Як абысціся без раённага метадцэнтра?

№ 44 (913) 31.10.2009 - 06.11.2009 г

Самадастатковасць аддзела культуры — гэта не самаізаляцыя, а натуральная здольнасць кожным здзяйсненнем кожнай аддзелаўскай структуры давесці сваю патрэбнасць і кіраўніцтву раёна, і сельскаму спажыўцу культурных паслуг. Калі ўмовы гэтыя захоўваюцца, аддзел дыктуе культасветную палітыку рэгіёна, вядзе рэй у планавым стварэнні станоўчага духоўнага мікраклімату ў райцэнтры і на вёсцы. Дзейнасць аддзела культуры Бешанковіцкага райвыканкама цалкам пацвярджае згаданую аксіёму. Кіраўнік раёна Леанід Пянькоўскі дае самую станоўчую ацэнку рабоце раённых культасветнікаў. Нарматыў забяспечанасці расходаў на культуру (1,7 базавай велічыні: 1,5 — за кошт мясцовага бюджэту; 0,2 — за кошт аказання платных паслуг) м я с ц о в ы я клубнікі, бібл і я т э к а р ы , музейшчыкі, настаўнікі музычных школ і школ мастацтваў, а таксама супрацоўнікі Раённага дома р а м ё с т в а ў штогод з поспехам выконваюць. Няма нараканняў на работу аддзела і ў жыхароў раёна і райцэнтра. Сёлета тут праведзена ўжо амаль тры тысячы культурна-масавых мерапрыемстваў. Іхняя якасць, мяркуючы па маіх двухдзённых апытаннях, цалкам задавальняе гарпасялкоўцаў і сяльчан. Сітуацыя, быццам бы, цалкам бясхмарная, калі б не адно “але”… Якасць культурна-масавых мерапрыемстваў іншым разам не задавальняе саміх… сельскіх работнікаў культуры. Як аказалася, з той простай прычыны, што ў структуры мясцовага аддзела культуры цягам двух апошніх гадоў цалкам адсутнічае такі немалаважны складнік, як раённы метадычны цэнтр.

 

/i/content/pi/cult/233/3234/20-1.jpgБудзе свята і на вашай вуліцы!

 Перш чым патлумачыць прычыны знікнення галоўнага "штаба раённых крэатыўшчыкаў", варта распавесці, на мой погляд, вось пра што... Начальніку аддзела культуры Бешанковіцкага райвыканкама Наталлі Апанасёнак працуецца адначасова і лёгка, і складана. Лёгка таму, што дзейнічае яна ў шчыльнай звязцы са старшынёй мясцовага райвыканкама Леанідам Пянькоўскім. Узначаліў ён рэгіён два гады таму, актыўнасцю тагачаснага начальніка аддзела культуры, мякка кажучы, не задаволіўся, прыклаў усе намаганні для таго, каб на гэтай пасадзе аказалася Наталля Апанасёнак. Давер тая цалкам апраўдала,хоць здзейсніць гэта было досыць цяжка. Мяркуйце самі: аграгарадок "Вярхоўе" (адзін з дзевяці ў раёне) з 2006 года лічыўся непераходным з-за нядобраўпарадкаванага як след СДК. У аварыйным стане знаходзіўся Раённы дом культуры, што аптымізму таксама не дадавала.

