“Чырвоная кашуля” авангарда “па-глебаўску”

№ 44 (913) 31.10.2009 - 06.11.2009 г

80-годдзе з дня нараджэння народнага артыста СССР, народнага артыста Беларусі знакамітага кампазітара Яўгена Глебава стала штуршком для цэлай чарады вечароў яго музыкі. І для ўспамінаў пра майстра — а яны папраўдзе могуць быць бясконцымі, не вычарпальнымі ў адной кніжцы, нядаўна падрыхтаванай удавой кампазітара. У верасні Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі прымеркаваў

 

/i/content/pi/cult/233/3233/19-1.jpgда юбілейнай даты

чарговы паказ "Легенды пра Ціля". У Беларускай дзяржаўнай філармоніі творы Я.Глебава склалі два аддзяленні канцэрта Квартэта драўляных духавых "Riviera": пералажэнні, ажыццёўленыя кіраўніком калектыву Максімам Расохам, сталі вынікам прызначанай музыканту стыпендыі Міністэрства культуры краіны. Сустрэча з удавой кампазітара Ларысай Васільеўнай і яго сынам Радзівонам (таксама, дарэчы, кампазітарам) адбылася ў ДМШ № 10 г. Мінска, што носіць імя Яўгена Глебава. Дзякуючы намаганням Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі і яго камерных складаў, музыка Я.Глебава прагучала на фестывалі, зладжаным аркестрам у Пінску. А гэтым тыднем збегліся адразу два аўтарскія вечары кампазітара: абодва - на сцэне сталічнай філармоніі ў межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Беларуская музычная восень". Адзін- у выкананні згаданага Нацыянальнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга (гл. "К" № 43 за 2009 г.), другі - у выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра на чале з маэстра Аляксандрам Анісімавым (пры ўдзеле двух дзіцячых хораў - згаданай ДМШ № 10 імя Я.Глебава і Рэспубліканскага каледжа імя І.Ахрэмчыка). Дый без усялякіх памятных дат творы Я.Глебава гучаць куды часцей за іншую беларускую музыку. Быццам кожны з іх -

нарадзіўся ў кашулі.

А між тым, гэтая прыказка мае да кампазітара самае непасрэднае дачыненне. Анатоль Багатыроў, адзін з зачынальнікаў беларускай кампазітарскай школы ХХ стагоддзя, неаднойчы згадваў, як Глебаў прыехаў у Мінск паступаць у кансерваторыю. Маўляў, заходзіць хлопец у чырвонай кашулі, на іспыце па кампазіцыі мармыча песенькі. Адчуўшы меладыйны дар, яму кажуць: "Добра, ідзіце здаваць іспыт па сальфеджыо". А ён - нот не ведае... Тая чырвоная кашулька запомнілася невыпадкова: у яе пунсовым ззянні быццам сканцэнтраваліся эстэтычныя прыярытэты музыканта, схільнасць да яркасці, кідкасці, нават эпатажу. Выхадзец з патомнай сям'і чыгуначнікаў расійскай глыбінкі, як творчая асоба ён сфарміраваўся ў канцы 1950-х і 1960-я - эпоху хрушчоўскай адлігі, бітламаніі і ўсплёску авангарда. Ягоная музычная "пунсовасць", шчодра замяшаная на захапленні лепшымі прыкладамі сусветнай эстрады і джаза, стаўшы тым авангардам "па-глебаўску", які ён прынёс у беларускую акадэмічную музыку. Музычную мову ХХ стагоддзя наша культура засвойвала "пад знакам" Д.Шастаковіча. Не ўнікнуў гэтага і Яўген Аляксандравіч, асабліва - у балеце "Альпійская балада". Вось толькі іншыя "прыходзілі" да Шастаковіча ўжо ў 1970-я, а той балет быў напісаны ў 1966 г. Ну, а да Пракоф'ева Глебаў "прыйшоў" амаль на дзесяцігоддзе раней - у 1957 г., у фартэпіянных "Фантастычных танцах", што вытрымалі далейшыя пералажэнні для розных складаў. Здавалася б, партытуры, што ўзніклі "пад уздзеяннем" такіх яркіх творчых індывідуальнасцей, як Пракоф'еў і Шастаковіч, ужо апрыёры вырачаны на забыццё: копія заўсёды больш бляклая за арыгінал. Ды не! Згаданыя творы сталі сапраўднымі "хітамі" айчыннай класікі. Бо ў кожным праглядваецца ўсё тая ж "чырвоная кашуля"- адметны глебаўскі почырк.

