“Тоесныя ва ўсіх пакаленнях”

№ 44 (913) 31.10.2009 - 06.11.2009 г

У час камандзіроўкі наш карэспандэнт сустрэўся з кіраўніком Беларускага грамадска-культурнага таварыства Янам СЫЧЭЎСКІМ, каб пагутарыць аб сучасным стане супрацоўніцтва паміж Беларуссю і нашымі землякамі ў Польшчы.

 

/i/content/pi/cult/233/3236/12-3.jpg- Я ацэньваю мерапрыемствы, што адбываліся, вельмі станоўча, - адзначыў Ян Янавіч. - Калі часам пытаюцца, што новага было на чарговым Гала-канцэрце Усяпольскага конкурсу беларускай песні, я заўсёды адказваю: новае - гэта самі песні, удзельнікі. Заўважце, што беларускамоўныя калектывы прыехалі ў Беласток не толькі з Падляшша, але з усёй Польшчы. Кожны фестываль мае сваю адметнасць, кожны раз з'яўляюцца новыя выканаўцы. Нас радуе той факт, што ў беларускіх спевах існуе пераемнасць пакаленняў. Удзел у фестывалі прымаюць і людзі вельмі пажылыя, ёсць удзельнікі і за восемдзесят гадоў, і выхаванцы дзіцячых садкоў. Мы ўпэнены, што калі можам развіць пачуццё нацыянальнай тоеснасці ва ўсіх пакаленняў, то гэта вельмі добра. Да юбілейнага гала-канцэрта мы рыхтаваліся з асобным пачуццём. Намагаліся стварыць разнастайную праграму. Усяго ў адборы прынялі ўдзел каля 90 калектываў з усёй Польшчы. У выніку засталося 22, чые спевы нам падаліся найлепшымі і адпаведнымі высокаму мастацкаму ўзроўню. Заўважце, сярод удзельнікаў былі і этнічныя палякі, якія па-за сцэнай размаўляюць па-польску. Адзін з іх нават выступаў з беларускай песняй на тэлевізійным фестывалі ў Варшаве. Але галоўнай адметнасцю ўсё ж такі стаў удзел у гала-канцэрце выканаўцаў з Беларусі. Мы з задавальненнем убачылі і пачулі, як шануюць роднае слова спевакі Алена Ланская і Іван Буслай. Ні з чым нельга параўнаць песні ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Генадзя Цітовіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Дрынеўскага! Гэты калектыў- сапраўдная ікона беларускай культуры.

- Як Беларускае грамадска-культурнае таварыства ацэньвае супрацоўніцтва з Культурным цэнтрам Беларусі ў Беластоку?

- Вельмі станоўча. Калі ў Таварыства пачаліся пэўныя праблемы з фінансаваннем, менавіта супрацоўніцтва з Культурным цэнтрам Беларусі дазволіла не дапусціць заняпаду і правесці Агульнапольскі конкурс беларускай песні на належным узроўні. Дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі стаў магчымым прыезд у Беласток хору імя Цітовіча, без якога наш галаканцэрт не атрымаў бы такога маштабу. Беларускі асяродак у Польшчы мае ўжо пэўныя культурныя здабыткі, і толькі ўмяшальніцтва тагачаснага Пасла Беларусі Паўла Латушкі тады дапамагло нам працягваць дзейнасць па іх захаванні і развіцці. Галоўная дапамога беларускага боку - фінансаваарганізацыйнага кшталту.

 - Як геаграфічна арганізавана дзейнасць вашага Таварыства? Дзе, акрамя Беласточчыны, існуюць актыўныя беларускія асяродкі і чым яны займаюцца?

- Беларусы ў Польшчы жывуць не толькі на ўсходзе Беласточчыны. Пасля Другой сусветнай вайны яны рассяліліся па ўсёй Польшчы. Цяпер найбольш вялікія і актыўныя групы пражываюць у Варшаве, Гданьску, іншых гарадах. У буйных цэнтрах існуюць аддзяленні нашага таварыства, працуюць асобы, якія займаюцца беларускай культурай. Усяго ў нашай арганізацыі- некалькі тысяч членаў, аднак найбольш актыўных дзеячаў - каля тысячы. Апрача фестываляў песні, мы ладзім калядаванні, мерапрыемствы для дзяцей і моладзі. Напрыклад, конкурсы "Роднае слова" - для выхаванцаў школ і гімназій, конкурсы аматарскай паэзіі, для ліцэістаў - конкурс "Сцэнічнае слова", дзе ўдзельнікі спаборнічаюць у дэкламацыі. Таксама існуюць асобныя конкурсы для школьнікаў: тэатральны, роднай песні. Кожны год ладзім Свята беларускай культуры ў Беластоку, сумесна з Саюзам палякаў праводзім Міжнародную навуковую канферэнцыю "Шлях да ўзаемнасці". Сумесна з беларускім бокам праводзім Фестываль польскай беларускай песні, які папераменна праходзіць у Беластоку і ў Гродне. Праводзім і вельмі вялікаесвята Купалля ў Белавежы, куды збіраецца да 10 тысяч гледачоў. Апрача гэтага, даём шматлікія канцэрты, імпрэзы ў розных асяроддзях Беласточчыны, дзе пражываюць беларусы. Так, наша дзейнасць вельмі разнастайная, але трэба разумець, што адбываецца яна не ў вельмі лёгкіх умовах. Таму мы вельмі ўдзячныя за тую дапамогу, якую нам аказваюць нашы суродзічы з Беларусі.