“Эклектычны” абанемент

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

2009 год — вельмі плённы ў стасунках паміж беларускай і літоўскай культурамі. Надзейны падмурак гэтаму заклалі шматлікія акцыі ў межах міжнароднай грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!” яшчэ летась. У ліпені ў Вільнюсе адбылася сустрэча міністраў культуры Беларусі і Літвы,у час якой, у прыватнасці, абмяркоўваліся пытанні аб сумесным правядзенні абменных Дзён культуры, аб падпісанні Праграмы культурнага супрацоўніцтва паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Літвы на бліжэйшыя два гады. А ў кастрычніку міністр культуры Літоўскай Рэспублікі Рэмігіюс Вілкайціс наведаў Беларусь па запрашэнні міністра культуры нашай краіны Паўла Латушкі, каб прыняць удзел у мерапрыемствах з нагоды святкавання 600-годдзя ўстанаўлення запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы… Краіну-суседку заўжды наведваюць і нашы тэатралы, цікавячыся культурным жыццём Літвы. Адно з уражанняў прапануе чытач “К”.

 

/i/content/pi/cult/232/3207/15-1.jpgШто мы ведаем пра літоўскі балет? Дасведчаным балетаманам, несумненна, вядома імя знакамітай балерыны Элге Шпакайтэ, якая выступае і як драматычная актрыса. Іншыя прыгадаюць прозвішчы яе калег, салістаў Літоўскага тэатра оперы і балета Мікі Хаманака і Аўрымаса Паўлаускаса, якія танцавалі на юбілейным вечары Валянціна Елізар'ева ў кастрычніку 2007 года "Адажыо" на музыку П.Чайкоўскага... Восенню мінулага года ў Вільнюсе пабывала наша акадэмічная балетная трупа, якая прадставіла літоўскім гледачам спектакль "Рамэа і Джульета". Чаму б і чытачам "К" не паўдзельнічаць у віртуальнай экскурсіі па будынку Літоўскага нацыянальнага тэатра оперы і балета?

 "Капелія" і... "Капелія"!

Але на пачатку - крыху гісторыі. Першыя крокі ў развіцці беларускага і літоўскага балета ў ХХ ст. на дзіва падобныя. У 1920 г. быў заснаваны наш БДТ1, дзе мелася невялікая балетная трупа, і Каўнаскі тэатр оперы і балета. У 1922 г. беларускі балетмайстар Канстанцін Алексютовіч паставіў балет-пантаміму "Капелія" (паводле казкі Гофмана "Пясочны чалавек"). Праз тры гады ў Каўнасе арганізавана самастойная балетная трупа, для якой балетмайстар Павел Пятроў паставіў першы балет... "Капелія"! Міжваенныя дзесяцігоддзі зрабіліся часам станаўлення прыбалтыйскага балета, калі значную ролю ў яго развіцці адыгрывалі запрошаныя рускія харэографы і выканаўцы. У 1935 г. балетная трупа нават здзейсніла свае першыя гастролі ў Монтэ-Карла і Лондане. Тэатр доўжыў творчую дзейнасць пасля далучэння Літвы да СССР...

/i/content/pi/cult/232/3207/15-2.jpgБудынак на беразе Віліі

 У 1948 г. з Каўнаса тэатр пераведзены ў Вільнюс. Спярша калектыў працаваў у будынку Тэатра на Пагулянцы, але невялікае памяшканне не адпавядала статусу калектыву. Тэатр оперы і балета пераехаў у 1974 г. у спецыяльна ўзведзены для яго будынак. Праект архітэктара Эляны Бучутэ агульным аб'ёмам 120,5 тыс. м3 стаўся на той час самым вялікім і сучасным тэатрам Прыбалтыкі. У агульную кампазіцыю ўпісаліся як помнік аднаму з заснавальнікаў прафесійнай оперы ў Літве - спеваку Кіпрасу Пятраўскасу (скульптар - Г.Якубоніс), так і дзесяць скульптур, якія ў 1987 - 1989 гг. упрыгожылі паўночны фасадбудынка, звернутага да Віліі. Цікава, што іх стваральнікі Антанас Жукаускас і Йонас Норас-Нарушавічус зрабілі відавочны акцэнт на оперных герояў, сярод якіх - Яўгеній Анегін і Барыс Гадуноў, Віялета і Аіда... Балетных персанажаў усяго двое: Адэта з "Лебядзінага возера" і Эгле з нацыянальнага спектакля "Эгле - каралева вужоў" Э.Бальсіса. Аднак - цікавы факт: цягам апошніх гадоў гледачы ўсё часцей білетамі "галасуюць" за балет.

