Спявак, якому паверылі

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

Сёлетні поспех Калдуна, як танк, раструшчыў аргументы ўсіх скептыкаў. Хаця яшчэ летась пад уражаннем мінулых няўдач Беларусі на “Еўрабачанні” той-сёй лічыў, што нашай краіне наогул не варта браць удзел у гэтым конкурсе. Забываючыся пры гэтым на вядомую ісціну: адмоўны досвед — таксама досвед. І калі б гэтага досведу не было, магчыма, Беларусі не ўдалося б так хутка стаць “сваёй” і пазнавальнай у абойме краін-лідэраў. Варта нагадаць, што ў многіх удзельнікаў гэта не атрымалася яшчэ і дасюль, нягледзячы на ладны стаж.

Фінал сёлетняга конкурсу задаволіў прагу гледача да новых уражанняў, прапанаваўшы яму цэлую “абойму” нумароў, здатных скалануць органы пачуццяў з той ці іншай сілай. Большай стылёвай пярэстасці на “Еўрабачанні” ніколі раней не было і, здаецца, ужо не будзе. Пасля леташняй неспадзяванкі з “Lordi” ад традыцыйнага “конкурснага фармату” засталося адно шмаццё — але сёлета ён, мусіць, уваскрэсне, бы Фенікс з попелу. Бо, як няцяжка заўважыць, у дзесятку пераможцаў патрапілі пераважна тыя выканаўцы, якія гэтаму фармату ў той ці іншай ступені адпавядалі, часам аж занадта, як эмісары ад Турцыі і Расіі, што падаліся б “шаблоннымі” нават у старыя часы.

І гатычна-металёвая дзіва Ганна, і фолкавы “Дэрвіш”, і “тэатр ценяў” з Літвы, і французскія фрыкі з “Les Fatals Picards”, і калега нардычнай Б’ёрк — Сафо з цёплай Грузіі падзялілі незайздросны лёс аўтсайдэраў. Відавочна, ірландцы заслугоўвалі лепшага за апошняе месца — і, напэўна, яго атрымаюць. Але не на “Еўрабачанні”. Ды і астатнія таленавітыя музыкі са згаданага вышэй спісу не прападуць...

Гэты конкурс засведчыў, што жаданне раўняцца на леташняга лідэра — не больш прадуктыўнае за гандаль леташнім снегам, іначай шведская глэмавая каманда “The Ark” яўна заняла б куды вышэйшую пазіцыю.

І ў гэтым сэнсе канцэптуальнае рашэнне беларускай каманды не “закоўваць” Калдуна ў манструозна-глэмавы імідж, які ён на пачатку атрымаў “у нагрузку” да песні “Work your magic”, выглядае папраўдзе мудрым. У выніку доўгай эвалюцыі свайго вобраза (прамежкавую яе стадыю зафіксаваў відэакліп песні) Дзіма застаўся... Дзімам. Імпульсіўным спеваком з магутным вакалам, абаяльным і інтэлігентным хлопцам. А песня ў яго атрымалася пра магію “звычайных” чалавечых пачуццяў, без усялякага налёту поп-акультызму.

У такім амплуа Калдун стаў куды бліжэйшым да слухацкай аўдыторыі. Сёлетні фінал засведчыў, што людзі цягнуцца да тэлефона не толькі і не столькі пад уражаннем ад маляўнічага шоу. Гэтае жаданне з’яўляецца ў іх і тады, калі яны папраўдзе вераць выканаўцу. Верка Сярдзючка заняла толькі другое месца, а перамогу атрымала менавіта спявачка, якой паверылі. Менавіта гэтым, па вялікім рахунку, можна патлумачыць і поспех Калдуна.

Конкурс — 2007 скончыўся, але... Адным з важных урокаў, атрыманых намі за гады ўдзелу ў “Еўрабачанні”, стала перакананне ў тым, што насамрэч гэтае спаборніцтва доўжыцца круглы год. Тамму падчас апошняй калегіі Міністэрства культуры РБ яго кіраўнік Уладзімір Матвейчук заклікаў работнікаў культуры ўсіх рэгіёнаў рыхтаваць патэнцыяльных эмісараў ад Беларусі на наступны год ужо сёння.

І сапраўды, адпачываць на лаўрах не след. Досвед многіх краін сведчыць, што страціць свае конкурсныя пазіцыі куды прасцей, чым іх здабыць. А гэта, пагадзіцеся, яшчэ больш крыўдна, чым не дачакацца запаветнага канверта ў паўфінале.