. У выніку з'явіліся кветкі, птушкі, караблі, казачныя героі, жыхары вадаёмаў. Вырабы засталіся ў бібліятэцы сохнуць. Далей яны адправіліся ў Цэнтр рамёстваў на абпал і толькі пасля гэтага вярнуліся да сваіх юных гаспадароў. "Светлячкі" спадзяюцца, што майстар-клас Алесі Леанідаўны стане для іх не апошнім.

Вольга ПАЛУНЧАНКА, загадчык бібліятэкі аграгарадка "Кіраўскі" Віцебскага раёна