“Пашпарт...”для святла

№ 44 (913) 31.10.2009 - 06.11.2009 г

Уявіце сабе глядзельную залу, якая ўзрываецца апладысментамі яшчэ да таго, як падымецца заслона. Святло і візуальныя спецэфекты захапілі наведвальнікаў не менш, чым ігра акцёраў, дэкарацыі і рэжысура. Так адбылося пад час спектакля ў адным з мінскіх тэатраў. Ды ўсё ж прыклад той — адзін з рэдкіх момантаў, калі працу мастака па асвятленні заўважаюць і ацэньваюць. Часцяком, нягледзячы на яе натуральную заўважнасць, такія спецыялісты застаюцца “за кулісамі” прадстаўлення. Дакладна вызначыць іх пасаду ў штатным раскладзе, як сведчыць практыка, складана. Разабрацца ў абавязках, умовах працы, магчымасцях развіцця і праблемах усіх работнікаў устаноў культуры, чыя дзейнасць непасрэдна звязана з асвятленнем, даў нагоду Рэспубліканскі семінар “Патрабаванні да арганізацыі работы мастакоў па асвятленні”. Яго арганізаваў у сталіцы Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

 

  Высвятляецца надзённае

 У сталіцу з'ехаліся спецыялісты па асвятленні сацыякультурных і тэатралізаваных мерапрыемстваў, тэхнікі па святле і гуку, мастакі, інжынеры па асвятленні ўстаноў культуры з розных рэгіёнаў Беларусі. Як бачым, адзінай назвы прафесіі і пасады для гэтай катэгорыі спецыялістаў сёння не існуе, ды і абавязкі ў работнікаў розныя: часам яны зводзяцца да распрацоўкі асвятлення спектакляў, а некаторым даводзіцца займацца заказам лямпаў, наладкай дарагога абсталявання, сачыць за бесперабойнай працай старой гукавой і светлавой тэхнікі і, у дадатак, думаць пра мастацкі падыход да выяўлення ідэі мерапрыемства. Безумоўна, такога кшталту неакрэсленасць не можа не адбівацца на якасці як тэхнічнага, так і творчага боку імпрэзы. Пагутарыўшы ў кулуарах семінара з маладымі спецыялістамі ў гэтай прафесіі, высветліла, што іх турбуе недастатковая абсталяванасць у малой клубнай установе, адсутнасць тэарэтычных і практычных ведаў у рабоце са сцэнічным святлом, жаданне кіраўніцтва ўстаноў культуры скарачаць колькасць тэхнічных работнікаў, у выніку чаго на аднаго чалавека ўскладаецца дастаткова шмат абавязкаў. А некаторыя дырэктары і наогул дзіўна вызначаюць прыярытэты. Адзін з тэхнікаў па асвятленні распавёў, што іх кіраўнік больш зацікаўлены ў "дырэктары па дыме", чым у мастаку па святле: так бы мовіць, спецэфект лепш заўважны.

Дарэчы, якраз моладзь у час абмеркаванняў надзённых пытанняў сыходзілася на думцы: у іх невялікіх тэатрах ці дамах культуры проста "не дараслі" да прафесійнага абсталявання, не разумеюць яго значнасці, удзелу ў агульнай працы і, адпаведна, выніку ад яе. Разам з тым, адной з прычын недастатковага развіцця прафесіі становіцца слабая матэрыяльная база. Хаця, безумоўна, дастаткова і станоўчых прыкладаў. Задаволены сваёй працай Сяргей Кудрэвіч і Антон Лукашэнка, якія працуюць інжынерамі па асвятленні ў Цэнтры культуры "Віцебск". Вялікі парк абсталявання, усе абавязкі дакладна вызначаны, прафесійны мастак па святле кіруе працэсам, а яны, маючы тэхнічную адукацыю, вырашаюць, якімі сродкамі дасягнуць максімальнага поспеху. А вось некаторыя спецыялісты з малых і сярэдніх гарадоў літаральна ў адзін голас адзначаюць: мы, маўляў, адпаведнай адукацыі не маем, але абавязаны ведаць прызначэнне кожнай лямпы, прыбора, купляць іх, самастойна манціраваць. Пагутарыўшы з дырэктарам барысаўскага тэатра "Відарыс", што працуе на базе тамтэйшага Палаца культуры імя М.Горкага, даведалася: у калектыве вельмі зацікаўлены ў мастаку па святле. "Сёння ў нас няма ніводнага спецыяліста, які займаўся б светлавым афармленнем сцэны, - кожны з акцёраў можа пайсці і папрацаваць з лямпамі, правадамі.

