А дзе Нёман? І “Наднёман”

№ 44 (913) 31.10.2009 - 06.11.2009 г

Выкарыстоўваць старыя сядзібы як натурную пляцоўкудля кіназдымак апошнім часам стала модна. Але ёсць мясціны, якія самі здатныя натхніць сцэнарыста на захапляльны сюжэт. Напрыклад, зацішны куток Уздзеншчыны, дзе тры ракі сплятаюцца ў адну: Нёман. Калісьці там жыў “дзіўны пан”. Ён суткамі не выходзіў з сутарэнняў свайго палаца, ставячы вопыты, сэнс якіх тады быў уцямны толькі лепшым розумам чалавецтва. Тапонім “Наднёман” ведалі, не раўнуючы, ва ўсім свеце — ён часта сустракаўся на старонках навуковых часопісаў. Навакольныя сяляне некалькі разоў усчынялі бунт: яны падазравалі пана ў сувязях з нячыстай сілай. Хаця насамрэч Якуба НаркевічаЁдку цікавіла выключна сіла электрычнасці і яе ўздзеянне на жыццё раслін і чалавечы арганізм. Тады ў маёнтку была адна з лепшых у Еўропе метэастанцый, начыненая самым “прасунутым” абсталяваннем лабараторыя, фешэнебельны санаторый, дзе выкарыстоўвалася не толькі запазычанае ў Башкірыі кумысалячэнне, але і электратэрапія. Шаноўных гасцей сядзібы сустракаў аркестр, якім кіраваў сам гаспадар: ён меў таксама і музычны талент. У аранжарэі раслі незлічоныя кветкі экзатычных відаў… Фінал гэтай вельмі кінематаграфічнай гісторыі пакуль што сумны. Сёння Наднёман — маленькая закінутая вёсачка пасярод паплавоў. У напамінак пра былыя часы засталіся адно руіны.

 

/i/content/pi/cult/233/3223/4-1.jpg  Паветра - асаблівае

Экспазіцыя Уздзенскага краязнаўчага музея не змянялася з 1986 года. Ды месца для Наркевіча-Ёдкі ў ёй знайшлося ўжо тады. Ёсць тут і здымак палаца трохі больш як 20-гадовай даўніны. Сёння ён - гістарычны. Убачыць "разыначку" сядзібы - 27-метровую вежу - цяпер можна толькі на фота. У рэальнасці ад яе захаваўся адно ледзь прыкметны пагорачак: вежа абрынулася ў сярэдзіне 90-х. Уезд у сядзібу перакрыты ржавай жалезнай брамай: гэта сціплы ўнёсак папярэдняга гаспадара помніка- Музея прыроды і экалогіі. Выглядае неэстэтычна, затое практычна. Каб не брама, на тэрыторыю маёнтка можна было б заехаць на машыне. Амаль усутыч да рэшткаў уваходнага комплексу прымыкае дагледжаная сучасная камянічка - напэўна, чыёсьці лецішча. Відавочна, што навабуд паўстаў у зоне аховы гісторыкакультурнага помніка. Колькі гадоў таму сядзіба была перададзена на баланс мясцовай гаспадаркі. Натуральна, на ейны лёс такая акалічнасць прынцыпова не паўплывала. Хаця, па словах начальніка аддзела культуры Уздзенскага райвыканкама Алы Карповіч, пра занядбанне ўласнікам яго абавязкаў казаць не выпадае. І сапраўды: смецця на тэрыторыі помніка заўважыць не давялося. Зрэшты, станоўчых прыкладаў уздзеяння чалавека - таксама. Па словах Алы Карповіч, для больш эфектыўнага дагляду за сядзібай сёння патрэбны ўдзел валанцёраў. Суботнікі "раённага маштабу" ладзяцца тут досыць рэгулярна, ды і актывісты БРСМ робяць свой унёсак у справу.

 - Ды і паветра тут - папраўдзе асаблівае, - кажа Ала Карповіч.

