Казкі пра каханне-new

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

У той час, як частка оперных салістаў, хору і аркестра нашага Вялікага тэатра накіравалася з прэм’ерай “Трубадура” ў Германію, астатняя трупа Беларускай оперы прапанавала гледачу некалькі “новых старых” спектакляў, гэткіх “напаўпрэм’ер” — даўно вядомых пастановак, у якіх упершыню выступілі новыя салісты. 30 кастрычніка Іяланту ў аднайменнай оперы П.Чайкоўскага праспявала Марына Ліхашэрст. А 3 лістапада ў “Травіяце” Дж.Вердзі публіка слухала лаўрэата міжнародных конкурсаў, прымадонну Латвійскай Нацыянальнай оперы Санору Вайцэ.

 

/i/content/pi/cult/234/3266/7-4.jpg"Казка для дарослых" пра сляпую дачку караля Рэнэ ўяўлялася Чайкоўскаму філасофскай гісторыяй не толькі пра сонечнае, але і духоўнае святло. Вобраз дзяўчыны, якая, не ведаючы жыццёвых рэалій, жыве ўласным светам адчуванняў і мар, М.Ліхашэрст стварыла надзвычай дакладна і кранальна. Уразіла добрая дыкцыя спявачкі, глыбокае ўнікненне ў змест кожнай фразы, розная тэмбравая афарбоўка голасу ў пранікнёных зваротах да блізкіх ёй людзей - і яркіх гімнічных кульмінацыях, накіраваных да нябёсаў. Але самому спектаклю, пастаўленаму ў 1993 годзе Вячаславам Цюпам і адроджанаму ў 2004-м у новай сцэнічнай версіі Маргарыты Ізворска-Елізар'евай, не хапала таго "жывога жыцця", што ператварае канцэртнае выкананне ў папраўдзе тэатральнае...

/i/content/pi/cult/234/3266/7-5.jpgА вось опера Вердзі, пастаўленая ў нашым тэатры Сусанай Цырук 12 гадоў таму, заззяла радасцю сапраўднага адкрыцця. Найперш - дзякуючы латвійскай госці, якая змагла "запаліць" астатніх удзельнікаў новым прачытаннем усім вядомай гісторыі кахання. Яе Віялета паўстала не "паміраючай лябёдкай", якая ціха згасае, выклікаючы спачуванне сваёй безабароннасцю, а - радаснай жанчынай, якая бярэ ад жыцця ўсё, што магчыма, і змагаецца за яго да апошняга. Яна ўвогуле не "памірае", а проста імкліва збягае - быццам пераносіцца ў іншае часавае вымярэнне. Такая трактоўка цудоўна ўпісалася ў сцэнаграфію гэтага спектакля, нафантазіраваную Людмілай Ганчаровай. Памятаю, як у 1997-м, напярэдадні прэм'еры, некаторыя жартавалі, што дзея, маўляў, адбываецца ў... пудраніцы. Але тая фантазійная металічна-люстэркавая канструкцыя і сёння надае спектаклю найсучасны выгляд - без аніякага перанясення оперных падзей у ХХІ стагоддзе. Бо тая "пудраніца" глядзіцца то касмічнай талеркай, то святочным фуршэтам з сафітамі ўверсе, то тэрасай са шкляным дахам, падобным да крышталя нашай Нацыянальнай бібліятэкі, то ігральным сталом, на якім раскідваюць карты, то ілюмінатарам з халоднымі снежнымі краявідамі, што ў момант смерці ператвараюцца ў чорнуюкасмічную дзірку. Чым не ідэальная формула асучасненага прачытання класікі?

Замест рэальных побытавых рэчаў, што заўсёды "выдаюць" пэўную эпоху,- сімвалічны антураж, які дазваляе цалкам сканцэнтравацца на вечных ва ўсе часы псіхалагічных адчуваннях герояў. Пачуццёвы голас Саноры Вайцэ з папраўдзе драматычнымі ноткамі ў ніжнім рэгістры і светлымі, бліскучымі вярхамі, якія пры неабходнасці могуць гучаць з ціхай пранікнёнасцю, дапаўняўся фенаменальнай сцэнічнай рухавасцю артысткі. Дзесьці яна вольна абыходзілася нават з асобнымі фіярытурамі і рытмам нотнага тэксту, але надала выкананню той жывы подых, без якога музыка папросту памірае. Пераўтварыліся і некаторыя мізансцэны: яны набылі большую зменлівасць, імправізацыйнасць, якая вымусіла адгукацца партнёраў. Альфрэд, надзелены цудоўным лірычным тэнарам Юрыя Гарадзецкага, аказаўся надзвычай парывістым, імклівым юнаком, здольным на ўсё дзеля каханай. Аркестр (дырыжор - Вячаслаў Воліч) клапатліва сыходзіў у цень, саступаючы месца салістам, якія маглі не баяцца спяваць у неабходныя моманты з трапяткой пяшчотнасцю. Чым не оперны "майстар-клас"?!

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"