 Даволі рэдкая з'ява, калі адзін чалавек можа разумець і тэхнічны бок справы, і творчы, а гэта сёння проста неабходна для невялікіх тэатраў. Асвятленне мае не меншую вагу, чым работа рэжысёра", - кажа кіраўнік трупы Уладзімір Буйко. Што ж, тут, мусіць, самы час задацца пытаннем, якое вынесена ў наступны падзагаловак.

Тэхналогіі ці (і) мастацтва?

Якую ж ролю на самой справе адыгрывае добрае асвятленне? І ці толькі тэхнічная гэта галіна, як лічаць у многіх рэгіянальных установах? Прывядзём прыклад: на афішах многіх мінскіх прадстаўленняў, а таксама за мяжой, разам з рэжысёрам і пералікам акцёраў указваюць імя мастака па асвятленні. Зрэшты, у замежжы існуе дзве прафесіі: светлавы дызайн і светлавая рэжысура. Першыя спецыялісты ствараюць карцінкі, а другія правільна іх злучаюць, робяць пераходы паміж своеасаблівымі "кадрамі". "Святлом можна "забіць" тэкст і пластыку акцёра, "знішчыць" цудоўныя дэкарацыі, а можна працаваць паралельна з дзеяннем", - слушна сцвярджае мастак па асвятленні Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Суркоў. Хоць і даводзіцца спецыялісту быць пасрэднікам паміж тэхналогіямі і творчасцю, нельга падыходзіць да асвятлення сцэны толькі з утылітарнага боку, лічыць Мікалай Уладзіміравіч, работнік не павінен быць "тэхнічнай пешкай". Як пераконваюць прафесіяналы, ідэальныя варыянты не такія ўжо недасягальныя, нават пры мінімальным наборы абсталявання. Патрэбна толькі навучыцца ім карыстацца і дадаць фантазіі. Рэзка накіраваць пражэктар у вочы гледачу на канцэрце ці папераменна ўключаць рознакаляровыя ліхтарыкі пад час выступлення артыста - гэта не вяршыня майстэрства. А вось падкрэсліць стыль выканаўцы, узмацніць псіхалагізм драматычнай сітуацыі ў спектаклі можна навучыцца...

Каб не "лазіць па сафітах"

 Практыка сведчыць: для асвятлення неабходна распрацаваць для сябе канцэпцыю сцэнічнага нумара. Гэта могуць быць некалькі радкоў у блакноце ці разгорнутая паслядоўная сістэма ідэй, якія ўзнікаюць пасля прачытання, праслухоўвання твора, шматлікіх размоў з рэжысёрам і сцэнографам цягам рэпетыцый. Галоўнае, каб мастак адчуў сэнс таго, што будзе адбывацца перад гледачамі. Мікалай Суркоў, які ўжо дастаткова шмат папрацаваў над светлавым афармленнем сцэны тэатра і канцэртнай залы, а таксама мерапрыемстваў на адкрытых пляцоўках ("Музычныя вечары ў Мірскім замку" - адзін з яго эксперыментаў), упэўнены, што канцэпцыя павінна быць сапраўдным дакументам. Многія тэхнікі па святле думаюць, што іхняя праца не будзе адзначана, часам перашкаджае лянота, таму яны пазбягаюць гэтай маруднай папяровай працы.

