Наш першы народны артыст

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

У даволі няблізкім 1882 годзе, у маі, наша зямля нарадзіла равесніка Янкі Купалы і Якуба Коласа, яшчэ аднаго тытана беларускай культуры — Уладзіслава Галубка, першага народнага артыста Беларусі.

 /i/content/pi/cult/115/325/Galubok1.jpg
Пісьменнік, драматург, рэжысёр, акцёр, мастак — гэта ўсё праявы яго шматграннага таленту. Трэба адзначыць, што ў 1995 годзе яго імя гучала на ўсю Беларусь, калі ў Баранавічах і Баранавіцкім раёне, на радзіме аднаго з бацькоў беларускага тэатра, праходзіў рэспубліканскі фестываль аматарскіх тэатраў пад назвай “Гасціны ў Галубка”. Фестываль ставіў сваёй мэтай развіццё і прапаганду аматарскага тэатральнага мастацтва, спасціжэнне творчай спадчыны і ўшанаванне памяці аднаго з заснавальнікаў беларускага тэатра.
На той час Баранавічы зрабіліся тэатральным горадам, у які з’ехаліся не толькі лепшыя аматарскія тэатры Беларусі, але і госці з замежжа: тэатры з Польшчы, Францыі, Расіі, Украіны. Пачэсны ўдзел у
 /i/content/pi/cult/115/325/Galubok2.jpg
фестывалі бралі і артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы. Мне, як рэжысёру-пастаноўшчыку і аўтару сцэнарыя фестывалю, давялося перачытваць не толькі творы Галубка, але і ўсё напісанае пра яго. Пашчасціла мне тады знайсці і малавядомыя звесткі пра яго жыццёвы і творчы лёс.

У апошнія гады жыцця творчасць Уладзіслава Галубка была звязана з Гомелем. Менавіта ў гэтым горадзе я адшукаў чалавека, які быў з ім у блізкіх творчых стасунках. Міхаіл Сімкоўскі працаваў мастаком-дэкаратарам аматарскага тэатра і добра ведаў Галубка. Іх аб’ядноўваў агульны інтарэс— жывапіс.

Яны разам хадзілі на эцюды ва ўлюбёную мясціну за горадам. Сімкоўскі са святой павагай ставіўся да Уладзіслава Галубка, бо бачыў у ім свайго настаўніка, часта раіўся з ім, паказваючы свае эскізы, бываў і на спектаклях, у якіх той іграў.
І вось аднойчы Сімкоўскі зайшоў у тэатр, але Галубка не застаў: яго арыштавалі, хтосьці ўгледзеў у ім “ворага народа”, “шпіёна”. Хацелі знішчыць і яго карціны, якіх было больш за 70. Але Міхаілу Сімкоўскаму ўдалося забраць творы Галубка і размясціць іх у Палацы культуры чыгуначнікаў.

І тут пачалася вайна… Усе каштоўнасці з Палаца культуры былі вывезены ў Пензу. Толькі прыйшоўшы з фронту, Сімкоўскіпаехаў туды шукаць мастацкую спадчыну Уладзіслава Галубка. Некалькі карцін удалося знайсці. Менавіта дзякуючы Міхаілу Сімкоўскаму, да нас дайшлі тры карціны У.Галубка.

 /i/content/pi/cult/115/325/Galubok3.jpg
Падчас таго фестывалю ў Баранавічах мне ўдалося адшукаць і былую артыстку Галубкоўскага тэатра — Надзею Нарчук. З Галубком Надзея Нічыпараўна пазнаёмілася ў Гомелі, калі трапіла ў студыю пры тэатры БДТ-ІІІ. Датуль артыстычны лёс не быў да яе літасцівы, але дзякуючы школе выдатнага рэжысёра з часам усё часцей і часцей можна было бачыць на сцэне Надзею Нарчук у розных ролях. Іграла яна і ў спектаклях з Галубком паводле яго п’ес.

На жаль, у апошнія гады імя Уладзіслава Галубка зусім сціпла ўшаноўваецца. А на сучасным этапе развіцця айчыннай культуры яго шматгранная спадчына патрабуе шырокай прапаганды.

Мікола МАКАРЦОЎ
Гомель
Фота Юрыя ІВАНОВА

Ад рэдакцыі: 15 мая ў гасцёўні Уладзіслава Галубка адкрылася прысвечаная 125-годдзю з дня яго нараджэння выстаўка “Нястомны рыцар тэатра”. У якасці ілюстрацый да гэтага артыкула выкарыстаны фатаграфіі з выстаўкі, якія належаць Дзяржаўнаму музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.