 Начальніца аддзела на гэты час ператварылася ў будаўніка. А фінансаваў ліквідацыю даўгабудаў райвыканкам. У выніку СДК аграгарадка "Вярхоўе" быў здадзены напярэдадні сёлетняга Дня работнікаў культуры (на рэканструкцыю асвоена больш за 2 мільярды рублёў), а рамонт РДК будзе завершаны ўвесну (выкарыстана пры гэтым будзе прыкладна такая ж сума). Пагадзіцеся, пры сённяшнім дэфіцыце фінансаў такая разваротлівасць творчага тандэма "кіраўнік раёна - начальнік аддзела культуры" заслугоўвае самай шчырай павагі. А калі даведаўся, што Леанід Пянькоўскі асабіста кантралюе якасць правядзення тэматычных дыскатэк на вёсцы, дык захацеў абавязкова з ім сустрэцца. Шчыра прызнаюся, такой пільнай увагі з боку кіраўніка рэгіёна менавіта да зместу культасветработы нідзе больш не сустракаў. І вось што пачуў ад Леаніда Канстанцінавіча: - Чым мы можам замацаваць моладзь на сяле? Не толькі заробкамі ў сельгасвытворчасці і сучасным жыллём, але і якасцю культурнага абслугоўвання! Ніколі не забуду, якім гэтае абслугоўванне было ў час майго вясковага юнацтва: загадчыца толькі клуб адчыняла - на гэтым уся яе "творчасць" і сканчвалася, танцы ладзілі самі, нават апаратуру іншым разам сваю прыносілі... Ці ж можа мець такое "аблічча" сённяшняя сельская культура?

 /i/content/pi/cult/233/3234/20-2.jpgНам жа дзеці нашы не даруюць! З гэтых слоў старшыні, па сутнасці, і стаў распрацоўваць генеральную тэму гэтага артыкула, наўпрост звязаную з якасцю, а значыць, з метадычным і метадалагічным забеспячэннем культасветы. У аграгарадках "Вярхоўе" і "Бачэйкава" гаворку з сельскімі культработнікамі пачаў з традыцыйнага для сябе пытання: "Што прыдумалі такога, чаго нідзе няма?" і пачуў не менш традыцыйны адказ: "Святы вёсак і Святы вуліц"... Пра тое, што сельскія клубнікі не могуць сябе і сваю творчасць піарыць, пісаў неаднаразова. І эксклюзіў уласнай працы не заўжды доказна абгрунтуюць, і трыбуну "Культуры" не надта эфектыўна выкарыстоўваюць. Ды гаворка, зрэшты, не толькі пра гэта. Святы вёсак і Святы вуліц даўно сталі традыцыйнымі не толькі для Бешанковіччыны, але і для ўсёй Беларусі. Дык мо ў Бешанковіцкім раёне яны ў нечым адметныя і па сцэнарыях, і па рэжысуры пастановак? Як высветлілася, не вельмі і адметныя. Мяркуючы па сцэнарыях, нядаўнія Святы вуліц у вёсках Вярхоўе і Бачэйкава розняцца хіба што назвамі гэтых самых вуліц - Лугавая ды Зарэчная. Ніякім чынам не сцвярджаю, што названыя сцэнарыі - бездапаможныя і шэрыя па змесце. Не. Кожны канцэртны нумар - адрасны, ушаноўвае самага сталага жыхара і самага маладога, згадвае перадавікоў вытворчасці, шматдзетныя сем'і, маладыя пары, славутых землякоў, гісторыю вуліцы... Але гэты "набор" - стандартны, уласцівы для сцэнарыя, створанага і на Віцебшчыне, і на, скажам, Гомельшчыне.

/i/content/pi/cult/233/3234/20-3.jpg Дык чаму няма "разыначкі"? "А таму, што няма ў нас раённага метадычнага цэнтра", - сцвярджае дырэктар Вярхоўскага СДК Жанна Бурак, якая працуе ў сферы сельскай культуры больш за дзесятак гадоў. І дадае пра тое, што мясцовай фактурай (гістарызмамі, персаналіямі і г. д.) культасветнікі насыцяць любы сцэнарны матэрыял, а вось прыдумаць сцэнарныя хады, рэжысёрскія "хітрыкі", іскрамётную трактоўку адметных сюжэтаў удаецца далёка не кожны раз. І тут без творчай падтрымкі РМЦ - ну ніяк! А я, у сваю чаргу, згадаў прыклад з жончынай настаўніцкай практыкі. Шукала яна сучасны сцэнарый для выпускнога балю. Вырашыў дапамагчы. Пакуль яна абыходзіла метадычныя кнігарні, я пазычыў сцэнарый у маці, якая ўсё жыццё адпрацавала ў школе. Праўда, распрацоўка даўнаватай была - гэтак гадоў 1960-х. Але на бязрыб'і... А тут і жонка патэлефанавала: маўляў, урэшце прыдбала патрэбны зборнік. Вынік жа быў і смешным, і сумным адначасова: сучасны сцэнарый да літаркі супаў са сцэнарыем паўвекавой даўніны! Карацей - "асятрына" другой свежасці. А вывад адзіны: метадыст і ў адукацыі, і ў культуры - спецыяліст штучны, на галаву вышэйшы за шараговых спецыялістаў. Няма першага - другія змушана нараджаюць плагіят...