Звычайна яго звязваюць, найперш, з аркестроўкай, што заўсёды лічылася гэткай глебаўскай "пячаткай", музычным "аўтографам". Сапраўды, ён шукаў у інструментальных галасах штосьці неардынарнае, вельмі запамінальнае ўжо па самім сваім тэмбры. Але код да разгадкі таямніц глебаўскай своеасаблівасці, на мой погляд, трэба шукаць не столькі ў самім аркестры, колькі - менавіта ў запамінальнасці. З пазіцый ХХІ стагоддзя - гэта, калі хочаце, інтуітыўнае спасціжэнне будучага кліпавага мыслення. А яшчэ дакладней - гэткі музычны пераход"мадуляцыя" ад "Чырвонага квадрата" К.Малевіча да пазнавальных эмблем-лагатыпаў сучаснага дызайну. У музыцы такім "колерам-сімвалам" выступае тэмбр. Асабліва калі да яго дадаць новыя прыёмы ігры - забароненыя ў класічным выканальніцкім мастацтве, але распаўсюджаныя ў джазе, эстрадных плынях. На такім "спалучэнні неспалучальнага" ўзнік у сусветнай культуры так званы "трэці напрамак". Яго першапраходцам на нашай нацыянальнай глебе і стаў Яўген Глебаў. Адной са знешніх праяў таго музычнага эпатажу была якраз "хуліганская" аркестроўка. Кампазітар не цураўся бліскучай аркестравай медзі і яе шматлікіх сола - ды не звычайных, а з разнастайнымі дадатковымі эфектамі. Са смешнымі сурдзінамі"квакушкамі", з'едлівымі глісамі"пад'ездамі", а то і са спецыфічнай трэллю напрыканцы, як у тэме Ціля.

 Дарэчы, балетнае "Нараджэнне Ціля" - ці не пра самога сябе ён пісаў гэтую музыку? Яна - быццам гучны вокліч: "Вось ён, я! Глядзіце, радуйцеся!" Вядома, радаваліся не ўсе. І не заўсёды. Не толькі таму, што музыка магла не падабацца. Характар у Глебава быў далёка не самы "белы ды пухнаты": у ім зноўку вылазіла тая "чырвоная кашуля", што рэзала вочы сваёй бескампраміснасцю. Памятаю, як завітаў аднойчы Яўген Аляксандравіч на "круглы стол", якім завяршаўся чарговы з'езд Беларускага саюза кампазітараў. А трэба нагадаць, што ў 80-я і нават на пачатку 90-х многія музычныя падзеі (прычым найперш - акадэмічныя) трансліраваліся ў прамым эфіры. Гэтак жа ў прамым эфіры адбываўся і "круглы стол", дзе падводзіліся вынікі кампазітарскага форуму: плюсы і мінусы таго, што прагучала, кірункі, куды беларуская музыка і яе асобныя жанры будуць рухацца надалей. Карацей, штосьці накшталт цяперашніх ток-шоу, толькі без інтэрактыву і не ў студыі, а наўпрост у зале БСК. Дык вось, каціцца тое абмеркаванне, як па рэйках, красамоўныя музыказнаўцы не шкадуюць эпітэтаў, але ж раптам - рыпяць дзверы і з'яўляецца Глебаў. Зусім не такі лагодны, як агульны тэленастрой. Вядома, у кадр яго не бяруць, эфір, да радасці ўсіх, завяршаецца. І тут Яўген Аляксандравіч пачынае: "Ну, што? Выключылі свае камеры?" У адказ - цішыня, як перад навальніцай. Вытрымаўшы папраўдзе тэатральную паўзу, ён працягвае:

