“Я не Шумахер, а — збіральнік спакою”

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

20 кастрычніка стала сапраўдным святам на “музычнай вуліцы”. Не толькі таму, што ў гэты дзень адкрылася “Беларуская музычная восень”, але і таму, што да нас зноў прыехаў зорны расійскі піяніст, народны артыст СССР Мікалай Пятроў — даўні сябра Беларусі і нашых музыкантаў.

 

Упершыню піяніст наведаў Беларусь яшчэ ў 1963 годзе. І з таго часу выступаў на сцэне нашай сталічнай філармоніі неаднойчы. Апошнім разам - два гады таму, адгукнуўшыся на запрашэнне прадзюсерскага цэнтра "Класіка" пры Беларускім саюзе музычных дзеячаў. Асаблівую ўвагу ён надаў юным музыкантам: яго тагачасная творчая сустрэча ў Рэспубліканскім каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі доўжылася больш за гадзіну, Мікалай Арнольдавіч шчодра дзяліўся з дзецьмі і падлеткамі ўспамінамі пра дзіцячыя гады, першыя музычныя заняткі, раскрываў свае прафесійныя сакрэты. Ён не толькі запрасіў дзятву на свой канцэрт у Палацы Рэспублікі, але і праз нейкі час ажыццявіў сумесны расійска-беларускі праект: нашы адораныя выхаванцы выступілі ў Маскве. Цяперашняе выступленне Мікалая Пятроваразам з Аляксандрам Гіндзіным у суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, якім у той вечар кіраваў яшчэ адзін госць - дырыжор Аркадзь Берын, што ў свой час працаваў у нас, а цяпер - у Германіі, сталася магчымым дзякуючы супрацоўніцтву Міністэрства культуры краіны, сталічнай філармоніі і расійскага "Альфа-банка". Як было падкрэслена пад час прэс-канферэнцыі, такая сумесная дзейнасць будзе пастаяннай. Бо сапраўднае развіццё бізнесу магчыма толькі ў адукаваным і культурным грамадстве. Як зазначыў Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Сурыкаў, прыезд расійскіх знакамітасцей, што прыпаў на Год Расіі ў Беларусі, паслужыць умацаванню культурных сувязей між краінамі. На канцэрце ў філармоніі быў супераншлаг: не хапала ні прыстаўных крэслаў, ні месца на лесвіцах балкона. Публіка была ў такім захапленні, што вымусіла знакамітых піяністаў сыграць на біс ажно тры творы. А напярэдадні выступлення мы скарысталі магчымасць задаць Мікалаю ПЯТРОВУ некалькі эксклюзіўна-музычных пытанняў ад "К".

- Мікалай Арнольдавіч, як склаўся ваш дуэт з Аляксандрам Гіндзіным? Вашаму супрацоўніцтву хутка споўніцца 10 гадоў. Для такога міні-калектыву, як фартэпіянны дуэт,- тэрмін значны. Але ж справа не толькі ў гэтым! Звычайна дуэт складаецца з музыкантаў, якія займаліся ці займаюцца ў класе аднаго выкладчыка. Ці, здараецца, яднаюцца разам двое не надта вядомых музыкантаў, каб дасягнуць большай папулярнасці ў складзе дуэта. А ў вас - усё наадварот! Вы належыце да розных пакаленняў, да дзвюх розных педагагічных фартэпіянных школ, нарэшце, абодва вядомыя па сваіх сольных выступленнях. Чаму ж тады ўзнік дуэт?

