Сонейка і… Новы год

№ 44 (913) 31.10.2009 - 06.11.2009 г


 

 Песенны тандэм Уладзіміраў Карызнаў, бацькі і сына, даўно вядомы ў нашай краіне. Але ж ці так гэта проста: ствараць песні на вершы бацькі, аднаго з аўтараў тэксту Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь? Тым больш, і да музыкі ён мае самае прамое дачыненне. У свой час Уладзімір Іванавіч сачыніў некалькі вакальных твораў, а доўгі час увогуле ўзначальваў колішнюю музычную рэдакцыю Беларускага радыё. Дый сёння ён - член многіх мастацкіх саветаў, уваходзіць у склад журы песенных конкурсаў. Пэўна, менавіта бацька ў свой час прывіў Валодзю, які зацікавіўся музыкай, любоў да добрай паэзіі, высокай літаратурнай класікі. - У творчасці мы з бацькам, - кажа Уладзімір Карызна-малодшы, - быццам узаемадапаўняльныя сасуды. Прачытаўшы яго верш, я адразу бачу, ці змагу напісаць на гэты тэкст песню. Здараецца, штосьці прашу змяніць - і бацька пагаджаецца, бо добра разумее, наколькі ў песні бывае важным не толькі рытміка слоў, але і тое ці іншае спалучэнне літар. Дый ён не толькі заўсёды выступае першым слухачом маіх песень, але і выказвае свае парады, да якіх я прыслухоўваюся.

- А як ставяцца да вашых песень жонка-піяністка і дзеці? Яны ж у вас - усе музыканты, лаўрэаты міжнародных конкурсаў. І, мабыць, у кожнага - свой густ.

 - Калі Насця з Ванем былі маленькімі, усе мае песні ведалі на памяць. Падлеткамі сталі выказвацца больш стрымана: маўляў, нічога, гэтак жа працуй і надалей. Цяпер жа яны абое вучацца ў Парыжы, але ў розных кансерваторыях, бо там іх ажно чатыры. Насця - па класе скрыпкі, Ваня - на віяланчэлі.

 - Дык гэта яны - тыя "дзеці сонца", пра якіх спяваецца ў аднайменнай песні?

- Дзіцём сонца павінен быць кожны чалавек. Бо калі сонца дорыць нам святло, дык і кожны з нас павінен выпраменьваць яго для астатніх. Гэтая песня была напісана зусім нядаўна, яна яшчэ шукае свайго выканаўцу, - і я з радасцю дару яе ўсім, хто мае патрэбу.

 - У песні "З Новым годам!" свая гісторыя. Памятаю, над яе запісам на радыё яшчэ працаваў гукарэжысёр, а рэдактар адной з навагодніх праграм, выпадкова зазірнуўшы ў студыю, радасна ўсклікнула: "Супер! Праз 10 хвілін дамо песню ў эфір!"

- Пасля песня прэзентавалася ў асобнай перадачы, гучала ў шэрагу іншых, але ўпершыню слухачы пачулі яе менавіта так - здавалася б, спантанна, што, мабыць, і вырашыла яе шчаслівы лёс. Бо калі я змрочным лістападаўскім вечарам звярнуўся да гэтага купалаўскага верша, напісанага ў канцы 1921 года, дык здзівіўся, наколькі ён актуальны - быццам звернуты да вечнасці. Рэдактар змяніў у ім хіба некалькі слоў, каб дадаць больш святочнага настрою.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"