Экстрэмальнае пап’е-машэ

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

Творы супрацоўніка Уздзенскага раённага дома дзіцячай творчасці Ірыны Паклонскай зацікавяць нават дылетанта. Рамантычныя анёлы, казачныя Дзед Мароз і Снягурка, высакародная Беларусачка, халодная Снежная каралева... Створаныя майстрам вобразы настолькі выразныя, што падаецца: вось-вось загавораць. Аднак і без слоў зразумела, якая карпатлівая праца хаваецца за гэтай знешняй лёгкасцю пап’е-машэ.

 

Існуе, як вядома, некалькі тэхналогій гэтага "папяровага" мастацтва, аднак усе яны прадугледжваюць працаёмкую аперацыю па наклейванні папяровых шматкоў на загадзя падрыхтаваны злепак. Паводле класічных канонаў, наносіцца аж да сотні слаёў. І толькі потым пачынаецца шліфоўка, грунтоўка, шпаклёўка, расфарбоўка...

Ірына Паклонская не толькі авалодала гэтай прамудрасцю, але і ўдасканаліла тэхналогію, прыдумаласвой метад апрацоўкі: замест клею пачала выкарыстоўваць... малако. Разглядваеш яе кампазіцыю "Зімоўка звяроў" і не здагадваешся, што гурбы снегу - мантажная пена, а страха пакрыта... молатым рысам. Іншым разам творчы працэс набывае "экстрэмальны" характар: калі аўтарка рыхтавала па замове твор на супрацьпажарную тэму, дык вынесла яго на вуліцу, падпаліла, патушыла, потым пакрыла лакам. Цяпер гэты домік упрыгожвае кабінет міністра МНС... Работы Ірыны Паклонскай дэманструюцца на выстаўках, упрыгожваюць пакоі сяброў і знаёмых, нязменна нагадваюць аматарам прыгожага, што мастацтва нараджаецца хоць і ў салодкіх, але пакутах.

Віктар КІСЛЫ

Узда