Дырыжорскія споведзі

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

Учора, позна ўвечары, завяршыўся Першы Адкрыты конкурс харавых дырыжораў імя народнага артыста СССР, народнага артыста Беларусі, прафесара Віктара Роўды. У ім узялі ўдзел 14 маладых дырыжораў з Мінска, Гродна і Масквы. Журы ўзначаліў загадчык кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, прафесар Валерый Аўраменка.

Конкурс стаўся сапраўдным "музычным прынашэннем" памяці вялікага маэстра. На яго адкрыцці дэманстраваўся дакументальны фільм пра В.Роўду "Мая 80-я восень". Удава дырыжора Сафія Ваяводская перадала ў дар Акадэміі, дзе Віктар Уладзіміравіч працаваў да апошняга дня жыцця і амаль паўстагоддзя ўзначальваў кафедру, якой сёлета спаўняецца 75 гадоў, каштоўныя ўзнагароды, атрыманыя ім за працу са студэнцкім хорам.
 Цяпер хор Акадэміі музыкі ўзначальвае вучаніца В.Роўды - лаўрэат міжнародных конкурсаў Інеса Бадзяка, якая і стала адным з арганізатараў дадзенага творчага спаборніцтва. А сам хор Акадэміі стаўся адной з галоўных дзейных асоб конкурсу. Бо ў абодвух турах удзельнікі павінны былі дэманстраваць непасрэдную працу менавіта з гэтым калектывам. Быў вызначаны і адпаведны рэпертуар, і абавязковы твор - трохчасткавая "Споведзь" беларускага кампазітара Вячаслава Кузняцова на тэксты Льва Талстога. Дый лістападаўскі час правядзення конкурсу быў абраны невыпадкова: 10 лістапада - 87 гадоў з дня нараджэння В.Роўды, а 18-га - 2 гады з дня яго смерці.
Аляксей СВЕЦІЧ