Майстар-класы па акордабудаванні

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

Што ні кажыце, а восень заўсёды багатая на музычныя падзеі. Тут табе і канцэрты, і міжнародныя фестывалі з адпаведнымі восеньскімі назвамі ды залатымі імёнамі. А яшчэ — Рэспубліканскі конкурс маладых эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд” у Жодзіне, традыцыйна прымеркаваны да Дня машынабудаўніка: удзельнікам — прызы, а жодзінцам — дадатковае святочнае відовішча. Бо, акрамя двухдзённага панавання на сцэне Палаца культуры “БелАЗа”, песенны турнір выліваецца на плошчу, дзе выступаюць пераможцы. І хацямайстар-класы на гэтым спаборніцтве не прадугледжаны, конкурс даўно ўяўляе з сябе своеасаблівы майстар-клас — ужо па самой сваёй арганізацыі.

 

/i/content/pi/cult/232/3188/8-2.jpgЯк цалкам звыклыя рэчы ўспрымаюцца на ім і відэапрэзентацыі ўдзельнікаў, і штораз новае тэатралізаванае лёсаванне, і кампакт-дыскі з запісамі конкурсных выступленняў, якія з'яўляюцца ўжо на наступны дзень, акурат да цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў, і зорныя вядучыя (сёлета імі былі ўладальніца "Срэбранага грамафона" Мілана і Дзядзька Ваня, адзначаны Прызам Алы Пугачовай на леташняй "Новай хвалі" ў Юрмале), і конкурсны гімн, калісьці замоўлены бацьку і сыну Карызнам. Да ўзроўню сапраўднага "майстар-класа" "дарос" і сам конкурс. За 8 гадоў праз яго прайшлі 257 маладых спевакоў з 55-ці населеных пунктаў нашай краіны.

Сёлета ж удзельнікі былі настолькі моцнымі, што запланаванай колькасці прызоў не хапіла, каб адзначыць усіх, хто набраў вялікую колькасць балаў. Тым больш, разам спаборнічалі не толькі салісты, але і вакальныя ансамблі, якія, вядома, трэба было падтрымаць. Таму, на жаль, без узнагарод засталіся добра падрыхтаваныя выхаванцы Мінскага каледжа мастацтваў: Яўген Доліч з Чэрвеня, які надзвычай тонка, кранальна перадаў глыбіню і прыгажосць песні "Мама" Валерыя Галаўко, і Аляксандр Саванец са Слоніма з моцным, яркім тэнарам. Скажаце, трэба прызоў паболей ды патанней? Не, тут "БелАЗ", што называецца, "трымае марку". Сучасным узнагародам пазайздросціў нават старшыня журы Анатоль Ярмоленка, заўважыўшы са сцэны: "Мы ў свой час атрымлівалі хіба папяровыя дыпломы..." Ні ў кога не выклікалі сумневу імёны "абсалютных", можна сказаць, пераможцаў, што здараецца нячаста. Дуэт Аляксандры Захарык і Яўгена Герасімовіча (Мінск) заваяваў не толькі Гран-пры, але і Прыз глядацкіх сімпатый. Лепшай песняй конкурсу была названа іх кампазіцыя "У гэтым горадзе", напісаная па просьбе выканаўцаў Віктарам Рудэнкам. Дуэт уразіў амаль недасягальным пачуццём партнёрства, нетрывіяльнасцю і самога рэпертуару, і манеры яго выканання: нязмушанай, з блюзава-джазавымі адценнямі ды бездакорным густам, вельмі сцэнічнай, нават крыху тэатралізаванай.

 Узрадаваў і далейшы творчы рост удзельнікаў ансамбля. Калісьці на гэтым конкурсеА.Захарык атрымала Першую прэмію як салістка, цяпер прыехала - у складзе дуэта. А разам з Я.Герасімовічам яны ўдзельнічаюць у групе "Вецер у галаве", вядомай па "Еўрафэсце", дзе атрымалі дыплом фіналістаў. Але ж які "майстар-клас" атрымалі іншыя ансамблі, назіраючы "зорныя" выступленні мінчан! Вакальнае трыо "Арамагія" з расійскіх Новасакольнікаў падзяліла Трэцюю прэмію з Аляксандрай Стацкевіч з Гродна, якая ўразіла песняй Чэслава Нэмэна. Наваполацкая група "Рэальны час" атрымала прыз "За любоў да роднай песні". Выступленне Мікіты Касцюкевіча з Барысава (Першая прэмія) скарыла шчырасцю, усмешлівасцю, дзявочай падтанцоўкай. На другое ж месца выйшла віцябчанка Настасся Валадкевіч з папраўдзе баладным выкананнем песні "А ў полі вярба" ў апрацоўцы Ігара Паліводы. Яе зямлячка Ганна Кірылава была адзначана спецыяльным прызам - гэтак жа, як і Алена Вырвіч (Магілёў), Сяргей Балаболаў (Барысаў).

 На здымку: дуэт Аляксандры Захарык і Яўгена Герасімовіча (Гран-пры).

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"