Возьмем, да прыкладу, імёны Яна Чачота, Ігната Дамейкі, Вінцэся Каратынскага і Яна Булгака. На пытанне, што іх звязвае, апрача дзейнасці на ніве асветніцтва, можна адказаць і так: карэліцкая зямля. Тут нараджаліся, сталелі, жылі і працавалі паэты, артысты, мастакі, спартсмены, дзеячы навукі, славутыя воіны. Дзякуючы руплівай працы мясцовых краязнаўцаў, сапраўдных энтузіястаў і альтруістаў, пра іх помняць, імі ганарацца. Шмат зрабіла для ўшанавання памяці сваіх землякоў і Святлана Кошур, супрацоўніца Карэліцкага раённага краязнаўчага музея. За дзесяцігоддзі руплівай працы ёй былі напісаны дзесяткі артыкулаў, змешчаныя, у тым ліку, і на старонках "К", што пралілі святло на малавядомыя старонкі дзейнасці таленавітых жыхароў Карэліцкага краю. Гэтыя матэрыялы, створаныя на базе вывучэння архіўных дакументаў ды рукапісных крыніц, склалі своеасаблівы энцыклапедычны краязнаўчы даведнік раёна - кнігу "Зямля Карэліцкая і яе славутыя людзі", якая сёлета пабачыла свет. Вялікую цікавасць выклікае гісторыя выпускніка Рымскай акадэміі мастацтваў - музыканта Пятра Конюха, куды ён паступіў толькі ў 35 гадоў. А да гэтага ўраджэнец мястэчка Турэц праявіў сябе ў бітве з фашыстамі пры Монта-Касіна, за што быў удастоены Памятнага Крыжа, а пазней - і "Зоркі Італіі".
З кнігі можна даведацца, што таленавіты музыкант удала выступаў на самых вядомых музычных пляцоўках свету, у тым ліку - у "Карнегі Холе". У выданні прыводзяцца радкі з яго лістоў на Радзіму, у якіх адчуваецца туга па сваіх родных. Аўтар распавядае і пра лёсы жанчын Карэліччыны, у тым ліку - Ганны Катажыны Радзівіл, якую ў сваім дзённіку яе сын, Міхаіл Казімір (Рыбанька), называе "найкаханай маткаю і дабрадзейкаю", Уршулі Радзівіл, што часта бывала ў Карэлічах і Міры, Ганны Сташэўскай - удзельніцы падпольнага руху ў Заходняй Беларусі, стваральніцу драматычнага гуртка ў Міры (яе расстралялі фашысты ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны)... У кнізе выкарыстанытаксама і фотаздымкі з фондаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея, сабраныя аўтарам, у тым ліку і рэпрадукцыя партрэта Адама Міцкевіча, напісанага Эжэнам Дэлакруа, зафіксаваныя імгненні важных момантаў жыцця раёна.
Максім КАПІЕВІЧ