/i/content/pi/cult/233/3234/20-4.jpgЦКС забаранілі фінансісты

А вось і гісторыя з Бешанковіцкім раённым метадычным цэнтрам. Як паведамляе галоўны спецыяліст аддзела культуры Фаіна Ткачонак, гэтая структура існавала ў раёне да 2006 года. Тагачасны начальнік аддзела культуры, прааналізаваўшы работу ўстаноў галіны на Магілёўшчыне, вырашыў пераўтварыць "метадычны штаб" у цэнтралізаваную клубную сістэму. Крок быў, як падаецца, самым абгрунтаваным. ЦКС, як і цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, што ўзнікла дзесьці ў 1970-х, зарэкамендавала сябе на той жа Магілёўшчыне (а тут ЦКС узніклі з дзесятак гадоў таму) самым цудоўным чынам. І справа - не толькі ў пэўнай фінансавай самастойнасці замкнёнай цэнтралізаванай клубнай сістэмы (маю на ўвазе гнуткае матэрыяльнае стымуляванне і гарадскіх работнікаў, і сельскіх). Гаворка тут, у першую чаргу, - пра цэнтралізаванае, а таму - планавае і сістэмнае арганізацыйна-метадычнае і інфармацыйнае забеспячэнне менавіта сельскай культуры. Дарэчы, пісаў пра гэта неаднаразова, апошнім разам - на прыкладзе аддзела культуры Чавускага райвыканкама Магілёўскай вобласці (№ 39 "К" за 2008 г.). Мяркуйце самі пра эфект метадычнага новастварэння.

 Сельскія ўстановы культуры ў гэтым раёне планава курыруюць 5 метадыстаў: адзін адказвае за статыстычную справаздачнасць і работу з электроннай поштай, другі - за фальклор і этнаграфію, трэці - за стасункі з моладдзю, чацвёрты - за выкарыстанне філарманічных пляцовак і тэатралізаванае абслугоўванне, пяты - за ўзаемадзеянне з дзецьмі і падлеткамі. Штодня метадысты - на сяле. Вынік такой падтрымкі ў тым, што ў кожным сельскім клубе рэалізоўваюцца адметныя аўтарскія праграмы. А лепшая сельская ўстанова вызначаецца штогод на конкурсе "Клубная талака". ЦКС дзейнічае пры Чавускім цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы. За правядзенне ж культурна-масавых мерапрыемстваў у горадзе адказваюць супрацоўнікі Гарадскога цэнтра культуры і адпачынку... Прыкладна гэтую схему мэтавай падтрымкі сяла і ўзялі на ўзбраенне ў Бешанковічах. Мясцовая ЦКС праіснавала тры гады. Але, як паведамілі мне ў аддзеле культуры, пасля райфінаддзелаўскай праверкі дзейнасць клубнай сістэмы з-за выяўленых парушэнняў была спынена на нявызначаны тэрмін. Не буду аналізаваць выяўленыя хібы. Цікавіць, урэшце, іншае: чаму і па сёння сельскія клубы тут не маюць сістэматычнага метадзабеспячэння? Начальнік аддзела культуры Наталля Апанасёнак цалкам згодная з тым, што цяпер, калі патрабаванні да якасці культурнага абслугоўвання ўзраслі неймаверна, без райметадцэнтра проста не абысціся. І шчыра прызнаецца: да ўзнаўлення дзейнасці ЦКС пакуль яшчэ рукі не дайшлі. Дык што, няма ў Бешанковічах метадыстаў увогуле? Не.