- І калі мне трэба ехаць сюды па справах (што здараецца не радзей, чым раз на месяц), я раблю гэта з вялікай ахвотай. Наўрад ці хтосьці здолее правесці такую змястоўную і прачулую экскурсію па Уздзеншчыне, як начальнік аддзела культуры: у вольны ад службовых клопатаў час, Ала Карповіч паспявае праводзіць цікавыя краязнаўчыя расследаванні. "Першаадкрывальнікам" асобы Наркевіча-Ёдкі для нашых сучаснікаў таксама стаў энтузіяст з Уздзеншчыны- краязнаўца Уладзімір Кісялёў. Ён даведаўся і пра тое, чым скончыўся зямны шлях вялікага вучонага. Наркевіч-Ёдка памёр у Вене, але ж, паводле яго запавету, пахаваны быў у Наднёмане - у фамільнымсклепе непадалёк ад сядзібы. У 1947 годзе магілу ўскрылі і апаганілі, а цынкавыя труны пайшлі на вёдры. Ад склепа засталіся адны падмуркі... На месцы наднёманскіх могілак цяпер - непралазны гушчар. "Тое ж самае было і там, дзе стаяў склеп, - распавядае Ала Карповіч. - Тут ці не ўвесь раён працаваў, каб добраўпарадкаваць пахаванне, прычым - на добраахвотных пачатках. Мы запрасілі Уладзіміра Кісялёва, і ён расказаў нам, якія дрэвы трэба выкарчоўваць, а якія саджалі тут спецыяльна яшчэ ў старыя часы". У 2005 годзе магіла ўладальніка сядзібы была адноўлена. На новым камяні (арыгінальны не захаваўся) напісаны яго тытул: "Прафесар электраграфіі і магнетызму". Прыстойны стан пахавання падтрымліваецца дзякуючы штогадовым суботнікам, якія ладзіць аддзел культуры.

- Сама вось увесну фарбавала агароджу,- распавяла Ала Карповіч.

 Пляменнік вялікага дзядзькі

Пра аднаўленне сядзібы гутарка вядзецца ўжо не першае дзесяцігоддзе. Сёлета было прынята рашэнне ўключыць яе ў Спіс аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, якія "аддаюцца на водкуп" прыватным інвестарам. А яшчэ за некаторы час да прыняцця рашэння на адрас старшыні Уздзенскага райвыканкама Пятра Пожаха прыйшоў ліст з амерыканскімі маркамі на канверце. Пад ім быў подпіс: "Хрысціян К. Наркевіч-Лэйн, прэзідэнт музея "Чыгага Атэнэум". Адзіны нашчадак фаміліі выказаў жаданне, каб дом ягонага дзядзькі быў адрэстаўраваны ў якасці музея, які адлюстроўваў бы яго набыткі. Дэ-юрэ пажаданні нашчадкаў могуць мець толькі рэкамендаўчы характар. Але кіраўніцтва раёна ўсё адно паставілася да ліста з вялікай увагай. Зрэшты, яго аўтара павінны супакойваць, прынамсі, дзве акалічнасці: па-першае, паводле беларускага заканадаўства, помнік спадчыны павінен быць даступны для наведвальнікаў - не зважаючы на яго форму ўласнасці і прызначэнне. І па-другое - ахвотных "узняць" гэтую сядзібу пакуль не знайшлося. Таму казаць пра канфліктную сітуацыю не выпадае. Адшукаўшы ў Інтэрнеце біяграфію Наркевіча-Лэйна, упэўніваешся ў правамоцнасці геннай тэорыі: пляменнік навукоўца праявіў сябе за акіянам як архітэктар, мастак, пісьменнік і паэт. Сёння ён кіруе адным з найбуйнейшых музеяў архітэктуры і дызайну ў свеце.

