Меч з Крычаўскага замчышча

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

Сучасная ўсходняя мяжа нашай краіны практычна сфарміравалася яшчэ ў XVI ст. Мсціслаў, Магілёў, Крычаў — менавіта тыя гарады-фарпосты, што звычайна першымі трымалі ўдар. Возьмем, да прыкладу, Крычаў. Так склалася, што гісторыя гэтага горада — своеасаблівая гісторыя войн.

 

/i/content/pi/cult/232/3206/14-6.jpgДзякуючы археалагічным раскопкам, праведзеным пачынаючы з 1974 па 2000 г., пад час якіх было ўскрыта больш за 600 квадратных метраў Замкавай гары горада і выяўлена тагачасная забудова, гісторыкі змаглі дакладна вызначыць некаторыя аспекты жыццядзейнасці крычаўскай фартэцыі ў розныя часы яе існавання. У прыватнасці, тое, што менавіта з другой паловы XVI ст. і да сярэдзіны XVIІІ замак адыгрываў велізарную ролю ў геапалітычным жыцці краіны. Але, як адзначыў кандыдат гістарычных навук Андрэй Мяцельскі, гісторыя замка сваімі каранямі сягае ў Ранняе Сярэднявечча, што ў свой час было вызначана вядомым археолагам Міхасём Ткачовым па знойдзеных ім рэштках ганчарнага посуду, пакрытага своеасаблівымі гарызантальнымі лініямі- арнаментам, характэрным для Х- ХІ стст.

Паводле даных Андрэя Мяцельскага, першыя драўляныя абарончыя збудаванні Крычаўскага замка загінулі ў агні, што засведчылі іх абгарэлыя рэшткі. Замак неаднойчы перабудоўваўся, рэканструяваўся, прытым ён ніколі, па словах гісторыка, не быў узяты ворагам штурмам. І гэта - калі ўлічыць, што аблога замка магла доўжыцца і некалькі месяцаў. Спрыяў гэтаму ў пэўнай ступені і патаемны ход ад замка да ракі, які выкарыстоўваўся пад час працяглых аблог. Звесткі пра яго знойдзены ў пісьмовых крыніцах таго часу. Толькі ў 1514 і 1654 гг., пасля доўгага змагання, калі чакаць дапамогі не было магчымасці, жыхары горада, што знаходзіліся ў замку, здаваліся на карысць маскоўскіх войскаў. Што ж яшчэ дазваляла так ўдала абараняцца Крычаўскай крэпасці? Адказ на гэтае пытанне можна знайсці ў пісьмовых крыніцах - інвентарах горада, якія пачалі весціся з XVIІ ст. Між іншым, іх дакладнасць была пацверджана і археалагічнымі раскопкамі. Андрэй Мяцельскі прыводзіць у якасці прыкладу некалькі такіх дакументаў. Па адным з іх - інвентары за 1694 г. - вядома, што на той час замак меў пяць вежаў.

/i/content/pi/cult/232/3206/14-7.jpgПры гэтым уязная была двухпавярховай, мела падвоеныя дубовыя вароты на "бегунах" - драўлянай восі. У нізе брамы стаяла "шмыгаўніца", дзве бронзавыя палявыя гарматы. На другім паверсе мелася пашкоджаная гармата, шэсць мушкетаў і столькі ж бердышоў. Апошні інвентар Крычаўскага замка, які датуецца 1747 г., дае апісаннедаволі моцнага комплексу абарончых збудаванняў. Усе, хто ехаў туды з горада, траплялі на мост, у пачатку якога стаяла будка фельдвахты, меўся шлагбаум. На сярэдзіне моста быў "узвод" - пад'ёмны мост на чатырох жалезных ланцугах і дзвюх вялікіх заслонах на круках. Далей ішла сістэма з дзвюх "фортак" - невялікіх брам, зробленых паміж поручняў. Толькі пасля гэтага можна было трапіць у замкавую, злева ад якой размяшчалася кардэгардыя, а справа - турма. Верхні паверх займала зала. Над гонтавым дахам брамы, на жалезным стрыжні, узвышаўся бляшаны флюгер у выглядзе радзівілаўскага арла. Адно тое, што ў XVIІ - XVIІІ стст. вал сярэднявечнага Крычава дасягаў у вышыню 7 метраў, прыносіла шмат клопатаў яго захопнікам. Цікавы факт: сама плошча тэрыторыі замка была даволі невялікай - усяго паўгектара, 60 на 100 метраў.

Замкавая гара, мяркуюць навукоўцы, мела толькі тыя пабудовы, што былі неабходны для функцыянавання крэпасці і жылля адміністрацыі староства. Там размяшчаліся клеці, дзе жыхары горада захоўвалі свае рэчы, харчовыя запасы, свірны для збожжа і стайні для коней, пякарня, кухня, істопка, калодзеж, шэраг іншых патрэбных для жыцця аб'ектаў. На тэрыторыі замчышча яшчэ на мяжы ХІІ- ХІІІ стст. была пабудавана праваслаўная царква Святога Мікалая. Не выпадкова сярод археалагічных знаходак былі і прадметы рэлігійнага ўжытку. Але ж найбольш цікавыя рэчы, знойдзеныя ў час раскопак, - узбраенне, у тым ліку унікальны меч ХІІ ст. з надпісам, стрэльба XVI ст. Культурныя слаі на Замкавай гары захавалі шмат вырабаў з металу, што сведчыць пра шырокае распаўсюджанне балотнай жалезнай руды. Не выпадкова адным з самых папулярных прозвішчаў у Крычаве было - Каваль. Таксама, як сведчыць гісторык, за час даследавання Крычава выяўлена каля 12 тысяч фрагментаў керамічнага посуду. Шырока выкарыстоўвалася таксама гаршкападобная і каробкавая кафля, знойдзеная ў межах замчышча. Сёння Крычаў - невялічкі спакойны горад, які пры гэтым мае вялікі турыстычны патэнцыял, звязаны з яго трансгранічным месцазнаходжаннем. І хоць аднавіць велічны замак на дадзены момант практычна не рэальна, варта хаця б паклапаціцца пра яго рэшткі, якія зарастаюцьхмызняком, засмечваюцца, разбураюцца.   

На здымках: выява біклажкі з Замкавай гары; рэканструкцыя паўтараручнага “вялікага” мяча, адпаведнага датаванай ХІІ ст. знаходцы ў Крычаве; фрагмент кафлі XVI — XVII ст.; руіны замка.

 

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"