Аўцюкоўскія жарты? Сапраўды… смеху варты!

№ 44 (913) 31.10.2009 - 06.11.2009 г

Работнікі сельскіх устаноў культуры ўсё часцей просяць уключаць у змест “Куфра-радцы” гумарыстычныя мініяцюры. Просьба зразумелая: і ў клубах, і ў бібліятэках дзейнічае нямала самадзейных тэатраў. Задаволіць гэтую просьбу газеце дапамог пісьменнік Уладзімір Ліпскі і зборнік “Аўцюкоўскія шуры-муры”, выдадзены летась. Аўтар — старшыня журы Усебеларускага фестывалю народнага гумару, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь — з задавальненнем пагадзіўся дапамагчы сельскім культасветнікам. Маўляў, сакавіты аўцюкоўскі жарт будзе прыдатным для любога масавага мерапрыемства. Дарэчы, жыхары гэтай вёскі звяртаюцца адзін да аднаго не іначай як “каласок” і “калінка”. А загадчык кафедры рэжысуры абрадаў і святаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў і рэжысёр Усебеларускага фестывалю народнага гумару Пётр Гуд рэкамендуе работнікам культуры выкарыстоўваць гэтыя мініяцюры на святах гумару, зборных і тэматычных канцэртах (у якасці фрагментаў канферансу), у гульнёвых сюжэтна-забаўляльных праграмах; паасобку і разам, надаўшы жартам агульную сюжэтную лінію (а дзея можа адбывацца на сцэне, вуліцы, вясковай плошчы)… Карацей, прастора для вашай творчай фантазіі— самая неабсяжная.

 

* * *

 - Даўней наша Маня была дзеўка на ўсё сяло. А цяпер - на ўсю печ.

* * *

- Марыя, збірайся, пайшлі на ферму, спазняемся.

 - А што мне збірацца? Закрыла рот і пайшла.

* * * Гудзе калгасны сход у Аўцюках: абмяркоўваюць ход пасяўной. Старшыня нечакана падымае трактарыста і просіць выступіць:

- Іван, скажы, што думаеш. Падняўся каласок, перамінаецца з нагі на нагу, у руках кепку цярэбіць. - Ну, Іван, кажы што-небудзь. Маўчыць. А сход пачынае шумець. Старшыня нервуецца:

- Давай, не цягні ката за хвост. Урэшце Іван азваўся:

- Міхайлавіч, ведаеце што, думкі пруць, а слоў няма, - сказаў і прысеў. Сход хіхікнуў, і чамусьці ўсе запляскалі ў ладкі.

* * *

 Перакуліўся камбайн у полі. Васіль не адпускае рук з руля. Круціць, як бы прадаўжае кіраваць машынай. Падбеглі сябры, пачалі камбайн ставіць на "ногі". Ачмурэлы рулявы крычыць:

- Хлопцы, не чапайце, бо перакулюся! Расказалі пра гэта Васілёвай жонцы. Яна кажа:

- Пачакайце, зараз даем боршч- убачыце, якая са мной істэрыка будзе...

 * * *

 У Аўцюках у клубе масавічка Куліна прапануе:

 - А давайце цяпер, дарагія мае, паклічам тых, без каго не абыходзіцца ні адзін Новы год! Усе крычаць: - Міліцыя, міліцыя!..

* * *

Аўцюковец - конюх. Лічыць коней. Аднаго не хапае. Злез з каня. Пералічыў. Усе! Сеў на каня. Пералічыў - аднаго не хапае. Як закрычыць: "Зноў цыганы каня ўкралі!"

* * *

- Што новенькага ў клубе? - Новы замок!

 * * *

 Аўцюковец лячыўся ў раённай бальніцы. Абяцаў доктару: - Каласок, як падымеш на ногі- дам парася. Доктар пастараўся і вылечыў аўцюкоўца. Праз нейкі час яны сустракаюцца на вуліцы. - Пацыент, што ты мне абяцаў?- нагадаў доктар. - Вядома, каласок, я не забыўся, што абяцаў. Але ж і парася выздаравела...

* * *

Аўцюкоўка сустрэла ў горадзе сваю даўнейшую сяброўку. Загаварылі пра дачок. Гарадская дый кажа: - Мая такая фарсістая: адзяецца на дзень мо разоў пяць. - Гэта што, калінка, - махнула рукой аўцюкоўка. - Мая адзяецца на дзень мо дваццаць пяць разоў. Гараджанка дзівіцца: - Маёй семнаццаць гадоў, а тваёй колькі? - Маёй, калінка, - сем месяцаў!..

 * * *

 Аўтаінспектар даганяе машыну з Аўцюкоў, якая вязе кароў на мясакамбінат. Пыл на дарозе - што пясчаная бура ў пустыні. Уключыў мегафон, дае каманду: - Вадзіцель!.. Вазьмі ўправа!.. Некалькі разоў паўтарыў просьбу. Раптам машына тармозіць. Шафёр выскоквае з машыны, бяжыць у лес. Аўтаінспектар - за ім. Дагнаў. - Чаму ўцякаеш? - Думаў, каласок, карова загаварыла. - Дзе твая пуцёўка? - Каб у мяне была пуцёўка, я на Чорным моры загараў бы. - Твае правы? - Каб "дакумент" быў у мяне, я б не кароў вазіў.

 * * *

Адзін аўцюковец вельмі бедаваў: сыну пяты год, а ён не гаворыць. Хлопчыка вазілі па дактарах, шаптухах, народных лекарах. Аднойчы сядзяць у хаце, заняты хто чым. У печы бульба варыцца. Раптам сын, які не ўмеў гаварыць, крычыць: - Бульба згарэла! Бацькі кінуліся да печы і бачаць: агонь выпарыў з чыгуна ўсю ваду, паліць клубні. Падбягаюць да дзіцяці: - Сыночак, родненькі, а чаму ж ты так доўга маўчаў? - Дагэтуль бульба ніколі не падгарала... Ці не так і ў дарослым жыцці? Толькі тады пазнаём бяду, калі яна пераступае парог. Толькі тады пачынаем разумець чалавека, калі ён у адчаі крычыць...