 - Пагаджуся, што ў нас - своеасаблівы "мезальянс", гэткі "няроўны шлюб": мне - 66, Аляксандру - 32, як бачыце, "не дарос" нават да ўзросту Хрыста. Але я паставіў абавязковую ўмову: усе нашы прыбыткі мы дзелім пароўну, а не ў залежнасці ад "ганаровых званняў". Сашу я прыкмеціў даўно, ён нават быў стыпендыятам майго фонду. І чым далей - тым больш у яго фартэпіяннай ігры, фразіроўцы, акцэнціроўцы, педалізацыі - ва ўсёй гэтай "музычнай душы", "музычным дыханні" я заўважаў блізкае сабе. Мне ў свой час даводзілася граць у ансамблях з многімі музыкантамі, але дамагчыся не простай зладжанасці гучання, а менавіта тоеснасці ў падыходзе да творчасці бывае вельмі цяжка. У нас жа з Аляксандрам усё склалася. Гэта была мая ініцыятыва: амаль 10 гадоў таму я прапанаваў яму сыграць разам найскладаны Канцэрт Мендэльсона: мы выконвалі яго ўпершыню ў Расіі. І з таго часу супрацоўнічаем. Так, мы прадстаўляем розныя адгалінаванні рускай фартэпіяннай школы. Я вучыўся ў Якава Зака і, такім чынам, належу да лініі Генрыха Нейгаўза. Гіндзін заканчваў Маскоўскую кансерваторыю па класе Міхаіла Васкрасенскага, вучня Льва Аборына: гэта лінія ідзе ад Канстанціна Ігумнава. Нам цікава працаваць разам. Можа, яшчэ і таму, што ў нас розныя педагагічныя прынцыпы. Але мы іх рэалізуем на сваіх вучнях. А тут - шукаем ісціну сумесна. Бо ў нас, галоўнае, аднолькавае стаўленне да музыкі, да сваёй працы, да вучняў, да мастацтва. Сёння, здараецца, некаторыя выхваляюцца: у мяне, маўляў, больш за 70 вучняў! А я з жудасцю думаю: як гэта магчыма? Нашы выкладчыкі шукалі з намі ўзаемаразумення, часта ішлі на самаахвяраванне. Сёння ж гэта робяць адзінкі. Нас у свой час вучылі- музыцы, сёння ж, здараецца, часцей вучаць іншаму: граць на раялі і дабівацца добрых эфектаў. Можна навучыць граць хутка, правільна. Але ж ці будзе гэта музыкай? Бо нельга забывацца на працу над гукам, самім датыканнем да клавішаў. Асобае стаўленне павінна быць і да педалі. Бо сёння як граюць? Ці ўвогуле без педалі, ці націскаюць на яе, бы той Шумахер...

 - Цікава, а пад час рэпетыцый з Аляксандрам Гіндзіным вы адыгрываеце ролю прафесара?

- Думаю, мае парады яму не перашкаджаюць, дый ягоныя прапановы бываюць мне карыснымі. Увогуле Аляксандр вельмі разумны, гэткі ўедлівы, настырны, але вельмі зацікаўлены, не дае мне спуску, нягледзячы на ўсе мае рэгаліі, - і гэта добра.

 - Ці выступалі вы раней з дырыжорам Аркадзем Берыным?

- Мы разам з ім гралі ўжо з некалькімі аркестрамі. Гэта вельмі цікавы, тонкі, вопытны, надзвычай эмацыйны музыкант. І ёсць ідэя зрабіць гастрольны тур па Расіі ў гэтым складзе: Пятроў - Гіндзін - Берын.

 - Вы заўсёды падкрэсліваеце сваё асаблівае стаўленне да французскай музыкі. Для гэтага канцэрта вы таксама абралі французскую праграму: "Карнавал жывёл" Сен-Санса, Канцэрт Пуленка. Чым выклікана гэтая любоў?

 - Асаблівае стаўленне ў мяне не толькі да французскай музыкі, але і, шырэй, да французскай культуры. І справа не толькі ў тым, што руская і французская культуры заўсёды былі шчыльна звязаны паміж сабой. Для мяне асабіста французская мова амаль родная: я размаўляю на ёй з дзяцінства.

- Але ж вы ведаеце шмат моў, вас нават называюць паліглотам.

- Ну, паліглот - гэта надта гучна сказана, хаця, сапраўды, я добра ведаю французскую, нямецкую, англійскую мовы - тыя, што больш распаўсюджаны ў свеце. Яшчэ некалькі моў ведаю на мінімальным, ужыткова-побытавым, узроўні: у межах "Як прайсці?", "Колькі каштуе?" і г. д. А з французскай мовай- свае стасункі. У нашым доме была вялізная бібліятэка з мноствам французскіх кніг. Мае маці і бабуля цудоўна гаварылі па-французску. Ад іх я і навучыўся. Мова і музыка таксама ўзаемазвязаны. Французская музыка вабіць сваёй разнастайнасцю, эмацыйнасцю, нават пачуццёвасцю. Яна ўся - гэткі нацыянальны мастацкі "флёр", і выказваць гэта ў выкананні- вялікае задавальненне.