/i/content/pi/cult/232/3207/15-3.jpg"Баядэрка" - мінская і вільнюская

На балет у Вільнюсе давялося трапіць і мне. Гэта была адна з нядаўніх прэм'ер - славутая "Баядэрка". Нават праз пэўны час пасля першага паказу набыць білеты на спектакль аказалася даволі цяжка. У дзень аднаго з паказаў у свабодным продажы заставаліся толькі самыя танныя, без месцаў, білеты ў партэр (коштам 15 літаў), а таксама некалькі больш дарагіх квіткоў. Прычым іх размяшчэнне глядач не шукае на раздрукаванай схеме залы: яе дэманструе касір на экране манітора. Кошт білетаў складае ад 25 да 75, самыя дарагія - 180 літаў. Зала змяшчае амаль 1150 гледачоў у партэры і на балконах чатырох узроўняў. Беларускія балетаманы, знаёмыя з першай пастаноўкай спектакля на мінскай сцэне ў 1959 г. або з яго аднаўленнем у 2005-м Паўлам Сталінскім, наўрад ці знойдуць шмат адрозненняў паміж мінскай і вільнюскай версіямі легендарнага балета ў харэаграфіі Марыуса Пеціпа. Пастаноўка "Баядэркі" на літоўскай сцэне, здзейсненая зоркамі Марыінскага тэатра Алтынай Асылмуратавай і Людмілай Кавалёвай, захавала ўсе дарагія для беларусаў элементы, і галоўнае - "Цені": адзін з самых яркіх дыяментаў са спадчыны Пеціпа. Акрамя таго, стваральнікам дэкарацый і касцюмаў у абедзвюх пастаноўках быў Вячаслаў Окунеў. Пэўнае падабенства дазваляе звярнуць пільную ўвагу на інтэрпрэтацыю галоўных партый вядучымі салістамі. Салора ўвасобіў Нерыюс Юшка, які выконвае большасць вядучых партый рэпертуару літоўскага тэатра. Калі Салор у трактоўцы мінскага танцоўшчыка Антона Краўчанкі застаўся ўсё-такі адным са шматлікіх балетных прынцаў, дык Юшка акцэнтаваў увагу на мужнасці, рашучасці, пэўнай рэзкасці свайго героя, яго прыналежнасці да вайсковага асяроддзя. Гамзаці Вольгі Канасенкапаўстала вытанчанай, халоднай, крыху самаўпэўненай арыстакраткай, больш стрыманай у пачуццях, чым яркія, экспрэсіўныя Гамзаці ў выкананні беларускіх балерын Кацярыны Борчанкі і Марыны Вежнавец. Цэнтральную ж партыю Нікіі выканала японка Мікі Хаманака, адна з вядучых балерын Літоўскага тэатра. Аднак, як і шэраг яе суайчынніц, Мікі засяродзілася на дэманстрацыі тэхнічнай віртуознасці, што ў эмацыйным плане крыху збядніла партыю і не дазволіла раскрыць характар сваёй гераіні, якую ўвасаблялі на мінскай сцэне Кацярына Борчанка, Марына Вежнавец, Ірына Яромкіна...

/i/content/pi/cult/232/3207/15-4.jpgШто ў антракце?