"А зараз я скажу..."/i/content/pi/cult/233/3233/19-2.jpg

 І - давай "наразаць" кола за колам: пра набалелае. "Балела" ў Глебава многае. Менавіта яму належыць крылатая фраза: "На прэм'еры кампазітарчуе свой твор двойчы: у першы і, адначасова, апошні раз". Ці гэткія "варыяцыі на тэму": "Пасля выканання аўтар выходзіць на сцэну і кланяецца, бо развітваецца са сваім творам назаўжды". Сам жа Глебаў так "развітвацца" са сваімі мелодыямі не хацеў. Таму, відаць, і працягваў ім жыццё ва ўсё новых партытурах, "пераапранаючы" фактурнае і жанравае "адзенне". Даследчыкі скажуць пра гэты прыём: аўтацытаванне. Толькі з дыстанцыі часу становіцца зразумела, што колішні ягоны эпатаж таксама выклікаўся часам гэтай унутранай безабароннасцю. Опера "Майстар і Маргарыта" не выклікала той шквал захопленых рэцэнзій, якія звычайна суправаджалі кожную глебаўскую прэм'еру. Сапраўды, ці можна ўвогуле ўкласці гэты неабдымны раман у сціслае опернае лібрэта? Тут і серыяла не хопіць. Невыпадкова журналісты абмежаваліся ўзнёслымі анонсамі, канстатацыяй фактаў і "пераказам" сюжэтных ліній, знаныя крытыкі маўчалі. Я не вытрывала і... з усім сваім юначым максімалізмам выказала "фі" на старонках адной з цэнтральных газет. У Саюзе кампазітараў на мяне глядзелі, як на самазабойцу. Яўген Аляксандравіч не вітаўся - мінаў.

А паміж залай Саюза і кабінетамі былога Аўтарскага фонду пралягаў цёмны вузкі калідор - удваіх не размінуцца, хіба калі хтосьці літаральна ўціснецца ў сцяну. Улятаю неяк туды, а насустрач - Глебаў. Назад сыходзіць позна. Нават нармальна "прыляпіцца" да сцяны не паспею. Сутыкаемся твар да твару. Я вітаюся, намагаюся прапусціць. А ён чамусьці не збіраецца праходзіць, спыніўся і стаіць. У паветры трымціць не столькі цішыня - нервовае напружанне. Раптам мне насустрач працягваецца рука. Чуецца цяжкі ўздых: "Я чытаў, што вы напісалі..." Зноў паўза, я знямела, чакаючы выбуху. А ён: "Пэўна, у нечым вы мелі рацыю". Паціснуў руку і пайшоў. З таго часу адносіны былі - самыя сяброўскія. Усе навокал толькі здзіўляліся: маўляў, як ты сумела памірыцца? Я адказвала: "А мы не сварыліся". І толькі з цягам часу паступова прыходзіла асэнсаванне, наколькі балючым для Майстра быў той мой выпад і што з яго боку патрабавалася, каб пераступіць праз натуральную чалавечую крыўду. Ужо хаця б таму, што ніводная самая лепшая рэцэнзія не параўнальная па энергазатратах і душэўнай аддачы ні з опернай партытурай, ні, тым больш, з яе пастаноўкай. А Глебаў вытрываў такіх музычнатэатральных пастановак - больш, чым хто іншы. Найперш, у балеце. Уся ягоная музыка - скрозь пластычная, ярка тэатральная: кожная тэма, бы герой аповеду, мае свой "партрэт" і характар, з іншымі не зблытаеш. А ўсе разам яны ствараюць своеасаблівы

аўтапартрэт Яўгена Глебава.

Ад Маленькага Прынца з аднайменнага балета - уменне задумвацца над простымі пытаннямі, якія ставяць звычайных дарослых у тупік. Ад Майстра з оперы паводле М.Булгакава - чараўніцтва творчасці. Ад Маргарыты з той жа оперы - прынцып ніколі нічога не прасіць. Ад Мільянеркі з аднайменнага мюзікла паводле Б.Шоу - самастойнасць. Ад Ціля ж - неўміручасць. Бо кампазітар і пасля смерці працягвае жыць у сваёй музыцы. І ў сваіх шматлікіх вучнях. Пакуль тыя вучыліся, іх нават называлі "глебавічкамі" - настолькі яны былі падобныя адзін на аднаго. А выйшлі ў самастойнае творчае жыццё - усе розныя: ад шматаблічнага Вячаслава Кузняцова і аднаго з завадатараў Беларускай асацыяцыі сучаснай музыкі Сяргея Бельцюкова да "верасовага" Васіля Раінчыка, прызнана-лірычнага Дзмітрыя Даўгалёва, стрымана-ўзнёслага Уладзіміра Карызны...  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"