- Гатовы спектакль або шоу абавязкова павінны быць задакументаваны,- кажа Мікалай Уладзіміравіч. - У Купалаўскім тэатры гэта называецца "пашпарт сцэнічнага асвятлення". Раней я скептычна адносіўся да такой працы, пакуль не паехаў у Францыю на гастролі. Арганізатары прасілі даслаць светлавыя планіроўкі, якія выкарыстоўваліся ў спектаклі. Я не разумеў, навошта гэта патрэбна, думаў, што, як звычайна, толькі прыехаўшы на пляц о ў к у, змагу што-небудзь прыдумаць. Але ўсё ж такі зрабіў падрабязныя планіроўкі, нават дайшло да бакавога разрэзу сцэны, плана развешвання светлавога абсталявання. Калі мы прыехалі, усё абсталяванне было на сваіх месцах, усе прыборы - у наяўнасці. І накіраваны строга на 95%! У пульт запісаны прыблізныя светлавыя карціны, што патрэбна выкарыстаць. Я патраціў два дні на тое, каб усё зрабіць, затое не было стрэсавых сітуацый перад спектаклем, і мне не давялося "лазіць па сафітах". Прафесіяналаў нават у Мінску можна пералічыць па пальцах: іх 2-3 у канцэртнай дзейнасці і прыблізна столькі ж- у тэатрах. Можна мець велізарны парк абсталявання, але калі не ведаць, як ім карыстацца, - гэта бяда. У нас, - прыводзіць прыклад Мікалай Суркоў,- усё робіцца наступным чынам: па тэлефоне размаўляеш са святлатэхнікам мясцовага тэатра, ён з цяжкасцю цябе разумее, або кажа, што разумее. Ты ж прыязджаеш і бачыш: асвятляльная тэхніка- зусім старэнькая, і нічога яшчэ не ўсталявана. Даводзіцца спешна завозіць на фурах нашы прыборы і за некалькі гадзін да спектакля ламаць галаву над тым, як жа ўзнавіць тыя эфекты, што ўжо распрацаваны... А якая сітуацыя ў канцэртных арганізацыях? Пагутарыла з адміністратарам новай залы для мерапрыемстваў Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Таццянай Пахальчук. Яна распавяла, што ў іх ёсць тэхнік, які на палову стаўкі працуе гукаі святлоаператарам, а таксама з'яўляецца і мастаком па асвятленні. Зала здаецца ў арэнду, і сюды за некалькі гадзін да мерапрыемстваў з'язджаюцца калектывы. Няма часу разважаць, як высвеціць асобнага артыста ці ансамбль, - тут усё будуецца на імправізацыі. За кароткі тэрмін патрэбна разабрацца ва ўсіх тонкасцях складанай тэхнікі, каб яе карэктна выкарыстаць.

 "У нашым горадзе можна налічыць максімум трох спецыялістаў, якія і "тэхнары" ад Бога, і маюць творчае мысленне, таму праблема якаснага асвятлення стаіць вельмі востра. А такімі зарплатамі, як на гэтай пасадзе, не зацікавіш", - гаворыць яна. Дакументаванне мае і яшчэ адзін станоўчы бок: яно прыносіць карысць не толькі ў выпадку гастролей, але і тады, калі з установы сыходзіць прафесіянал. Сёння ён забірае з сабою свае сакрэты, прынцыпы асвятлення пэўных сцэнічных твораў, накірунак, інтэнсіўнасць, спосабы размеркавання святла па сцэне. За мяжой існуе нават такі прынцып работы, калі ўвесь праект асвятлення распрацоўваецца цалкам у камп'ютэры, з дэталёвай прамалёўкай святла, указаннем абсталявання. І пасля гэта захоўваецца, а калі патрэбна- дасылаецца ў іншы тэатр ці ўстанову культуры, нават прысутнасць распрацоўшчыка не патрэбна.

"Праліць святло" на навуку

Дарэчы, па адукацыі Мікалай Суркоў - інжынер-геолаг са спецыялізацыяй "палеанталогія"! Дзіўная змена прафесіі, але падобны факт - не навіна для прысутных на семінары спецыялістаў: многія таксама не маюцьспецыяльнай адукацыі. Хто - гісторык, хто - гукааператар... Збіралі інфармацыю аб сваёй дзейнасці, як кажуць, па крупінках. Адразу ж узніклі пытанні: як ім разумець адзін аднаго, як дамаўляцца паміж сабой, як дзяліцца вопытам? Прафесія ёсць, але ёй, на дзіва, нідзе не навучаюць. Нават зразумелай для ўсіх спецыялістаў тэрміналогіі няма, не распрацаваны правілы работы... Тэхнік па асвятленні аднаго з раённых цэнтраў Беларусі з сумам зазначыў: "Я вельмі цікаўлюся гэтай справай, і хацеў бы самаўдасканальвацца. У абласным цэнтры было аб'яўлена аб правядзенні адукацыйных семінараў.

