Усеабдымныя “Дыялогі…”

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

Учора ў Мінску завяршыўся ІІ Міжнародны фестываль акадэмічнай музыкі “Дыялогі: маладыя кампазітары і выканаўцы”. У ім прынялі ўдзел музычныя калектывы і салісты з Азербайджана, Беларусі, Германіі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны.

 

Акрамя канцэртаў сучаснай музыкі, адбыліся творчыя сустрэчы з музыкантамі і кампазітарамі. Годнае месца на фестывалі занялі найноўшыя беларускія творы. Прагучалі не толькі разнастайныя камерныя опусы, у тым ліку створаныя студэнтамі нашай Акадэміі музыкі, але і буйныя партытуры. Іх выканаў сімфанічны аркестр Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, якім у той вечар дырыжыраваў Аляксандр Сасноўскі. Першы такі фестываль прайшоў у 2007 годзе. І шмат у чым аднавіў перапыненую традыцыю Міжнародных фестываляў сучаснай камернай музыкі, якія ў 90-я гады ладзіліся Асацыяцыяй сучаснай музыкі пры Беларускім саюзе кампазітараў. Ужо тады стала зразумела актуальнасць падобных сустрэч, накіраваных не толькі на развіццё нацыянальнага мастацтва, але і на замацаванне іміджа Беларусі як краіны з высокім узроўнем найноўшых кампазітарскіх тэхналогій і акадэмічнага музычнага выканальніцтва.

- Фестываль невыпадкова называецца "Дыялогі", - расказаў адзін з яго ініцыятараў, малады беларускі кампазітар Канстанцін Яськоў. - Гэтае слова трактуецца шматгранна. Маюцца на ўвазе не толькі камунікатыўныя, размоўныя дыялогі, але і ўласна музычныя: кампазітараў паміж сабой, з выканаўцамі і слухачамі. У гэтай шматмернай музычнай прасторы ўзнікае і дыялог культур, і сутыкненне музычных стыляў. Мы не абмяжоўваем удзельнікаў у выбары кірункаў акадэмічнай музыкі, таму атрымліваецца даволі размаітая карціна сучаснага развіцця мастацтва. Думаю, надалей далучым таксама джаз, электраакустычныя праекты.

Да таго ж, нашы дыялогі накіраваны на музычныя "перамовы" паміж рознымі нацыянальнымі школамі, і гэта таксама вельмі важна, бо не толькі замацоўвае сувязі паміж імі, але і яшчэ больш ярка выяўляе асаблівасці кожнай з іх. Сапраўды, многія заўважылі, наколькі адрозніваліся, да прыкладу, канцэрты салістаў ансамбля "Nostri temporis" з Украіны і ансамбля сучаснай музыкі "Horsinn" з Германіі: у адным так і буяла славянская эмацыйнасць, у другім- нават для недасведчаных станавіўся відавочным прыярытэт канструктыўных ідэй. Іншымі словамі, у адных творах нават роўную, закатаную ў асфальт "дарогу" прабівала "непрадугледжаная" "трава", у другім- жывыя зялёныя "газончыкі" былі падстрыжаны так бездакорна, што нагадвалі камп'ютэрную анімацыю. Дзякуючы таму, што ўваход на ўсе канцэрты быў вольным, публіка збіралася самая дэмакратычная: ад дзяцей да пенсіянераў. І гэта надавала фестывалю яшчэ адзін "дыялагічны" аспект: зацікаўленыя абмеркаванні адбываліся не толькі паміж прафесіяналамі і аматарамі, але і людзьмі розных пакаленняў.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"