Даследчыца віцебскіх нетраў

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

60 гадоў спаўняецца аднаму з найвядомых археолагаў Беларусі Вользе Мікалаеўне Ляўко.

Яна нарадзілася 21 мая 1947 г. у вёсцы Астравок Капыльскага раёна. Праўда, усе свае дзіцячыя і юнацкія гады правяла на Украіне, куды перасяліліся яе бацькі. Але кожнае лета наведвала родны Астравок, прыязджаючы да бабулі.

Пасля школы паступіла ў Днепрапятроўскі дзяржаўны універсітэт на гістарычны факультэт, затым перавялася ў Беларускі дзяржаўны універсітэт. Вучобу сумяшчала з працай у Інстытуце гісторыі АН БССР у сектары археалогіі, які на той час узначальваў вядомы навуковец Леанід Побаль. Ён аказаў пэўны ўплыў на фарміраванне асобы Вольгі Мікалаеўны, у першую чаргу як навукоўцы. Яна брала ўдзел у яго экспедыцыях, набывала досвед палявых работ: раскопак, разведак.

В.Ляўко была ў ліку першых даследчыкаў, якія пачалі мэтанакіравана вывучаць матэрыяльную культуру гарадоў Беларусі перыяду Вялікага княства Літоўскага. У 1976 г. яна прыступіла да вывучэння старажытнага Віцебска. Помнік быў складаны: вялікая таўшчыня культурнага пласта, насычанага рэшткамі драўлянай забудовы, шмат знаходак. Менавіта па матэрыялах раскопак у Віцебску Яна распрацавала класіфікацыю і храналогію рэчавых комплексаў XIV — XVIII стст., якімі сёння карыстаюцца многія даследчыкі гэтага перыяду.

У 1980 г. Вольга Мікалаеўна абараніла кандыдацкую дысертацыю ў Санкт-Пецярбургскім (тады Ленінградскім) універсітэце. А ўжо праз год выдала сваю першую кніжку «Витебские изразцы XIV — XVIII вв.». У 1984 г. выйшла яе манаграфія «Витебск XIV — XVIII вв.», у якой на падставе археалагічных і пісьмовых крыніц падаецца гістарычная рэканструкцыя гэтага горада. Пазней былі кнігі па гісторыі гандлёвых сувязей Віцебска і сярэднявечнай кераміцы ПаўночнаУсходняй Беларусі.

В.Ляўко вывучала таксама Віцебскае княства і ваяводства. Аб’ектамі яе ўвагі былі замкі ў Езярышчах, Смальянах, Копысі, Шклове, Гарадку. Праводзіла раскопкі ў Оршы і Талачынскім раёне, дзе ў 1981 г. вызначыла месцазнаходжанне мястэчка Абольцы, вядомага па пісьмовых крыніцах з 1385 г. Даследавала і старажытны Друцк. Вывучала курганныя пахаванні і помнікі манументальнага дойлідства. Спектр навуковых інтарэсаў В.Ляўкодаволі шырокі: паходжанне і ранняя гісторыя славян, засяленне імі паўночна-ўсходняга рэгіёна Беларусі, узнікненне і развіццё гарадоў, станаўленне іх тапаграфічнай і сацыяльнай структуры, развіццё рамёстваў і гандлёва-культурныя сувязі гарадоў Беларусі з блізкімі і далёкімі землямі. Вынікі яе шырокіх даследаванняў былі абагульнены ў доктарскай дысертацыі, паспяхова абароненай у 2000 годзе.

І зараз Вольга Мікалаеўна працягвае актыўную навуковую дзейнасць. Яе імпэту, працаздольнасці і мэтанакіраванасці можна пазайдросціць. Яна аўтар больш за 150 навуковых публікацый, у тым ліку 7 манаграфій, навуковы рэдактар шэрагу кніг і зборнікаў. Безумоўна, да вялікай заслугі В.Ляўко можна залічыць працу па падрыхтоўцы і выданні чацвёртага тома “Археалогіі Беларусі”, прысвечанага XIV — XVIII стст., дарэчы, самага вялікага і змястоўнага, да таго ж, прыгожа аформленага. Не так даўно выйшла яе манаграфія «Средневековые территориально-административные центры северо-восточной Беларуси», дзе аўтар падсумоўвае вынікі сваёй амаль 30-гадовай працы.

Займаецца В.Ляўко і выкладчыцкай дзейнасцю — чытае лекцыі ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце, выпусціла вучэбны дапаможнік для студэнтаў «Практическая археология», кіруе аспірантамі і суіскальнікамі.

Сёння В.Ляўко — вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Яна ўзначальвае Цэнтр гісторыі даіндустрыяльнага грамадства і аддзел выкарыстання і захавання археалагічнай спадчыны.

Яе намаганнямі ў Інстытуце гісторыі ствараецца археалагічны музей, у якім будуць увасоблены дасягненні беларускай археалогіі за апошнія 50 гадоў. Некалі Леанід Давыдавіч Побаль марыў пра такі музей, рабіў захады па яго стварэнні. Вользе Мікалаеўне гэта аказалася пад сілу. Можна сказаць, яна аддзячыла свайму настаўніку, ажыццяўляючы яго маару на карысць наступных пакаленняў беларускіх археолагаў.

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ,
кандыдат гістарычных навук