 - Наколькі мне вядома, адно з вядучых месцаў у вашых мастацкіх густах заўсёды займала і займае менавіта прыгажосць. За гэта вы, мабыць, любіце і вырабы з гжэлі? Ці, можа, яны "гучаць" для вас неяк асабліва? Гэткі выключна рускі "дзінь"?

 - А вось гэта не зусім верна. Так, гжэль - гэта руская культура, але прыйшла яна, як ні дзіўна, з Галандыі. Дый сама назва "Гжэль" - гэта "сапсаванае" вымаўленне назвы "Джэльта". Тая асаблівая гліна, з якой усё і вырабляецца, была завезена да нас яшчэ пры Пятры І.Мне падабаюцца гэтыя вырабы, я доўга і ўпарта іх збіраў. Ездзіў, глядзеў, выпісваў, абменьваў - паводзіў сябе, як сапраўдны калекцыянер. Але на пэўным этапе стала зразумела, што новыя калекцыйныя прадметы проста няма куды падзець. Бо імі застаўлены ўсе сцены, усе палічкі, нават частка падлогі. Хаця, як нядаўна высветлілася, не ўсе мае "экспанаты" - сапраўдныя. Неяк быў у мяне ў гасцях спецыяліст, паглядзеў калекцыю, дый кажа: "Вось гэта - не сапраўдная гжэль, і гэта- таксама..."

- Падробка?

- Ну, скажам мякчэй: "працяг традыцый". Пазбавіцца ўсяго гэтага не магу: надта ўжо мне падабаецца, але ж і пашыраць калекцыю больш немагчыма. Так што калекцыянаванне гжэлі, я сказаў бы, у мінулым. Хаця, калі раптам убачу штосьці неверагодна прыгожае, не пазбегну, мабыць, спакусы прыдбаць.

- У свой час вы пабудавалі сабе загарадны дом, дзе цяпер і ж ы в я ц е . Што вамі рухае: любоў да экалогіі ці - да цішыні?

- Ведаеце, любімым героем для мяне заўсёды быў і застаецца ніхто іншы, як... Ілля Ілліч Абломаў.

- ?!

 - Цудоўны, добры, незласлівы чалавек - у адрозненне ад дзейнага, але даволі "гадлівага" Штольца, які нікому не даваў жыць спакойна. Абломаў жа - нікога не чапаў, нікому не перашкаджаў, жыў сваім незалежным жыццём, хацеў найперш спакою. Я таксама лічу гэта лепшым адпачынкам. І калі ў мяне, здараецца, запытваюць, намякаючы на гжэль: "Што вы калекцыянуеце?", я адказваю так: "Збіраю... абсалютны спакой". Той стан, калі я магу сесці ў крэсла, пагладзіць свайго ката, выйсці на балкон, палюбавацца, як навокал прыгожа. Потым узняцца на другі паверх, паглядзець у іншы бок, зноў зачаравацца прыгажосцю. У мяне звычайны драўляны рускі дом - нічога агульнага з маёнткамі "новых рускіх".

- І там, як шмат пісалі, усё зроблена сваімі рукамі...

- Ну, гэта таксама ўжо ў мінулым. Журналісты, вядома, звычайна перабольшваюць, што самастойна зроблена абсалютна ўсё. Тым не менш, сам і цяслярыў, і пілаваў, і трубы рэзаў, і зваркай займаўся. Але цяпер - іншы час. Ёсць маса спецыялістаў (я маю на ўвазе сапраўдных прафесіяналаў, а не "халтуршчыкаў"), якім прасцей заплаціць, чым займацца ўсім самому. Бо, у рэшце рэшт, кожны павінен, у першую чаргу, займацца сваёй справай. Але, пэўна, гэты дом так падабаецца мне яшчэ і таму, што я яго не купляў гатовым, а зрабіў сам. Таму і стаўленне адпаведнае: я нікуды адсюль не з'еду.

- І не трэба! Толькі да нас, паводле традыцыі, прыязджайце часцей!

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"