 - У яго з дзядзькам нават знешне прасочваецца фамільнае падабенства, - кажа начальнік аддзела культуры Ала Карповіч. Ім давялося пазнаёміцца ў 1994 годзе, калі спадар Хрысціян прыязджаў на Уздзеншчыну. Чакалі яго і сёлета - у райвыканкаме ўжо нават рыхтавалі афіцыйнае запрашэнне. Але справы здзейсніць такі далёкі ваяж пакуль не дазволілі. Пляменнік "прафесара электраграфіі" дэлегаваў свайго прадстаўніка Уладзіміра Самуйлава. Той прывёз у аддзел культуры праект статута Дабрачыннага фонду імя Наркевіча-Ёдкі, прызначанага акумуляваць сродкі для адраджэння сядзібы. Гэтая задума паўстала не на пустым месцы. Чатыры гады таму шэраг знаных беларускіх навукоўцаў самых розных спецыяльнасцяў выступіў з ініцыятывай стварэння фонду "Беларускі парнас". Яго галоўная мэта - вяртанне Наднёману статуса навуковага цэнтра міжнароднага ўзроўню. Праглядаючы ў кабінеце Алы Карповіч падборку дакументаў, сустракаю ўхвальныя рэзалюцыі адносна гэтай ініцыятывы за подпісамі тагачаснага віцэ-прэм'ера Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Дражына і старшыні Уздзенскага райвыканкама. Райвыканкам па гэтых планах павінен быў стаць сузаснавальнікам фонду, прыводзячы, у тым ліку, і цалкам прагматычную матывацыю: было падлічана, што адраджэнне сядзібы дазволіць стварыць у раёне толькі на першым этапе 50 рабочых месцаў, а ў перспектыве - усе 300. Але пытанне, адкуль браць сродкі на ажыццяўленне амбітных задум, паранейшаму застаецца адкрытым. Ці састыкуюцца паміж сабою дзве ініцыятывы і тыя энтузіясты, якія за імі стаяць?

- Лічу, гэта адбудзецца непазбежна, - кажа Ала Карповіч.

Арыентыр на Цэнтр

Уздзенскага раёна на турыстычнай карце Беларусі пакуль няма. Хаця ў плане геаграфіі яму адназначна пашчасціла: ад Мінска - усяго гадзіна язды па добрай шашы. Пры жаданні, сюды можна завітаць пасля наведвання Нясвіжа, прычым без дадатковых затрат паліва. Наступны пасля Наднёмана пункт маршруту месціцца таксама вельмі зручна для турыста. Калісьці маленькі Якуб любіў ездзіць сюды з Наднёмана на кані. Тады сядзібай Кухцічы валодалі прадстаўнікі знакамітага яшчэ з часоў ВКЛ рода Завішаў. Яшчэ на шашы падарожніка сустракае камень з бронзавай шыльдай, дзе нагадваецца пра тое, што менавіта ў Кухцічах Сымон Будны друкаваў сваю "Біблію" і пісаў да яе прадмову. Гэта заслуга райвыканкама. Значную частку жыцця тут пражыла знакамітая мецэнатка Магдалена Радзівіл. Варта нагадаць хаця б тое, што менавіта дзякуючы яе падтрымцы вышаў з друку Багдановічаў "Вянок".

У сённяшняй вёсцы Першамайск подых гісторыі бадай не адчуваецца. Ацалелыя будынкі сядзібы нібы згубіліся на тэрыторыі аграрнага ліцэя, сярод забудовы іншай эпохі. Не адразу можна заўважыць і мясцовую архітэктурныю перліну- кальвінскі збор, які паўстаў яшчэ ў далёкім XVI стагоддзі. На Беларусі помнікі той эпохі, ды яшчэ і збудаваныя менавіта як рэфармацкія храмы, можна лёгка пералічыць па пальцах адной рукі. Ля збору ўбачылі дзяўчат-ліцэістак, якія збіралі зжаўцелае лісце. Прылеглая тэрыторыя належна добраўпарадкавана. А вось сам стан бажніцы насцярожвае. Часовы дах, якім яна была накрыта яшчэ ў 1990 годзе, месцамі мае шчыліны. Тады, амаль 20 гадоў таму, планавалася рэстаўрацыя збору і нават была зроблена адпаведная дакументацыя. Потым работы спыніліся. Цяпер аддзел культуры паставіў задачу правесці кансервацыю помніка, прычым не з дапамогай банальнага рубероіду, а з належным навуковым базісам. Сродкі на гэтую мэту спакваля паступаюць. Не так даўно былі асвоены 20 мільёнаў рублёў на правядзенне фізіка-хімічнага даследавання старых муроў. Што адносна планаў далёкасяжных... Іх пакуль наогул няма. У раёне не ведаюць, якое прыстасаванне можна знайсці для колішняга кальвінскага збору.

