Орда з альбома Дэнармандзі

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

Некалькі пакояў адрэстаўраванага палаца Бутрымовічаў прадастаўлены Музею Беларускага Палесся для арганізацыі экспазіцыі, прысвечанай гісторыі гэтага помніка архітэктуры XVIII стагоддзя. Выстаўка пазнаёміць з яго колішнімі ўладальнікамі — шляхецкімі родамі Бутрымовічаў, Ордаў і Скірмунтаў.

 

/i/content/pi/cult/232/3205/14-1.jpgНа пачатку працы па фарміраванні калекцыі экспанатаў па гэтай тэме ў музейшчыкаў, відаць, з'яўляліся сумненні: "Ці хопіць матэрыялаў, што захаваліся ў Пінску, для стварэння паўнавартаснай экспазіцыі?" Сапраўды, на той момант каштоўных рэчаў, у тым ліку і фотадакументаў, патрэбных для дэманстрацыігасцям палаца, было зусім мала.

/i/content/pi/cult/232/3205/14-3.jpgАле галоўнае- абвясцілі старт збору новай калекцыі музея. З часам да справы далучыліся краязнаўцы, калекцыянеры, фатографы. Вызначальным можна назваць у гэтым пытанні і нядаўні прыезд у Пінск прапраўнука Напалеона Орды, грамадзяніна Францыі Юбэра Дэнармандзі. Ён убачыў адроджаны палац, пабываў у музейных пакоях. Знаходзячыся пад уражаннем ад сустрэч на сваёй гістарычнай радзіме, месье Юбэр прапанаваў пінчанам фатаграфічныя матэрыялы з сямейнага архіва. Вялікую цікавасць уяўляюць карткі другой паловы XIX ст., дзе зафіксаваны вобраз Напалеона Орды ў тыя гады, калі ён, вярнуўшыся з эміграцыі, жыў у Пінску. Гэтыя здымкі ў Беларусі яшчэ ніхто не бачыў, іх нідзе не публікавалі.

 /i/content/pi/cult/232/3205/14-4.jpgМожна вылучыць унікальнае сямейнае фота кампазітара. Мяркуючы па тварах і фрагментах подпісу, пажылыя жанчыны - чатыры яго сястры (прынамсі, дзве з іх вызначаны дакладна: гэта Эмілія і Юзэфа). Здымак зроблены ў фотасалоне, аднак можна ўявіць, як збіралася сям'я ў Вялікай зале пінскага палаца. Сярод фотаздымкаў з дома Дэнармандзі ёсць і рэпрадукцыя карціны, на якой намалявана Юзэфа Орда (1775 - 1859 гг.), дачка славутага Матэуша Бутрымовіча і маці будучага кампазітара і грамадскага дзеяча.

/i/content/pi/cult/232/3205/14-5.jpgВельмі цікавая партрэтная галерэя нашчадкаў Н.Орды, пачынаючы ад яго адзінага сына Вітольда, драгуна гвардзейскага палка, які быў вымушаны застацца ў Францыі. Не так даўно завяршылася камп'ютэрная апрацоўка некаторых малюнкаў, якія з'явяцца ў экспазіцыі палаца. Будзем спадзявацца, што гэта - толькі пачатак працы з замежнымі архівамі нашых славутых грамадскіх і культурных дзеячаў.

 Вячаслаў ІЛЬЯНКОЎ

Пінск

На здымках: Напалеон Орда; мастак і кампазітар у гасцёўні палаца Бутрымовічаў, як мяркуецца, разам з сёстрамі; выява Юзэфы Орда; сучасны выгляд палаца Бутрымовічаў.

 Фота і фотарэпрадукцыі аўтара