Балет на “батык-самалёце”

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

Адным з самых адметных вечароў на пачатку “Беларускай музычнай восені” стаўся канцэрт фартэпіяннага дуэта Сіван Сільвер і Гіля Гарбурга. Яго па праве можна было назваць сумесным праектам: славутая ізраільская сямейная пара (абое — лаўрэаты міжнародных конкурсаў, выкладаюць у Германіі і гастралююць па ўсім свеце) да выступлення ў сталічнай філармоніі запрасіла “ў кампанію” нашых віяланчэлістаў Аляксея Афанасьева, Дзяніса Склярова і валтарніста Ігара Галінскага.

 

/i/content/pi/cult/232/3189/8-1.jpgМузыка Шумана выконвалася пералічаным інструментальным квінтэтам. А творы Мендэльсона, Равеля і, на біс, уласныя, гучалі быццам tet-a-tet. Асалодай было ўжо назіраць за ігрой піяністаў. Не толькі за прыгожымі маладымі тварамі і зграбнымі станамі больш стрыманага Гіля і імпульсіўнай Сіван, але і за папраўдзе балетнай пластыкай іх рук. Тыя то ўзляталі ў гранд-батмане, то спляталіся ў падэ-дэ, то луналі, бы пры рапідных, запаволеных, здымках, то мільгацелі матылькамі. Балетнай здавалася і сама манера ігры на інструменце. Госці не "дзяўблі" клавіятуру, каб скалануць раяль да самых нетраў, - гукі нібы самі зляталі з кончыкаў пальцаў, дый клавішы літаральна імкнуліся ўзляцець следам за рукамі. Можа, менавіта ў гэтым хавалася таямніца неверагодна лёгкага (не блытаць з палегчаным), палётнага гуку? Нават ад магутных кульмінацый патыхала не халоднай веліччу мармуру, а цёплым дыханнем утульнага каміна, на які глядзіш у абдымках пледа. Імклівыя ж пасажы, што звычайна "ўколваюць" маланкай, мякка зляталі шаўковай хустачкай - не павольна, а менавіта лёгка, натуральна, амаль незаўважна. Заплюшчыўшы вочы, немагчыма было адрозніць, дзе іграе адзін выканаўца, дзе другі, а дзе яны - разам: то на двух раялях, то на адным у чатыры рукі. Утваралася непадзельнае празрыста-карункавае палатно, што ўзнімалася ў паветра не дываном-самалётам (дыван надта тоўсты) і нават не габеленам (той надта цяжкі), а гэткім батыкам. Напярэдадні ж у Акадэміі музыкі адбыўся сапраўдны дзень ізраільска-беларускага сяброўства. Госці правялі зацікаўленую размову з прафесурай і студэнтамі, творчая сустрэча перайшла ў лекцыю пра музычную культуру Ізраіля, прачытаную знакамітым музычна-тэатральным крытыкам Ёсі Таворам. Ён падарыў БДАМ некалькі аўдыёі відэадыскаў з опернымі і сімфанічнымі запісамі. А ў наступныя дні выступіў з лекцыямі ў іншых навучальных установах, знайшоўшы для кожнай аўдыторыі адпаведную тэму.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"