 У першай палове ХХ стагоддзя храм XVI стагоддзя доўгі час выкарыстоўваўся ў якасці трансфарматарнай падстанцыі. Для уздзенскага ж касцёла, які старэйшы за яго на пару сот гадоў, было знойдзена больш пачэснае прымяненне: у 1950-я гады адметны помнік драўлянага дойлідства стаў Домам культуры. Зайшоўшы ўнутр, можна лёгка пераканацца ў тым, што такое прызначэнне культавага будынка ідэальным ніяк не назавеш: санвузел - на вуліцы, рамонт не рабіўся ўжо паўстагоддзя... Але, як запэўніла Ала Карповіч, ужо ў найбліжэйшыя гады Узда пазбавіцца гэтай сваёй адметнасці, разлічанай на аматараў экзотыкі. У касцёле зноў будуць праходзіць імшы, а культурнае жыццё перамесціцца ў сучасны Грамадска-культурны цэнтр, стварэнне якога ўжо ідзе поўным ходам. Лік адметнасцей краю можна доўжыць. Без ваганняў уключыўшы ў яго "Хату ганчара" пры краязнаўчым музеі, дзе можна не толькі ўбачыць сялянскі побыт і стаць сведкам традыцыйнага вясельнага абраду (гэта адзін з эфектыўных відаў платных паслуг), але і атрымаць майстар-клас па ганчарстве. Аднак сапраўдны "цвік" маршруту будзе ўсё ж іншым.

Ледзь прыкметны рух вады

Уявіце сітуацыю: вам тэлефануе нашчадак слыннага графскага роду з Францыі, які вырашыў наведаць Беларусь у якасці турыста і просіць паказаць нешта, што яго сапраўды здзівіла б. Ці ёсць у вас варыянты рашэння гэтай задачы? У мяне іх таксама не было - да гэтай камандзіроўкі. Наша машына доўга змагалася з восеньскай слотай, пераадольваючы нялёгкі шлях па гравійцы. Раз-пораз даводзілася пытаць дарогу ў мясцовых жыхароў. Але мэта апраўдвала патрачаны час. Ад жадання ўбачыць тое месца, адкуль пачынаецца слынны Нёман, не адмовіцца ніводзін аматар падарожжаў. У тым ліку - і гіпатэтычны французскі граф. Балазе Нёман для турыста - адзін з галоўных "брэндаў" нашай краіны: недарэмна гэты гідронім фігураваў у назве выдадзенага не так даўно нямецкага турдапаможніка. Урэшце, мы прыбываем на добраўпарадкаваную паляну, узбоч якой - зарослы меліярацыйны канал. І недаўменна паціскаем плячыма. - А дзе Нёман? - запыталі мы ў Алы Карповіч. - Калі ўважліва прыгледзецца, вось тут, пад слоем раскі, можна заўважыць ледзь прыкметны рух вады, - з веданнем справы кажа яна. - Бачыце, так? Менавіта адсюль і пачынаецца Нёман. Чым не метафара для турыстычнага патэнцыялу нашай краіны? Многае на першы погляд можна проста не заўважыць, але калі прыгледзецца, дык будзеш папраўдзе здзіўлены.

Мінск - Уздзенскі раён - Мінск

Андрэй СПРЫНЧАН (фота)