Шапэніяна і спасылкі

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

Па запыце “Шапэн” інтэрнет-пошукавік дае мільён спасылак. Мусіць, твораў мастацтва, прысвечаных славутаму кампазітару, крыху меней. Цяпер з часткай плакатнай спадчыны Шапэніяны маюць магчымасць пазнаёміцца мінчане.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь распачаў урачыстыя мерапрыемствы з нагоды святкавання 200годдзя з дня нараджэння выдатнага польскага кампазітара Фрэдэрыка Шапэна адкрыццём выстаўкі "Шапэнаўскі фестываль у плакаце". Выстаўка арганізавана са збору галерэі Кшыштафа Дыда (Кракаў) пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску. Сярод прадстаўленых на выстаўцы плакатаў - а іх каля 70 - выразна вылучаюцца групы, звязаныя з канкрэтнымі музычнымі падзеямі. Найбольш важная з іх - плакаты, прысвечаныя Міжнароднаму Шапэнаўскаму конкурсу, які кожныя пяць гадоў, пачынаючы з 1927-га, праходзіць у Варшаве. Іншая частка плакатаў - гэта юбілейныя выданні, конкурсныя прагляды, шапэнаўскія ўрачыстасці, выстаўкі, фільмы, канцэрты, а таксама мерапрыемствы, арганізаваныя Таварыствам імя Фрэдэрыка Шапэна ў Варшаве.