Знакавы!

№ 44 (913) 31.10.2009 - 06.11.2009 г

8 лістапада спаўняецца 70 гадоў з таго дня, калі ў Мінску адкрылася для гледача Дзяржаўная карцінная галерэя — правобраз сённяшняга Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

 

/i/content/pi/cult/233/3215/m-1.jpg
/i/content/pi/cult/233/3215/m-2.jpg
/i/content/pi/cult/233/3215/m-3.jpg
Афіцыйная гісторыя гэтага "духоўнага храма" бярэ пачатак 24 студзеня 1939 года - згодна з пастановай Урада БССР аб стварэнні ў беларускай сталіцы карціннай галерэі. Фонд яе твораў фарміраваўся з калекцый ужо існуючых тады гістарычных музеяў Віцебска, Гомеля і Магілёва, а таксама з Беларускага дзяржаўнага сацыяльна-гістарычнага музея ў Мінску. Сярод твораў, што паступалі ў збор галерэі - жывапіс беларускіх і рускіх мастакоў ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў, драўляная скульптура і беларускія абразы XVI - XVIII стагоддзяў, сярод якіх былі выдатныя помнікі іканапісу. Трошкі пазней Галерэя папоўнілася партрэтамі з Нясвіжскага палаца Радзівілаў, творамі мастацтва сярэднявечнай Еўропы, а таксама літымі залататканымі слуцкімі паясамі. З гэтых твораў і складвалася першая калекцыя галерэі, экспазіцыя якой адкрылася для шырокіх колаў гледачоў 8 лістапада 1939 года ў памяшканні былой жаночай гімназіі на вуліцы Карла Маркса, 29 (цяпер у гэтым будынку - Музей сувязі).

 Адкрыццё і фарбы

Жывых сведкаў таго гістарычнага вернісажу сёння знайсці цяжка. Прынамсі, я ведаю толькі двух чалавек: гэта Вальмен Аладаў і Уладзімір Стальмашонак. Трэцякласніку Аладаву тады было ўсяго дзевяць гадоў, а Стальмашонку, таксама тагачаснаму школьніку, - адзінаццаць. Заслужаны архітэктар Беларусі Вальмен Аладаў узгадвае, што яго мама, Алена Васільеўна Аладава, тагачасны супрацоўнік галерэі, за многія тыдні да яе адкрыцця, цэлымі днямі працавала над падрыхтоўкай экспазіцыі і прыходзіла дадому, як кажуць, толькі начаваць. Нават у той дзень, 8 лістапада, Вальмена прывяла на выстаўку яго нянька, цёця Поля - Апалінарыя Леапольдаўна Зелізеа. Народны мастак Беларусі Уладзімір Стальмашонак запомніў пра той дзень трошкі больш: "Нас, хлопцаў, якія займаліся ў студыі выяўленчага мастацтва, урачыста прывялі на гэтае свята. Ля дзвярэй галерэі, што мне падаліся велізарнымі, у мяне раптам раскрыўся эцюднік і ўсе фарбы рассыпаліся па падлозе.

 Ад нечаканасці я так разгубіўся, што зароў на ўсё горла. Дарослыя сталі спешна мне дапамагаць збіраць цюбікі, але ўрачыстасць адкрыцця галерэі на некаторы час перапынілася. І тады я ўпершыню пабачыў маладую цудоўную жанчыну, "цёцю Алену", якая, як я даведаўся пазней, аказалася старшым навуковым супрацоўнікам гэтай галерэі, а яе дырэктарам з'яўляўся Мікалай Пракопавіч Міхалап. Шмат гадоў таму Алена Васільеўна ўспамінала, што "якісьці школьнік штосьці натварыў з фарбамі ў час гэтага святочнага мерапрыемства", але цалкам з усёй сям'ёй Аладавых Стальмашонку давялося непасрэдна пазнаёміцца толькі ў 1944-м... Але ўсё, што было сабрана да 1941 года, знішчыла вайна. Асноўныя зборы галерэі былі за гады акупацыі страчаны або вывезены ў Германію. Сляды іх згублены.

Першая выстаўка - у 1945-м/i/content/pi/cult/233/3215/m-5.jpg

 Пасля вызвалення Беларусі мастацкая галерэя аднавіла сваё існаванне ў Мінску. Кіраўніком яе стала згаданая ўжо намі Алена Аладава. І той музей, які мы сёння маем, - гэта яе "дзецішча", бо менавіта яна сфарміравала асноўны яго фонд: праз закупку твораў, падарункі мастакоў, паступленні з іншых музеяў, прыватных калекцый, праз вяртанне некаторых каштоўнасцей, вывезеных пад час вайны за мяжу Беларусі, паступленняў з экспедыцый музейных супрацоўнікаў... ...Далейшая гісторыя Карціннай галерэі працягваецца ў Доме Саюзаў (да вайны - Дом працы) на плошчы Свабоды, 41. Першай акцыяй Аладавай на пасадзе дырэктара была арганізацыя мастацкай выстаўкі, прысвечанай першай гадавіне вызвалення нашай сталіцы. Яна праходзіла ў суседніх памяшканнях Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і заняла 9 пакояў - каля 350 квадратных метраў. Да заканчэння будаўніцтва новага, спецыяльнага, узведзенага для гэтых мэт музейнага храма мастацтва на Леніна, 20 заставалася некалькі гадоў. У 1957 годзе Дзяржаўная карцінная галерэя атрымала назву: Дзяржаўны мастацкі музей БССР. Праз 36 гадоў - музей набыў статус Нацыянальнага. На сённяшні дзень ён не толькі пашырыў выставачныя, фондавыя і службовыя памяшканні, але і набыў вялікую колькасць новых твораў нацыянальнага і сусветнага выяўленчага мастацтва. Сёння справу, распачатую М.Міхалапам, А.Аладавай і Ю.Карачуном, вось ужо 11 гадоў паспяхова працягвае таленавіты калектыў музейных супрацоўнікаў на чале з Уладзімірам Пракапцовым.

/i/content/pi/cult/233/3215/11-1.jpgНам ёсць чым ганарыцца!

 А чым сёння жыве Нацыянальны мастацкі музей? Што адбылося тут цікавага ў гэтым юбілейным для музея годзе? І што плануецца "знакавага" на наступны, 2010-ы? Пра тое нам падрабязна распавёў дырэктар установы Уладзімір Пракапцоў: - Перш за ўсё, гэта - выстаўкі, пра якія ваша газета рэгулярна пісала, анансавала. Вось толькі некаторыя з іх, што атрымалі рэзананс у грамадстве: "Палітра памяці", прысвечаная 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, "Заходняя Беларусь у мастацтве" (да 70-годдзя аб'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі), адкрыццё новай пастаяннай экспазіцыі "Мастакі Беларусі ХІХ - першай паловы ХХ стст.", выстаўкі "Славацкая сімфонія майстроў з Кавачыцы" (пры садзейнічанні Пасольства Славацкай Рэспублікі), "Вобраз іранскай жанчыны" (пры садзейнічанні Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран), "Традыцыйнае мастацтва Карэя" (па ініцыятыве Пасольства Рэспублікі Карэі), персанальная экспазіцыя твораў лётчыка-касманаўта СССР Аляксея Ляонава і шмат выставак нашых беларускіх мастакоў. Сёлета музей наведалі члены сям'і Радзівілаў на чале з Эльжбетай Тамашэўскай, амерыканка Аляксандра Ваньковіч, чый продак у пятым пакаленні Эдвард Ваньковіч 200 гадоў таму пабудаваў сядзібу, у якой сёння знаходзіцца філіял музея, генеральны дырэктар Луўра Анры Луарэт са сваімі памочнікамі, дэлегацыя Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі на чале з міністрам Аляксандрам Аўдзеевым у сувязі з удзелам у цырымоніі адкрыцця Года культуры Расіі ў Беларусі, канешне ж, наш зямляк, лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне фізікі Жарэс Алфёраў...

/i/content/pi/cult/233/3215/11-2.jpg Былі падпісаны дагаворы аб культурным супрацоўніцтве музея з палацава-музейным комплексам у Варшаве, Дзяржаўным гістарычным музеем Расіі - аб прадаўжэнні выстаўкі слуцкіх паясоў у Мінску яшчэ на адзін год (з 27 красавіка 2009 года па 27 красавіка 2010 года), з музеем літоўскага Біржайскага края "Сэла" і многімі іншымі. Акрамя таго, дадамо,праведзена шмат прэс-канферэнцый, музычных вечароў, конкурсаў, міжнародных навуковых канферэнцый і прэзентацый выяўленчай і фота-прадукцыі, "круглых сталоў" і іншых мерапрыемстваў, якія пастаянна знаходзяцца ў цэнтры ўвагі "К". На наступны, 2010-ы, год, як распавёў Уладзімір Пракапцоў, запланавана правядзенне выстаўкі французскіх імпрэсіяністаў, рускіх мастакоў ХХ ст. і яраслаўскай іконы, твораў Барыса Заборава, Івана Хруцкага (да 200-годдзя з дня нараджэння), "Мастацтва вайны і мастацтва міру" (да Дня Перамогі) і "Жывапіс першай паловы ХІХ ст." (з фондаў музея), выстаўкі іранскіх кілімаў і вернісажу новых паступленняў у музей за апошнія пяць гадоў. Таксама намечана правесці міжнародныя навуковыя канферэнцыі да юбілею І.Ф. Хруцкага і па праблемах Мірскага замка. Натуральна, прадоўжацца традыцыйныя "Аладаўскія чытанні", выдавецкая і навуковая праца ды іншыя акцыі, якія будуць звязаныя з далейшым развіццём і росквітам выяўленчай культуры краіны.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"