/i/content/pi/cult/233/3234/20-5.jpgТры метадысты па-ранейшаму абслугоўваюць работу РДК, і паколькі Дом культуры не гарадскі, а раённы, то імкнуцца забяспечыць метадычнай падтрымкай і сяло. Іншая справа, што тры метадысты на 20 сельскіх клубных устаноў - кропля ў моры. Таму і выязджаюць яны на раён не па плане, а па патрэбе, і пра нейкую сістэмнасць тут гаворкі пакуль няма. Словам, раённы метадцэнтр у Бешанковічах ператварыўся ў метадычны кабінет пры РДК, дзе тры метадысты павінны адказваць і за стан спраў у гарпасёлку, і на сяле. Як сцвярджае начальнік аддзела культуры і мастацтва ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Галіна Баркевіч, гэта ніякім чынам не супярэчыць заканадаўству аб мясцовым самакіраванні. Маўляў, як самі вырашылі, так справа і рухаецца. Пытаюся ў Галіны Фёдараўны: а як даўно абласныя службы правяралі дзейнасць метадкабінета ў Бешанковічах? Аказваецца, гады тры як не было тут ніякіх праверак: спецыялістаў мала, а раёнаў на Віцебшчыне больш за 20. Гэткі ж аргумент - і ў метадыста метадкабінета Бешанковіцкага РДК Вольгі Качанавай: нас мала, а клубных устаноў у раёне 20 ды плюс РДК. Таму перад кожным вялікім святам супрацоўнікі 11 СДК, 9 сельскіх клубаў збіраюцца ў Бешанковічах і вось такім масавым "мазгавым штурмам" вырашаюць, якім будзе масавае мерапрыемства ў кожнай з вёсак раёна. Грошы ж на праезд выкарыстоўваюцца немалыя...

Вось што яшчэ паведаміла мне начальнік аддзела культуры і мастацтва абласнога ўпраўлення культуры Галіна Баркевіч. На ўтварэнне ЦКС на Віцебшчыне па прыкладзе Магілёўшчыны няма ніякай прававой базы. Метадычная падтрымка - рэч неабходная, але і сам сельскі работнік культуры павінен разумець: ад ягонай актыўнасці, самадастатковасці і творчай няўрымслівасці наўпрост залежыць, на якой групе аплаты ён знаходзіцца - на першай ці чацвёртай. З апошнім цалкам згодны. Але самадастатковасць - не самаізаляцыя, і ніякі раённы семінар не заменіць творчага дыялога на ўзроўні "метадыст - сельскі работнік культуры". Прынамсі, якраз пра гэта мне даводзілі ў кожнай сельскай установе культуры, якія наведаў за час камандзіроўкі, як, дарэчы, і пра тое, што трэба адраджаць не проста раённы метадычны цэнтр, а менавіта цэнтралізаваную клубную сістэму. А якое меркаванне ў дырэктара Віцебскага абласнога метадцэнтра Івана Лабацкага? Пра сітуацыю ў Бешанковічах ён ведае, цалкам пагаджаецца, што яе трэба змяняць. Хаця б з такой нагоды: з 1 студзеня 2009 года па 1 студзеня 2010-га Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ладзіць Рэспубліканскі агляд-конкурс абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці і культурна-асветнай работы не толькі дзеля больш эфектыўнага навуковага і арганізацыйна-метадычнага, інфармацыйнага забеспячэння галіны, але і для павышэння ролі метадычных цэнтраў як дынамічных сацыякультурных інстытутаў у сучасным развіцці рэгіёнаў. Ды, па меркаванні Лабацкага, ініцыятыва па пераструктурызацыі метадычнай работы ў рэгіёнах павінна зыходзіць ад мясцовых улад. І гэта цудоўна разумее начальнік аддзела культуры Бешанковіцкага райвыканкама Наталля Апанасёнак. Ад будаўнічага буму ў раёне яна за два гады адышла, з азамі кіраўнічай дзейнасці пазнаёмілася, пры падтрымцы старшыні ўзялася за ажыўленне творчага складніка. Асноўны дарадца тут - галоўны спецыяліст аддзела культуры Фаіна Ткачонак, якая працуе ў галіне не адзіндзесятак гадоў...