Але курсы былі платнымі: каштавалі, на тагачасныя грошы, прыблізна мільён рублёў. Мая ўстанова не захацела адправіць мяне на павышэнне кваліфікацыі, а дазволіць сабе гэтага сам я не магу". Дарэчы, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў распрацаваў серыю адукацыйных семінараў для розных работнікаў у галіне культуры, якія адбудуцца неўзабаве. Аднак сітуацыя з атрыманнем ведаў у патрэбнам аб'ёме не надта радасная. У многіх краінах свету існуюць факультэты для мастакоў па святле пры універсітэтах і акадэміях мастацтваў, а нашы людзі змогуць выкарыстаць агул ь н а сусветныя прынцыпы толькі пасля доўгіх гадоў самаадукацыі, пошукаў кніг у замежных магазінах, публікацый у Сеціве. Ды і гэта не гарантуе прафесіяналізму, бо без дапамогі вопытных людзей наўрад ці абыдзешся: псіхафізіялогія ўспрыняцця святла, асаблівасці оптыкі, нарэшце, гуманітарныя навукі будуць неабходны такім работнікам. Як стала вядома, у Маскве і СанктПецярбургу ёсць курсы ў навучальных установах, дзе рыхтуюць мастакоў па святле. Набор там вельмі малы, і трапіць з-за мяжы складана праз велізарны конкурс. Нашы спецыялісты абгрунтавалі неабходнасць стварэння спецыяльных курсаў, якія рыхтавалі б прафесіяналаў і на Беларусі, часопіса, дзе дэталёва разглядаліся б праблемы і падрабязнасці асвятлення сцэны ці залы. Аднак да гэтай пары ні ад кога яшчэ не прагучала абгрунтаваная ініцыятыва ўзяць кіраўніцтва агульнай справай у свае рукі. Для іміджа краіны, праз яркае - у прамым і пераносным сэнсах - прадстаўніцтва нашых тэатраў, удзелу фестывалях - важны дзяржаўны падыход, але нельга адмаўляцца ад таго, што прафесійнае асвятленне гэта таксама і элемент шоу-бізнесу, які патрабуе вялікіх укладанняў і адпаведнай аддачы.

Каментарый з нагоды

Чаму "дырэктар па дыме" больш важны за мастака па святле?

Анатоль МУКАЛАЎ, намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў адукацыі і кадраў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь:

- Варта адзначыць, што тэхнік па асвятленні і мастак па святле - гэта розныя прафесіі. Першая - рабочая, а другая - творчая, і аплачваюцца яны адпаведна. І калі звычайны тэхнік можа атрымаць адукацыю ў прафтэхвучылішчы або ўвогуле прыйсці працаваць пасля школы, то для мастака ВНУ падаецца неабходнай, або, як мінімум, павінен быць за плячыма мастацкі каледж. На практыцы ўсе тонкасці работы яны спасцігаюць на працоўным месцы, і гэта таксама няблага, бо пра спецыфіку ўстановы могуць расказаць толькі тыя, хто там працуе. Сёння любога, хто навучаўся прафесіі ў галіне культуры і мастацтва і мае цягу да тэхнікі, могуць узяць на працу ў буйную ўстанову. Досвед набываецца з цягам часу. А вось казаць пра стварэнне нейкай адукацыйнай установы ці спецыяльнасці ў творчых ВНУ не выпадае. Планы набору вызначаюцца патрабаваннямі. Сёння ў нас - 28 тэатраў, буйных канцэртных пляцовак таксама не так шмат. Дык што ж, набіраць студэнтаў раз у пяць гадоў? Вялікіх фінансавых сродкаў патрабуе аплата працы выкладчыкаў і іншае, ды і па якіх падручніках і дапаможніках яны будуць вучыцца? Адукацыя мастакоў па святле можа існаваць у варыянце перападрыхтоўкі кадраў. (Складана назваць установу, якая возьмецца за гэта.) Добры варыянт, калі прафесіяналы будуць перадаваць вопыт маладзейшым калегам непасрэдна ў працэсе працы.