- Мы ездзілі на гастролі адначасова ў Італію і Іспанію,- расказаў дырэктар - мастацкі кіраўнік ансамбля, народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч, - дзвюма групамі па 20 чалавек. У Італіі арганізатары знялі для нас кватэры ў невялічкім гарадку сярод горных краявідаў. Выступалі ж мы ў турыстычных цэнтрах на адкрытых пляцоўках. Канцэрты адбываліся ледзь не штодзень, але ж быў час і на мора з'ездзіць. Так што нашы артысты купаліся ажно ў трох морах: Іанічным, Адрыятычным, Міжземнаморскім.
Скончылася вандроўка запрашэннем правесці ў наступным годзе перадкалядныя канцэрты ў тэатры. Так што будзем рыхтаваць зімовыя нумары, кампазіцыю "Авэ Марыя". Паўтара месяца артысты правялі ў Іспаніі - таксама з запрашэннем выступіць увесну. Дый у студзені нас чакаюць гастролі ў Турцыі. Мы яшчэ ніколі не былі ў гэтай краіне, так што паедзем знаёміцца. Вядуцца і перамовы наконт паездкі ў Кітай. Ды ўсё ж хацелася б часцей сумяшчаць такія гастрольныя выступленні з удзелам у замежных фестывалях. Вядома, фестывальныя вандроўкі не прыносяць грашовага прыбытку, але даюць магчымасць завязаць новыя кантакты, прадэманстраваць сваё майстэрства не толькі публіцы, але і спецыялістам, калегам. А галоўнае - удзел у фестывалях дае інфармацыю пра сучасны стан народнага танца ў свеце, развіццё новых напрамкаў творчасці.
- Урачыстыя святкаванні пройдуць на сцэне нашага Вялікага тэатра. Здаецца, вы ведаеце яе з дзяцінства? Бо калісьці навучэнцы харэаграфічнага вучылішча займаліся непасрэдна ў тэатры...
- Сапраўды, я - "дзіця куліс". Удзельнічаў у многіх спектаклях, таму ўжо ў 8 гадоў вывучыў на памяць палову опернага рэпертуару. Таму правядзенне юбілейнага канцэрта як сумеснай акцыі з оперным тэатрам - абсалютна заканамернае. Удзельнічаць у юбілейным канцэрце хацелі многія салісты і калектывы. Але мы вырашылі запрасіць толькі тых, з кім адчуваем духоўную роднасць і ўжо рабілі сумесныя нумары: Нацыянальны народны хор імя Г.Цітовіча, "Сяброў", "Песняроў", Ірыну Дарафееву. Увогуле ж, хочацца, каб святкаванні хутчэй скончыліся і можнабыло б заняцца будзённай працай.
- Няўжо будні лепшыя за святы?
- Дэвіз нашага калектыву - "Толькі наперад!". У хуткім часе ў нас нават з'явіцца нумар "Наперад!" на музыку Івана Кірчука. І журналісты, паводле традыцыі, стануць яго першымі гледачамі.