А як на Магілёўшчыне?

 Менавіта Фаіна Ткачонак, пабываўшы на семінары ў Магілёўскай вобласці, і па сёння не страціла спадзеў на аднаўленне на Бешанковіччыне ЦКС, "запаліла" гэтай ідэяй і сельскіх клубнікаў, якіх не маглі не прывабіць магчымасці складання і рэалізацыі розных па змесце і мэтах аўтарскіх праграм. Але як быць з адсутнасцю прававога грунту для такой структурызацыі? Па просьбе бешанковіцкіх работнікаў культуры я скантактаваўся з дырэктарам Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алегам Хмяльковым. Вось што ён распавёў. Прававы грунт узнікнення ЦКС з'яўляецца адразу пасля таго, як мясцовыя ўлады прымаюць рашэнне аб пераструктурызацыі раённых метадычных цэнтраў. Ініцыятыва арганізацыі ЦКС прыналежыць аддзелам культуры. Асноўны накірунак дзейнасці - планавая дапамога сялу... На Магілёўшчыне існуе Савет дырэктараў ЦКС, які акамулюе ўсе навінкі культасветы, што няўхільна ўкараняюцца па рэгіёнах. Цэнтралізавана распаўсюджваецца метадычная літаратура: па 20 - 30 выданняў у год, якія абласны метадцэнтр рыхтуе на падставе перадавога досведу, назапашанага не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Натуральна, шараговы культасветнік і маральна, і матэрыяльна зацікаўлены ва ўласным прафесійна-кар'ерным росце. Але па сённяшнім часе, імклівым у інфармацыйным плане, толькі адной самаадукацыі яўна недастаткова. Крэатыў, па меркаванні Хмялькова, нараджаецца збольшага ў выніку шчыльнага сістэмнага супрацоўніцтва метадыста і клубніка. Ідэя і яе рэалізацыя каштуюць, як вядома, дорага. А ЦКС пры пэўнай канцэнтрацыі крэатыўных сіл і фінансавых сродкаў дазваляе хоць нейкім чынам дыферэнцыраваць матэрыяльнае стымуляванне лепшых работнікаў сельскай культуры... Каментарыі тут, як кажуць, залішнія...

 Даўні дэфіцыт

У аграгарадку "Вярхоўе" СДК, ДШМ і сельская бібліятэка размешчаны пад адным дахам. Будынак - шыкоўны. А пры новай форме непазбежна ўзнікае патрэба ў новым змесце. Шчыра кажучы, крэатыўных задумак у дырэктара СДК Жанны Бурак, мастацкага кіраўніка Наталлі Лісічонак і акампаніятара ВольгіФеакціставай пакуль няма. Віды культурных паслуг цалкам традыцыйныя: згаданыя ўжо Святы вёсак і вуліц, віншаванні, канцэрты, дыскатэкі... Апошнія сапраўды тэматычныя, бо знаходзяцца пад кантролем у старшыні райвыканкама. У мінулыя выхадныя танцавальны вечар меў назву "Электронная музыка і свет мабільных тэлефонаў". Мясцовая моладзь кажа: было сапраўды весела, займальна і цікава. Іншых арыгінальных прыдумак у плане работ я не заўважыў. Тут і ўзнікла гаворка пра адсутнасць раённага метадцэнтра. Казалі дзяўчаты, што амаль не ведаюць аб цікавых знаходках у сельскіх установах іншых раёнаў Віцебшчыны, а адставаць ад павеваў часу не хочацца. Словам, на метадычныя ідэі - даўні дэфіцыт. І яшчэ адна праблема - недахоп метадычнай літаратуры. Айчыннай мала, а тая, што ёсць - састарэлая. Таму дапаможнікі, у пераважнай большасці - расійскія, набываюць клубніцы за ўласныя, немалыя, грошы. Таму метадычны дадатак нашай газеты "Куфар-радца" карыстаецца папулярнасцю. Неаспрэчна адно: маладому начальніку аддзела культуры Бешанковіцкага райвыканкама патрэбна цяпер неадкладная і дзелавая падтрымка абласнога ўпраўлення культуры і абласнога метадычнага цэнтра. Без дзейснага штаба, як вядома, ніводная армія не даб'ецца перамог. Дый дарэчы словы старшыні Бешанковіцкага райвыканкама Леаніда Пянькоўскага прыгадаць: "Па старынцы працаваць мы сёння права не маем".

