Як паведамілі ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Украіна, 5 лістапада адбылася закладка памятнага каменя на месцы будучага помніка вядомаму беларускаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу, які скончыў у свой час філалагічны факультэт Кіеўскага універсітэта. Мерапрыемства праходзіла пры ўдзеле міністра культуры нашай краіны Паўла Латушкі і міністра культуры і турызму Украіны Васіля Вавкуна. Пад час свайго выступлення міністр культуры Беларусі зазначыў, што помнік Уладзіміру Караткевічу стане яшчэ адным яскравым сведчаннем братэрства і еднасці беларускага і ўкраінскага народаў. У сваю чаргу, яго ўкраінскі калега Васіль Вавкун падкрэсліў, што рашэнне аб увекавечанні памяці Караткевіча, прынятае кіраўнікамі дзвюх дзяржаў, несумненна, з'яўляецца новай яркай старонкай у паглыбленні ўкраінскабеларускіх адносін. Таксама ў гэты ж дзень Павел Латушка разам з міністрам адукацыі і навукі Украіны Іванам Вакарчуком адкрыў Цэнтр беларускай мовы і культуры на базе Інстытута філалогіі Кіеўскага нацыянальнага універсітэта імя Тараса Шаўчэнкі.
На здымку: Павел Латушка і Васіль Вавкун у час закладкі памятнага каменя.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА