Зоркі на небасхіле

№ 44 (913) 31.10.2009 - 06.11.2009 г

Як паведаміў “К” намеснік міністра культуры краіны Віктар Кураш, 28 кастрычніка ў зале калегій Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пад старшынствам міністра культуры Паўла Латушкі адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю”. На пасяджэнні абмяркоўваліся ход падрыхтоўкі першага этапа конкурсу, праблемныя пытанні арганізацыі наступных яго этапаў, асаблівасці праграмных патрабаванняў па намінацыях, фінансаванні, у тым ліку грашовага заахвочвання пераможцаў конкурсу. Членам аргкамітэта быў прадэманстраваны праект рэкламнага відэароліка пра конкурс.

У адпаведнасці з Палажэннем пра конкурс, зацверджаным загадам Міністэрства культуры ад 14.09.2009 г. №164, у спаборніцтве прымуць удзел навучэнцы, студэнты і выкладчыкі навучальных устаноў, іншыя прадстаўнікі таленавітай моладзі краіны ва ўзросце ад 16 да 31 года. Правядзенне конкурсных мерапрыемстваў прадугледжваецца ў лістападзе 2009 года - красавіку 2010-га, што дазволіць завяршыць іх цягам аднаго навучальнага года, да пачатку летняй экзаменацыйнай сесіі ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. Спаборнічаць канкурсанты, нагадаем, будуць у дванаццаці намінацыях - на ўзроўні раёнаў і малых гарадоў (першы адборачны этап: лістапад- снежань 2009 г.), на абласным і Мінскім гарадскім узроўнях (другі адборачны этап: студзень - сакавік 2010 г.). У заключным (рэспубліканскім) этапе (красавік 2010 г.) прымуць удзел пераможцы другога адборачнага этапа, а таксама лепшыя прадстаўнікі ВНУ культуры і мастацтва.

Пераможцаў абласнога і Мінскага гарадскога этапаў вызначыць (з выездам у кожны рэгіён) журы заключнага (рэспубліканскага) этапа конкурсу. Такі варыянт адбору дазволіць аб'ектыўна вылучыць лепшых канкурсантаў, што валодаюць найбольш прафесійнымі здольнасцямі, і сфарміраваць адносна роўны склад удзельнікаў заключнага (рэспубліканскага) этапа конкурсу. Для канкурсантаў намінацый "Эстрадныя спевы", "Народныя спевы" заключны (рэспубліканскі) этап будзе складацца з двух тураў. Мяркуецца, што ўдзельнікі другога тура выступяць у суправаджэнні аркестраў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Пераможцы конкурсу будуць адзначаны дыпломамі лаўрэатаў (I, II, III ступеняў), грашовымі прэміямі або прызамі і стануць удзельнікамі галаканцэрта і мастацкай выстаўкі ў красавіку 2010 года ў Палацы Рэспублікі. Для ўдзелу ў першым адборачным этапе канкурсантам належыць звяртацца ў адпаведныя аддзелы культуры раённых і гарадскіх выканкамаў. Больш падрабязная інфармацыя пра конкурс размешчана на сайтах Міністэрства культуры (www.kultura.by) і Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў (www.buk.by).