 Адной з асаблівасцей вільнюскіх спектакляў з'яўляюцца вельмі працяглыя перапынкі - амаль да паўгадзіны. Зрэшты, яны даюць магчымасць прыгледзецца да балетнага жыцця Літвы больш уважліва. У Вільнюскім тэатры оперы і балета за 10 літаў можна, як і ў Мінску, набыць калекцыю паштовак, якія былі выпушчаны некалькі гадоў таму з нагоды 80-гадовага юбілею літоўскага балета, а таксама кнігу-альбом па гісторыі калектыву. Традыцыя ж прадаваць праграмкі ў звыклым для нас разуменні і ўвогуле адсутнічае. Затое замест іх - шыкоўныя каляровыя буклеты на кожны спектакль (10 літаў), дзе прадстаўлены шматлікія фота, біяграфіі стваральнікаў, гісторыя пастаноўкі, меркаванні крытыкаў. Дарэчы, калісьці такая традыцыя была распаўсюджана і ў Беларусі. Магчыма, варта адрадзіць яе? У такіх буклетах гледачы знаходзяць укладыш з прозвішчамі выканаўцаў. Акрамя буклета і альбома, наведвальнікі могуць набыць і спецыяльны часопіс, які выдаецца самім тэатрам. Прычым літоўскі тэатр не выступае піянерам у гэтай сферы: ён пераймае вопыт калег. Напрыклад, уласны часопіс ёсць у пражскага Нацыянальнага тэатра. Любы нумар выдання, складзенага з трох раздзелаў (драма, опера, балет), можна атрымаць бясплатна ў будынку інфармацыйнага цэнтра, дарэчы, адкрытага і тады, калі тэатральны сезон скончыўся, а новы яшчэ не пачаўся.

 У фае можна набыць буклеты, дзе пададзены рэпертуарны план тэатра на бягучы сезон. Літоўскі нацыянальны тэатр оперы і балета пераняў звыклую еўрапейскую традыцыю: даты ўсіх спектакляў на наступны сезон вядомы загадзя. Акрамя таго, наведвальнікам вільнюскага тэатра прапануецца набываць абанементы. Зніжкі па іх - ад 25 да 30 працэнтаў. Цесным чынам знітаваны ў Вільнюсе сучаснае і мінулае балета. Хоць, у адрозненне ад парыжскай Гранд-опера, музея ў будынку Літоўскага тэатра няма: пры праектаванні сучаснага будынка яго існаванне не прадугледжвалася. У Вільнюсе ёсць асобны Музей тэатра, музыкі і кіно, але ў фае другога паверха тэатра оперы і балета знаходзяцца чатыры стэнды з часткай музейнай экспазіцыі. Адзін з іх цалкам прысвечаны балерыне Леакадзіі Ашкелавічутэ. У якасці аднаго з элементаў экспазіцыі ўспрымаецца і скульптурны партрэт дырыжора Йонаса Алексы, усталяваны ў адной з ніш...

***

"Вільнюская эклектыка" дала свой плён. Нягледзячы на прысутнасць у афішы спектакляў даўно мінулых дзён, літоўскі тэатр паспяхова ўпісаўся ў еўрапейскую балетную прастору - з яе тэндэнцыямі да інтэрнацыянальнага складу балетнай трупы, міжнародных гастролей асобных зорак, запрашэннем арыгінальных сучасных харэографаў. Прыкладам, колішні мастацкі кіраўнік маскоўскага Вялікага тэатра Аляксей Ратманскі ажыццявіў уласную пастаноўку "Анны Карэнінай", а Барыс Эйфман перанёс у Вільнюс уласную "Чырвоную Жызэль", якая распавядае пра трагічны лёс балерыны Вольгі Спясіўцавай, і "Рускага Гамлета", прысвечанага лёсу Паўла І. Такі падыход прываблівае замежных балетаманаў. Напрыклад, на паказе "Баядэркі" я сустрэўся з прыхільніцай балета з Эстоніі, якая прыехала ў Вільнюс спецыяльна, каб паглядзець гэты спектакль. Раней знарок прыязджала, каб убачыць менавіта "Анну Карэніну", і прастаяла ўвесь спектакль, бо свабодных месцаў не знайшлося...

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ

 Мінск - Вільнюс - Мінск

На здымках: Фасад Літоўскага нацыянальнага тэатра оперы і балета; Перад спектаклем: гледачы збіраюцца, аркестр рыхтуецца; Мікі Хаманака ў партыі Нікіі;  Адзін з інтэр'ераў тэатра.