Усё ж творчасць не чэзне

 І ўсё ж будзем справядлівымі: творчасць - тая "кветка", што і без метадычнага "паліву" не чэзне. Ёсць у сферы культуры Бешанковіччыны шмат цікавага, адметнага і крэатыўнага. У аграгарадку "Бачэйкава" хоць і не надта ўнушальны па памерах будынак СДК (арандуецца частка памяшкання ў меліярацыйнага прадпрыемства), але адмысловыя праекты рэалізоўваюцца. Напрыклад - Свята Парку. Справа ў тым, што жылі калісьці ў Бачэйкаве паны Цэханавецкія. Засталіся ад іх не толькі капліца з дамком лоўчага (уласнасць меліяратараў), але і старасвецкі унікальны парк. У антуражы гэтай даўніны і было зладжана першае ў рэгіёне паркавае свята з канцэртамі, тэатральнымі дзеямі, выстаўкай службовых сабак. Дырэктар СДК Тамара Дзятлава,мастацкі кіраўнік Наталля Гарбачова мяркуюць зрабіць летняе свята традыцыйным, а сюжэтным стрыжнем чарговага мерапрыемства стануць пошукі... скарбу Цэханавецкіх, схаванага, як сцвярджаюць, у парку. У чым поспех дзяўчат? Ды збольшага і ў тым, што часты госць бачэйкаўскіх культасветнікаў - метадыст РДК Вольга Качанава. Паколькі паркаў такіх у раёне некалькі, начальнік аддзела культуры Наталля Апанасёнак прапанавала кіраўніку раёна зрабіць Святы паркаў раённым культурным брэндам. Самы натуральны крэатыў! Безумоўна, Леанід Пянькоўскі пагадзіўся імгненна і паабяцаў спрыяць фінансава. Гэтак жа канструктыўна было вырашана і пытанне з пошукам памяшкання для салонакрамы па рэалізацыі работ народных майстроў, што працуюць у Раённым доме рамёстваў. Крама размесціцца ў маляўнічым дамку паблізу ад РДР, дзе пакуль "кватаруе" сельсавет. Будуць выдаткаваны грошы і для рамонту фасада самога Дома рамёстваў, а ля яго неўзабаве з'явіцца дзіцячы парк. * * * Мы доўга разважалі з метадыстам РДК Вольгай Качанавай, якая эвалюцыя чакае ў перспектыве сельскія ўстановы культуры. Яны пераўтворацца праз час, як пераканана Вольга Паўлаўна, у... "народныя філармоніі" з уласным метадычным штатам, бо любы метадыст - не толькі тэарэтык, але і сапраўдны артыст-практык. Хто ж спрачаецца?

Мінск - Бешанковіцкі раён - Мінск Фота аўтара

 На здымках:

Увесну рамонт РДК будзе завершаны.

 Старасвецкі парк Цэханавецкіх, дзе ладзяцца адмысловыя святы.

 Вярхоўскі СДК пасля рэканструкцыі.

 Дом лоўчага.

СДК у вёсцы Бачэйкава.

Тут размесціцца салон-крама па рэалізацыі сувеніраў народных майстроў.  

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"